ЗІГФРЫ́ДАН Іван (Зігфрыд Іаган),

бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ Альберт Пятровіч (н. 30.9.1928, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1958). Працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (да 1988; з 1976 кіраўнік арх. майстэрні). Асн. работы: генплан і праект дэталёвай планіроўкі г. Чавусы (1963—67), праекты планіроўкі і забудовы вёсак Леніна Горацкага (1965—75), Сяменча Жыткавіцкага (1970—78), Сноў Нясвіжскага (1970—80), Расна Камянецкага (1975—80) р-наў; комплексны праект в. Усакіна Клічаўскага і пас. Жамчужны Баранавіцкага (абодва 1979—85) р-наў; мемарыял Вязень-Сялец у Клічаўскім р-не (1985). Аўтар тэарэт. работ па пытаннях архітэктуры і капітальнага буд-ва на вёсцы.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ Леанід Васілевіч (н. 5.4. 1939, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1969). З 1969 працуе ў Баранавіцкім арх.-канструктарскім аддзеле ін-та «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы: у г. Баранавічы — кінатэатр «Кастрычнік» (1970), Дом Саветаў (1973), шматкватэрныя жылыя дамы (1977, 1982, 1989), Дом піянераў, будынак упраўлення КДБ (абодва 1984), царква Аляксандра Неўскага (1996); школа ў пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на (1985), гасцініца Брэсцкага аблвыканкома (1986), цэрквы прападобнага Серафіма Сароўскага ў г. Белаазерск Бярозаўскага р-на, у в. Святая Воля Івацэвіцкага р-на (абедзве 1992) і інш.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНА́ЛЬДЗІ (Rinaldi) Антоніо (каля 1710—10.4.1794),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Л.Ванвітэлі. З 1751 працаваў у Расіі, у 1756—90 прыдворны архітэктар. Збудаванні Р. адлюстроўвалі пераход ад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластычнага багацця дэталей архітэктуры барока (палацы Пятра III, 1758—62, Кітайскі, 1762—74, у г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.), мудрагелістай дэкаратыўнасці ракако (інтэр’еры Кітайскага палаца) да характэрных класіцызму стрыманага вонкавага аблічча будынкаў, прастаты чляненняў і выразнасці аб’ёмаў (палацы Гатчынскага палацава-паркавага ансамбля, Мармуровы ў Пецярбургу, 1768—85). Работы Р. адметныя высокім майстэрствам унутр. аддзелкі, увядзеннем у арх. кампазіцыю жывапісных і скульпт. пано.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЙНАЎ Мікаэль Алескеравіч (н. 19.4.1905, Баку),

азербайджанскі архітэктар, гісторык архітэктуры. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. архітэктар СССР (1970). Вучыўся ў Азерб. політэхн. ін-це (1922—29), выкладаў у ім у 1930—70. З 1948 дырэктар Ін-та архітэктуры і мастацтва Азербайджана. Да 1946 працаваў сумесна з С.Дадашавым. Асн. работы ў Баку: комплекс будынкаў АН (1951—66), Рэсп. публічная б-ка імя М.​Ахундава (1960), станцыя метрапалітэна імя Н.​Нарыманава (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Памятники азербайджанского зодчества. М., 1951;

История архитектуры Азербайджана. М., 1963 (разам з Л.​Братаніцкім, А.​Саламзадэ).

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ЎСКІ Міхаіл Іосіфавіч (1763 — пасля 1825 ?),

