ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ (ад лац inter паміж + ferio б’ю, паражаю) у біялогіі, тып храмасомнага ўзаемадзеяння, пры якім красінговер, што ўтвараецца ў адным участку храмасомы, перашкаджае ўзнікненню інш. красінговераў ва ўчастках, размешчаных паблізу. У большасці выпадкаў І. перашкаджае ці амаль цалкам выключае красінговер (станоўчая І.). Ступень І. памяншаецца па меры аддалення ад месца красінговера, які ўжо адбыўся; выражаецца ў долях адзінкі ці працэнтах. І. наз. таксама ўласцівасць аднаго віруса прыгнечваць рэпрадукцыю другога пры змяшанай інфекцыі. Выкарыстоўваюць для выяўлення, ідэнтыфікацыі і цітравання патагенных вірусаў.
т. 7, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)