МЯСЦО́ВЫ КЛІ́МАТ, мезаклімат,
клімат параўнальна невял. і дастаткова аднароднай тэрыторыі, якую можна здавальняюча характарызаваць звесткамі адной метэастанцыі (напр., клімат асобнага ляснога масіву, марскога ўзбярэжжа, невял. горада). Асаблівасці М.к. выяўляюцца звычайна ў прыземным слоі паветра, да выш. некалькіх соцень метраў. Да з’яў М.к. адносяцца мясцовыя вятры.
т. 11, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕТА́ЛЫ,
простыя рэчывы, што не маюць характэрных для металаў уласцівасцей. Для Н. характэрна кавалентная сувязь, нізкія цепла- і электраправоднасць. Многія з іх у звычайных умовах газападобныя. Да Н. адносяцца: вадарод, бор, вуглярод, крэмній, азот, фосфар, мыш’як, кісларод, сера, селен, тэлур, галагены і інертныя газы.
т. 11, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),
складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГЕ́НЫ,
рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.
А.Ф.Сарока.
т. 1, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 103 да 4 103 кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.
У.Я.Бардон.
т. 9, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.
В.П.Рагойша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРСАВА́НАЯ ТКАНІ́НА,
тканіна з ворсам (начосам). Ворс утвараюць канцы валокнаў, якія выцягваюцца на паверхню тканіны пры варсаванні. Варсаванне павышае цеплаахоўныя ўласцівасці і зносаўстойлівасць тканін. Найб. пашыраныя баваўняныя (мультан, фланель, байка, замша) і шарсцяныя (байка, бобрык). Да варсаваных тканін адносяцца многія віды коўдраў і некаторыя віды сукнаў і драпаў (велюр).
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРА́ЗЫ,
ферменты, што выклікаюць унутрымалекулярныя перамяшчэнні розных груп арганічных злучэнняў, у т. л. рэакцыі ўзаемнага ператварэння ізамераў (напр., стэрэаізамераў). Вядома больш за 50 відаў. Да І. адносяцца: ліязы, мутазы, рацымазы, цыс-трансізамеразы, унутрымалекулярныя аксідарэдуктазы і трансферазы і інш. І. вельмі пашыраны ў прыродзе, асабліва ў мікраарганізмаў. Адрозніваюцца высокай спецыфічнасцю.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКА-ШТАМПО́ВАЧНЫ АЎТАМА́Т,
кавальская машына з крывашыпна-паўзунковым механізмам, на якой штампоўкай атрымліваюць вырабы з дроту, пруткоў, стужак, паласавога металу і інш. Да іх адносяцца халодна-, гарачавысадачныя і абрубныя прэсы, профіле- і рэзьбанакатныя, лісташтамповачныя, дрота-цвіковыя, спружынанавіўныя, ланцугавязальныя, гібачныя і інш. аўтаматы. Выкарыстоўваюцца звычайна ў масавай вытв-сці.
т. 7, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЦІ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ, канвенцыйныя хваробы (ад лац. conventio дагавор, пагадненне),
інфекцыйныя хваробы, што характарызуюцца вял. заразлівасцю і высокай смяротнасцю і ў адносінах да якіх выкарыстоўваюцца дзеянні Міжнар. каранціну ці міжнар. сан. канвенцый. Да К.х. адносяцца: воспа натуральная, жоўтая ліхаманка, халера, чума (да 1979). Гл. таксама Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
т. 8, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)