галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам.развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Андрэй) (сапр.Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),
рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр.рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб.арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў матэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ВЕЛ ((Havel) Вацлаў) (н. 5.10.1936, Прага),
чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел.пер. Л.Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).
Тв.:
Бел.пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм.тв.Мн., 1995;
Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);
Рус.пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;
Сила бессильных. Мн., 1991;
Заочный допрос. М., 1991.
Літ.:
Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»,
сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіццябел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн.фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (М.І.Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял.Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіццянар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦККП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.
Літ.:
Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),
працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.Я.Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.
Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл.Гіпергенныя радовішчы).
На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.