бел. архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1804 працаваў у Мінску, у 1817—25 Мінскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў урадавай установы, павятовага і ніжняга земскага судоў у г. Чэрвень (1803—06), устаноў гар. праўлення ў гарадах Мазыр (1804), Вілейка, Бабруйск, Слуцк, Пінск (усе 1806), Барысаў (1817), дома гараднічага ў Пінску (1806), моста цераз р. Свіслач у Мінску (1812), дваранскага дома ў Бабруйску (1814) і інш. Сярод інш. работ: буд-ва духоўнай семінарыі (з А.​Мельнікавым) і дома К.​Шэмета па вул. Францысканскай (1803), праект частковай рэканструкцыі Мінскай Петрапаўлаўскай царквы (1824) у Мінску.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІНА Вольга Барысаўна (н. 23.12.1922, Масква),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Дачка Б.І.Ладыгіна. Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1949). Працуе ў ін-це «Белдзяржпраект» (у 1969—75 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Водна-спартыўны камбінат, забудова раёна і праекты жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Харужай (1964—90), жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962), жылыя дамы, грамадскія і навуч. ўстановы па вуліцах Варвашэні, Казлова, М.​Багдановіча, Кульман, гал. корпус Бел. тэхнал. ун-та (1956, у сааўт.), корпус Ін-та гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса (1982; у сааўт.) Прэзідыума Нац. АН Беларусі, адм.-грамадскі комплекс на праспекце Машэрава (1977, у сааўт.), гандл.-грамадскі цэнтр па вул. Куйбышава (1997, у сааўт.), а таксама вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955); у Магілёве — мост цераз Дняпро (1955) і Палац культуры хімікаў (1980, у сааўт.); у Віцебску — мост цераз Зах. Дзвіну (1955); комплекс абл. клінічнай бальніцы і НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў пас. Лясны Мінскага р-на (1960—67).

Літ.:

Потапов Ю.Ф. Признание // Стр-во и архитектура Белоруссии 1983. № 1.

С.​А.​Сергачоў.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГА́НСКАЯ Галіна Аляксандраўна (н. 10.5.1934, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла БПІ (1958). З 1958 у БелНДІдзіпрасельбудзе (з 1970 кіраўнік майстэрні тыпавога і эксперым. праектавання). Сярод работ: праект планіроўкі і забудовы цэнтра (1967—73; у сааўт.), Дом культуры (1967), гасцініца (1970), жылыя дамы (1973), пед. вучылішча (1980) у в. Леніна Горацкага р-на; эксперым. дзіцячыя яслі-сад (1970, у сааўт.) у пасёлках Малеч Бярозаўскага і Замасточча Бярэзінскага р-наў; гандл. Цэнтры (1971) у в. Расна Камянецкага і Верцялішкі Гродзенскага р-наў; клуб у в. Баяры Мядзельскага р-на (1972); конна-спарт. школа ў в. Ратамка Мінскага р-на (1978—80, у сааўт.) і інш.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛА́НАЎ Міхаіл Іванавіч (12.2.1914, с. Іванаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 23.1.1990),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969).Вучыўся ў Харкаўскім інж.-буд. ін-це (1936—41). З 1944 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы: рэканструкцыя будынка Дзярж. рус. драм. тэатра Беларусі (1950), арх.-буд. тэхнікум (1954), Дзярж. маст. музей Беларусі, жылыя дамы па вул. К.​Маркса (1954), на рагу вуліц Захарава і Першамайскай (1958), будынкі Бел. аграрнага тэхн. ун-та (1960, 1979), мед. ін-та (1966), корпус ф-та радыёфізікі БДУ (1966, у сааўт.) у Мінску; гал. корпус турысцкай базы (1968) і комплекс дома адпачынку «Сосны» (1975) на воз. Нарач (Мядзельскі р-н).

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДШТЭ́ЙН Элкано Маркавіч (н. 28.3.1923, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1950). Працаваў у «Белдзяржпраекце» (1952—90). З 1990 узначальвае персанальныя творчыя майстэрні. Асн. работы ў Мінску: комплекс жылых дамоў па вул. Чырвонай (1952—53, у сааўт.), радыётэхнічны каледж (1956), Фундаментальная б-ка АН Беларусі (1967), Дом настаўніка (1976), комплексы вучылішча кінамеханікаў і мед. ін-та на праспекце газ. «Праўда» (абодва 1979, у сааўт.); а таксама эксперым. школы ў Салігорску (1966), Брэсце (1969), Мінску (1976); серыя тыпавых школ і дашкольных устаноў (1960—80); краязнаўчы музей у Касцюковічах, школа мастацтваў у Нароўлі (абодва 1989, у сааўт.) і інш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)