гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе. Хадкевіч. Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб. Баранавых. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая. Колас.

2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка. Хадкевіч. Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця. Сабаленка. // перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі. Колас. Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз... Лойка.

3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада. Брыль.

4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны. // Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.

5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.

6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі. Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку. Шчарбатаў.

•••

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збор, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. збіраць — сабраць.

2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. Шамякін. // Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору. Якімовіч. // Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор. / Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.

3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.

4. Дзеянне паводле дзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору. // Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.

5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы. Шамякін.

6. звычайна мн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому. Нядзведскі. Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка. Паўлаў. // Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.

7. толькі мн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду. Чарнышэвіч. — Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы. Гамолка.

•••

Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.

Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).

У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́ць, е́ю, ‑е́еш, ‑е́е; незак.

1. каго-што. Усведамляць, спасцігаць розумам сэнс, змест і пад. чаго‑н.; асэнсоўваць. Разумець заданне. Разумець тэкст. Разумець міміку і жэсты нямога. □ [Андрэй:] — Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага, і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Колас. Іліко пачуў некалькі слоў на рускай мове. Ён ужо навучыўся адрозніваць гэтую выразную, чоткую, адрывістую мову ад іншай, але не разумеў яшчэ ні слова. Самуйлёнак. // Разбірацца ў думках, паводзінах, учынках, намерах каго‑н. Чалавек, як не трэба лепш, разумеў ужо свайго начальніка. Чорны. Дзяцей пісьменнік той не меў і іх не разумеў ніколі. Таму ў творах не было ніводнай кропелькі жывога. Корбан.

2. што і з дадан. сказам. Ведаць, здагадвацца аб чым‑н., усведамляць што‑н. Разумець сваю памылку. □ Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду. Лынькоў. [Чарнеў] бачыў і разумеў, што Міхалу яго выбар не падабаецца. Васілевіч.

3. каго-што і без дап. Быць дасведчаным у чым‑н.; магчы разбірацца ў чым‑н., меркаваць пра што‑н. Разумець музыку. □ Свайму настаўніку, які вучыў разумець і любіць літаратуру, Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў некалькі адвячоркаў. Лужанін. Сам пан Вальвацкі нічога ў гаспадарцы не разумеў. Крапіва. // Мець пэўны погляд на што‑н., пэўную думку наконт чаго‑н. Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя». Я так каханне разумею: Калі кахаеш сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.

4. каго-што. Падразумяваць, мець на ўвазе. Пад лексікай разумеюць усю сукупнасць слоў мовы.

5. у знач. пабочн. разуме́еш (разуме́еце). Ужываецца з мэтай падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н.

•••

Вось гэта я разумею! гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.

Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.​В.​Ламаносаў, 1756; А.​Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.​Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.​Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.​Я.​Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.​Авагадра і Ж.​Л.​Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.​Л.​Дзюлонг і А.​Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.​І.​Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл. Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.​Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.​Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.​Косель, 1915; Г.​Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.​А.​Чугаеў, І.​І.​Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.

На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел. тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел. тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2–3, 393). Параўн. укр. тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус. тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус. тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск. tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб. tål ‘патыліца’; н.-луж. tył, tyło ‘карак’, в.-луж. tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш. týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац. tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен. tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв. zàtiljak, pòtiljak, серб. за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял. тил ‘патыліца’, балг. тил ‘карак, патыліца’, макед. тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял. тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл. *tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ. tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус. tūlan ‘шмат’, вал. twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням. бавар. Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск. doll ‘тоўсты’, ст.-грэч. τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб. tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд. tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е. *teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл. *tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл. *ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑*tu̯el‑, параўн. каш.-славін. tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням. Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням. twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск. tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус. тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылу ‘ззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі. Бельгійская парода коней. □ — Надышоў час укамплектаваць ферму авечкамі танкаруннай пароды. Стаховіч. Макарыха выцягнула з воза пеўня, развязала ногі і крылы, апусціла на зямлю. — Во, на развод прывезла, галанскай пароды. Асіпенка. // Разнавіднасць жывёл, якія сваімі асаблівасцямі ці агульнымі прыкметамі адрозніваюцца ад іншых жывёл. Парода сумчатых з’яўляецца адной з самых старадаўніх і яшчэ цяпер захавала некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру. Маўр. // Разм. Пародзістасць. Ды пароды дужае Быў армейскі конь, Не сканаў асуджаны Куляю на скон. Куляшоў.

2. Разнавіднасць раслін. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч. // Сорт, гатунак раслін. Вывесці новую пароду вішань.

3. Разм. Катэгорыя людзей з якімі‑н. характэрнымі рысамі. Стары.. быў з пароды тых вясковых людзей, якія ніколі табе не пакажуцца адразу. Карпюк. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. // Вонкавы выгляд, склад цела чалавека. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і, нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды. Скрыган.

4. Разм. Род, сям’я, радня. [Андрэй:] — Уся ваша парода корзунаўская такая. П. Ткачоў. Два маленькія худзенькія хлапчукі, зусім не падобныя на свайго асілка-бацьку. Толькі чорныя такія ж. «Штось цыганскае ў іх народзе», — гаварылі ў вёсцы. Шамякін.

5. Уст. Прыналежнасць да якой‑н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. Дваранская парода. □ [Сцяпан:] — Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай народзе ходзіць. Лынькоў.

6. Мінерал або сукупнасць мінералаў, якія з’яўляюцца састаўной часткай зямной кары. Горкая парода. Цвёрдыя пароды. // Мінерал, які змяшчае ў сабе які‑н. больш каштоўны карысны выкапень.

7. О Бітумінозныя пароды — асадкавыя горныя пароды (пяскі, пясчанікі, вапнякі і інш.), у якіх ёсць прыродны бітум. Мацярынская парода — верхні слой горных парод, на якім пад уздзеяннем біялагічных і біяхімічных працэсаў, а таксама пад уплывам дзейнасці чалавека адбываецца ўтварэнне глебы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́вішча, ‑а, н.

1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. // Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.

2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце. Мяжэвіч. Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы? Кулакоўскі.

3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча. Навуменка. Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае. Шамякін. // Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку. Кудраўцаў. // Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.

4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча. «Звязда». Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат. «Весці».

5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў. «Маладосць». // Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы. Лынькоў. Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча. Карпаў.

6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча. Казлоў. Наша мясцовасць на ваенным становішчы. Жычка.

•••

Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)