КА́РТЭР (англ. carter),
нерухомая корпусная частка машын і механізмаў (рухавікоў, рэдуктараў, помпаў і інш.) звычайна каробчатай формы. Служыць апорай дэталей і захоўвае іх ад пашкоджанняў і забруджвання. Напр., К. поршневых рухавікоў служыў апорай каленчатага вала, рабочых цыліндраў і інш. Ніжняя частка К. (паддон) выкарыстоўваецца як рэзервуар для змазачнага масла. Вырабляецца з чыгуну, сталі, сплаваў лёгкіх металаў.
т. 8, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬХІЁР [ням. Melchior, скажэнне франц. maillechort ад імён франц. вынаходнікаў гэтага сплаву Маё (Maillot) і Шар’е (Chorier)],
сплаў медзі з 20—30% нікелю; медна-нікелевы сплаў. Звычайна мае дабаўкі жалеза (0,8%) і марганцу (каля 1%).
У 19 ст. да М. адносілі таксама сплаў медзі з нікелем і цынкам (нейзільбер) і пасярэбраную латунь (вырабы з іх няправільна наз. мельхіёравымі).
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВЫ́ СУД,
ніжэйшае звяно суд. сістэмы шэрагу дзяржаў. Разглядае справы -пра малазначныя злачынствы і правапарушэнні, а таксама дробныя грамадз. спрэчкі паміж прыватнымі асобамі. М.с. звычайна выбіраюцца насельніцтвам і дзейнічаюць у складзе аднаго суддзі (міравы суддзя). Упершыню створаны ў Англіі (14 ст.), потым ў Паўн. Амерыцы (17 ст.), Францыі (канец 18 ст.), Рас. імперыі (2-я пал. 19 ст.).
т. 10, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІО́БІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць ў прам-сці для здабычы ніобію. Звычайна трапляюцца з танталавымі рудамі. Гал. рудныя мінералы ніобію: пірахлор (40—80% аксіду ніобію Nb2O5, калумбіт (50—78%) і лапарыт (7—20%). Н.р. падзяляюцца на ўласна ніобіевыя і тантала-ніобіевыя. Паходжанне магматычнае, пнеўматаліта-гідратэрмальнае, метасаматычнае, экзагеннае. Спадарожна ніобій здабываюць з пегматытаў, якія змяшчаюць тантала-ніабаты.
т. 11, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЫЯ (ісп. noria ад араб. наора — вадакачка),
прыстасаванне бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння сыпкіх грузаў і вадкасцей. Цягавыя органы (стужка або ланцуг) з падвешанымі да іх чарпакамі размешчаны нахілена ці вертыкальна. Н. часам наз. каўшовым элеватарам. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на выш. да 60 м (звычайна паміж паверхамі вытв. будынкаў) у харч., мукамольнай, хім. і інш. галінах прам-сці.
т. 11, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАСА́ТЫЯ СПЕ́КТРЫ,
аптычныя спектры малекул і крышталёў. Узнікаюць пры электронных пераходах у малекулах і міжзонных пераходах у крышталях, складаюцца з шырокіх спектральных палос, размяшчэнне якіх у спектрах рознае для розных рэчываў. П.с. простых малекул распадаюцца на больш вузкія вагальныя палосы і вярчальныя лініі, у складаных малекул звычайна суцэльныя (не маюць дыскрэтнай структуры). Гл. таксама Малекулярныя спектры, Спектры крышталёў.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАРЫ́ЦЫЙ,
вострае гнойнае запаленне тканак пальцаў. Часцей узнікае пры інфіцыраваных мікратраўмах (ранкі, трэшчыны, уколы і інш.). Звычайна бывае на пальцах рукі, радзей ступні. Узбуджальнікі — стафілакок, стрэптакок, змешаная інфекцыя, зрэдку гніласная (ранкі ад укусаў). Адрозніваюць П. паверхневы (скурны, паз- і падпазногцевы, падскурны) і глыбокі (сухажыльны, касцявы, сустаўны, лімфатычны, пандактыліт). Прыкметы: моцны боль, ацёк і гіперэмія пальцаў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., хірургічнае.
т. 12, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,
сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕДЭСТА́Л (франц. piédestal ад італьян. piedistallo ад piede нага + stallo месца),
пастамент, па-мастацку аформленая аснова, на якой устанаўліваецца твор скульптуры (статуя, група, бюст) або ваза, калона, абеліск і г.д. П. могуць мець розныя формы — геаметрычна правільныя (звычайна з выкарыстаннем арх. ордэрных элементаў, нярэдка ўпрыгожаных скульпт. рэльефам) або адвольныя (напр., П. у выглядзе натуральнага, неапрацаванага каменя).
т. 12, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,
вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)