буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл.Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф.развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл.Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел.нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел.сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.
адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус.правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял.Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.
Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук.б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.
Л.А.Карнілава.
Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».
аргенцінскі пісьменнік і літ.-знавец. Праф. ун-та ў Буэнас-Айрэсе (1955), гл.арг. Акадэміі л-ры (1962), старшыня арг. Пэн-клуба (1950—53). Творчасць Б. прадвызначыла тэндэнцыі развіццялац.-амер. нерэалістычнай л-ры. Вядомасць прынеслі апавяданні, навелы, эсэ, адметныя глыбокім філас. падтэкстам, інтэлектуальнай метафарычнасцю, стылістычнай адточанасцю (зб-кі «Сусветная гісторыя знявагі», 1935; «Гісторыя вечнасці», 1936; «Выдумкі», 1944; «Алеф», 1949; «Новыя расследаванні», 1952; «Паведамленне Броўдзі», 1970; «Кніга пясчынак», 1975). У зб-ках вершаў «Тварэц» (1960), «Другі і ранейшы» (1964), «Хвала цемры» (1969), «Золата тыграў» (1972), «Тайнапіс» (1981) працягваў свае эксперыменты з прасторай, часам і культурай. Аўтар літ.-знаўчых і крытычных прац («Паэзія гаўча», 1955, і інш.). Прэмія М.Сервантэса (1979).
Тв.:
Рус.пер. — Проза разных лет. 2 изд. М., 1989;
Избр. стихотворения. М., 1993.
Літ.:
Тертерян И. Человек, мир, культура в творчестве Хорхе Луиса Борхеса // Борхес Х.Л. Проза разных лет. Пер. с исп. 2 изд. М., 1989;
Левин Ю.И. Повествовательная структура как генератор смысла: текст в тексте у Х.Л.Борхеса // Текст в тексте: Тр. по знаковым системам XIV. Тарту, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492вял.кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫ,
1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).
Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).
Літ.:
Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;
Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;
Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст.развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.
Айчынны фронт Балгарыі пасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг.сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг.нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг.нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац.дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксама камуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.