ГАНДО́ЛА (італьян. gondola),

1) аднавёславая пласкадонная лодка з узнятымі фігурнымі носам і кармой. Пашырана (з 11 ст.) у Венецыі. Даўж. каля 10 м, шыр. 1,3 м. Звычайна мае каюту або навес для пасажыраў.

2) Кабіна аэрастата для размяшчэння людзей, сілавых установак, абсталявання і баласту. Гандола стратастата — герметычная кабіна, дырыжабля — убудаванае або падвеснае на стропах памяшканне.

3) Канструкцыя абцякальнай формы некат. тыпаў суднаў, вынесеная за межы корпуса і прызначаная для размяшчэння гідралакацыйнай апаратуры, механізмаў вінтарулявой калонкі, грабных рухавікоў.

4) Элемент канструкцыі самалёта або верталёта, які мае абцякальную форму і прызначаны для размяшчэння рухавіка, шасі і інш. 5) Самаразгрузны чыгуначны паўвагон з плоскай гарыз. падлогай, у якой зроблены люкі.

Венецыянская гандола для плавання па каналах.
Да арт. Гандола. Адзін з першых аэрастатаў (1783, Францыя): 1 — шар; 2 — канаты; 3 — гандола з двума чалавекамі на борце.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),

вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,

працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.

Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.​Ган і Ф.​Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.​М.​Флёравым і К.​А.​Петржакам (1940).

А.​В.​Берастаў.

Паслядоўныя стадыі дзялення ядра.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.

А.​Г.​Калечыц.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),

вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.

Г.​Г.​Шанько.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́НІЯ,

традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.

Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гліцынія кітайская.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬФ (англ. golf),

спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.

Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕРЭЛІ́НЫ,

роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЕ́ННЕ,

мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),

металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).

К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).

Літ.:

Специальные способы литья: Справ. М., 1991.

Л.​Р.​Дудзецкая.

Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)