род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),
горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1981). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.А.Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.С.Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.В.Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НІЯ (Robinia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў пач. 17 ст. На Беларусі інтрадукавана 4 віды Р.: псеўдаакацыя, або белая акацыя (R. pseudacacia), клейкая (R. viscosa), новамексіканская (R. neomexicana), пышная (R. luxurians). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя, часта калючыя, дрэвы або кусты. Лісце непарнаперыстаскладанае, аснова чаранка ўтварае покрыва, якое ахоўвае пазушныя пупышкі. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў гронках. Плод — лінейна падоўжаны боб. Драўніна ў Р. псеўдаакацыі шчыльная, трывалая з цёмна-жоўтым ядром і светлай абалонай; ідзе на выраб мэблі, добра паліруецца. Адна з лепшых меданосаў. Выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў, малаплодных і засоленых глеб, схілаў яроў і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫ́СКА (Raphanus sativus var. radicula),
кветкавая расліна сям. крыжакветных, разнавіднасць рэдзькі пасяўной. Культывуецца пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі вырошчваецца аднагадовая форма Р., раянаваныя сарты для адкрытага грунту — Альба, Зара, Ізабель, Квант, Ружова-чырвоны з белым кончыкам, Родас, для закрытага — Рубін.
Адна- і двухгадовыя караняплодныя травяністыя расліны. Караняплоды (7—20 г), круглыя, канічныя, верацёнападобныя, белага, чырв., фіялетавага колеру, маюць 25—30 мг% аскарбінавай к-ты, мінер. рэчывы. Лісце (4—6) рассечанае, сабранае ў разетку, мае 50—60 мг% аскарбінавай к-ты, ужываецца як салата. Суквецце — гронка. Плод — стручок. Агароднінныя расліны.
В.М.Прохараў.
Радыска: 1 — агульны выгляд; 2 — сорт Ранні чырвоны; 3 — сорт Ружова-чырвоны з белым кончыкам; 4 — сорт Віраўскі белы; 5 — сорт Чырвоны велікан; 6 — Лядзяш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯ́ТАР (ад лац. radio выпрамяняю),
1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).
2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).
3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.
Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,
паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.
Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. ВадкаеР.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). ЦвёрдаеР.п. падзяляюць на балістычнае (гл.Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл.Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал. функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст.л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл.Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.
Літ.:
Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;
Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.