ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

ступень насычанасці вадой горных парод у прыродных умовах. У глебах і горных пародах зоны аэрацыі вагаецца на працягу года ў шырокіх межах. Залежыць ад т-ры, ціску, вільготнасці паветра, колькасці атм. ападкаў. Ніжэй люстра грунтавых вод вільготнасць горных парод амаль не мяняецца і дасягае макс. магчымых значэнняў. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі адносна масы абсалютна сухой пароды. Адрозніваюць вільготнасць горных парод абсалютную, вагавую, натуральную, аб’ёмную, адносную, поўную, праведзеную. У практыцы найчасцей выкарыстоўваецца вагавая вільготнасць горных парод — адносіны масы вады да масы абсалютна сухой пароды.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААДДА́ЧА горных парод,

здольнасць насычаных да поўнай вільгацяёмістасці горных парод аддаваць частку вады свабодным сцяканнем пад уздзеяннем сілы цяжару. Залежыць ад грануламетрычнага складу і порыстасці парод, ад вязкасці вады. Характарызуецца розніцай паміж поўнай і макс. малекулярнай вільгацяёмістасцю.

Колькасць вады, якая можа свабодна цячы ў злучаных пустотах у 1 м³ пароды, наз. ўдзельнай водааддачай. Вызначаюць каэфіцыент водааддачы, які вырашаецца ў долях адзінкі або працэнтах.

Сярэднія значэнні каэфіцыента зменьваюцца ад водапранікальных парод (супеску 0,1—0,15, буйназярністага пяску 0,25—0,35) да адносна воданепранікальных (пясчаніку 0,02—0,03, трэшчынаватага вапняку 0,008—0,1).

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНУ́ЛІ ЎРАЎНЕ́ННЕ ў гідрааэрамеханіцы, ураўненне, што звязвае скорасць і ціск у патоку несціскальнай ідэальнай вадкасці пры ўстойлівым цячэнні. Выражае энергіі захавання закон для адзінкі аб’ёму рухомай вадкасці. Мае выгляд: ρv2 2 + p + ρ gh = const , дзе v — скорасць вадкасці са шчыльнасцю ρ, p — ціск у ёй на вышыні h ад нулявога ўзроўню, g — паскарэнне свабоднага падзення. Выведзена Д.​Бернулі ў 1738. Абагульненае Бернулі ўраўненне выкарыстоўваецца ў гідраўліцы пры разліках цячэння вадкасцяў і газаў у трубаправодах; у машынабудаванні — пры разліках кампрэсараў, турбін і інш.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТАЗАМІ́Н, хандразамін, 2-аміна-2-дэзоксігалактоза,

амінацукар, вытворнае галактозы. Вылучаны з храстковай тканкі. Моцная шчолач, добра растваральны ў вадзе, аптычна актыўны. У свабодным стане не сустракаецца. Трапляецца ў прыродзе амаль выключна ў выглядзе N-ацэтыльных вытворных, якія ўваходзяць у састаў глікапратэідаў, хондраітынсульфатаў, групавых элементаў крыві, гангліязідаў, глікаліпідаў мікабактэрый і інш.: N-ацэтылгалактазамін уваходзіць у састаў хандраітыну ў якасці адзінкі, якая паўтараецца; N-ацэтылгалактазамінсульфат — у састаў хандраітынсерных к-т, дэрматасульфату і кератасульфату. Дыцукрыдныя звёны гэтых вытворных галактазамінаў — структурны элемент мукоідаў чалавека і жывёлы — уваходзяць у састаў спецыфічнага поліцукрыду пнеўмакока.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМО́ВА,

мова, сродкамі якой праводзіцца апісанне структурных якасцей іншай (звычайна фармалізаванай) мовы, што з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведнай метатэорыі. Паняцце «М.» прыйшло з матэм. логікі, дзе яно ўжывалася ў сэнсе «фармалізаваная мова», зручная для дакладнага апісання некат. прадметных галін з улікам сістэмных суадносін паміж навук. тэрмінамі. Пры дапамозе М. апісваецца мова як аб’ект даследавання. Адзінкі М. могуць супадаць з адзінкамі мовы-аб’екта. Напр., бел. слова «маўленне» ў значэнні «вусны варыянт мовы» адносіцца да М. і з’яўляецца лінгвістычным тэрмінам, у гутарковым выкарыстанні адносіцца да мовы-аб’екта.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),

расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).

Літ.:

Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ШНАЯ РАЦЬ,

частка войска (апалчэнне з сялян), якое збіралася ў рас. дзяржаве ў 15—17 ст. Назва ад адзінкі пазямельнага абкладання падаткам — сахі. П.р. была пешай і «коневай» (з падводамі). Пешая выконвала ролю пяхоты, але гал. чынам прызначалася для ваен.-інж. работ, «коневая» — для вайск. перавозак і ў якасці артыл. абозу. П.р. збіралася паводле ўказа цара. У час Полацкага паходу Івана Грознага (1563) пры баявым складзе войска ў 43 тыс. чал. П.р. налічвала больш за 80 тыс. чал. У 17 ст. пасошныя людзі сталі называцца датачнымі людзьмі.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.

Літ.:

Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;

Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

валю́та

(іт. valuta = кошт, цана)

1) грашовая сістэма дадзенай краіны, а таксама грашовыя адзінкі гэтай сістэмы;

2) грашовыя знакі замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)