французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я г. афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.Б.Юсупава, 1809; палк. Ф.Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.
Літ.:
Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.Леско). 1547—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́ (Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.