раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення эл.-магн. хваль на асновевымушанага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў, малекул). Узнікла на мяжы спектраскапіі і радыёфізікі. Частка К.э., звязаная з аптычным дыяпазонам эл.-магн. хваль, наз.лазерная фізіка. На базе К.э. ўзніклі нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія, новы імпульс атрымала галаграфія.
Сфарміравалася і развівалася як самаст. галіна навукі і тэхнікі ў 1950-я г.Асн. аб’екты вывучэння: актыўныя асяроддзі, аб’ёмныя рэзанатары, квантавыя генератары і квантавыя ўзмацняльнікі, пераўтваральнікі частаты і метады кіравання характарыстыкамі такіх сістэм. Да К.э. адносяць таксама пытанні нелінейнага ўзаемадзеяння магутнага лазернага выпрамянення з рэчывам і выкарыстання такога ўзаемадзеяння для пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення. Працэс вымушанага выпрамянення эл.-магн. хваль адкрыў А.Эйнштэйн (1917); на магчымасць выкарыстання гэтай з’явы для ўзмацнення святла паказаў В.А.Фабрыкант (1939). Першая прылада К.э. — малекулярны генератар на аміяку — створана ў 1954 адначасова ў СССР (М.Г.Басаў, А.М.Прохараў) і ў ЗША (Ч.Таўнс і інш.). У 1960 у ЗША створаны першы лазер на рубіне і гелій-неонавы газавы лазер. У 1959 М.Г.Басаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць стварэння паўправадніковага лазера і першыя такія лазеры створаны ў 1962—63.
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па К.э. праводзяцца з 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
сістэма адносна ўстойлівых установак, перакананняў, уяўленняў, мадэлей паводзін, якія ўвасабляюць вопыт папярэдніх пакаленняў. Існуе на індывід. і паліт. узроўнях, праяўляецца ў дзейнасці суб’екта палітыкі. Уключае стэрэатыпы паліт. свядомасці і паводзін, уласцівых пэўнай сацыяльнай групе, устойлівыя традыцыі, дамінуючыя ўяўленні, тыповыя паліт. ўстаноўкі, каштоўнасці і арыентацыі. Характарызуе трываласць ведаў людзей у галіне палітыкі, іх разуменне сутнасці законаў, норм, грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якія дзейнічаюць у краіне, фіксуе ўстойлівыя сувязі і адносіны паміж суб’ектамі грамадскага жыцця. У К.п. адлюстроўваюцца жыццёвыя інтарэсы і ўстаноўкі розных сац. груп і слаёў грамадства, класаў, нац. і канфесійных супольнасцей. К.п. выконвае функцыі назапашвання і перадачы паліт. вопыту, неабходнага для падтрымання ўстойлівасці і рэгулявання паліт. адносін, паліт. фарміравання асобы на аснове каштоўнасцей, што існуюць у грамадстве, забеспячэння грамадскіх суб’ектаў ведамі, неабходнымі для паспяховай дзейнасці ў сферы палітыкі, забеспячэння дыялогу і ўзаемаразумення паміж рознымі сац. групамі і слаямі грамадства. Найважнейшымі суб’ектамі фарміравання К.п. грамадства з’яўляюцца дзяржаўныя органы, паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, сродкі масавай інфармацыі, царква і інш. На развіццё К.п. уплываюць сац.-паліт. змены ў грамадстве, мэтанакіраванае ўздзеянне звонку і г.д.Навук. аналіз К.п. дазваляе суб’ектам палітыкі прагназіраваць паліт. паводзіны вял. мас людзей, садзейнічае прыняццю аптымальных і эфектыўных паліт. рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў, Дз.Аракішвілі, А.Грачанінаў, М.Іпалітаў-Іванаў, А.Кастальскі, Я.Лінёва, А.Лістападаў, М.Лысенка, М.Пятніцкі, Б.Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел.нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л.вып. «Беларускага зборніка» Е.Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел.нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.
Літ.:
Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.
польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922—27 жыла ў Гродне, была куратарам патранату (апекі) вязняў гродзенскай турмы, памагала бел., польск., літ. зняволеным. Дэбютавала як паэтэса вершам «Я памятаю» (1898), як празаік — навелай «Арліца» (1903). Першыя раманы «Жанчыны» (1906), «Князь» (1907), «Нарцыза» (1910) напісаны ў стылявой манеры, уласцівай л-ры «Маладой Польшчы». Узб.апавяд. «Таямніцы крыві» (1917), рамане «Граф Эміль» (1920) праявілася маральнае асуджэнне 1-й сусв. вайны. Праблеме адбудавання Польшчы прысвечаны «Раман Тэрэзы Генерт» (1923). Гродзенская тэматыка ў аснове яе лепшых раманаў «Нядобрае каханне» (1928), «Мяжа» (1935), «Вузлы жыцця» (1948), драмы «Дзень яго вяртання» (1931), эсэ «У шалашы» (1924), «Гродна» (1926), «Нёман» (1934) і інш. Вострыя сац. і паліт. праблемы, псіхалогія чалавека адлюстраваны ў раманах «Галкі» (1927), «Нецярплівыя» (1938), драме «Дом жанчын» (1930) і інш. Аўтар зб-каў псіхал. мініяцюр «Характары» (1922), навел пра лагеры смерці «Медальёны» (1946), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў, дзённікаў. На бел. мову асобныя яе апавяданні пераклаў Я.Брыль. Дзярж. прэмія Польшчы 1953.
Тв.:
Бел.пер. — укн.: Сад: Кн. пол. апаваданняў. Мн., 1982;
Рус.пер. — Избранное. М., 1979.
Літ.:
Мусиенко С.Ф. Творчество Зофьи Налковской. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв.сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (уаснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).
Літ.:
Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;
Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;
Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т.Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПТЫКА АНІЗАТРО́ПНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел фіз. оптыкі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання аптычнага выпрамянення (святла) у суцэльных асяроддзях з упарадкаванай структурай.
Характэрныя асаблівасці О.а.а. (падвойнае праменепераламленне, дыхраізм, вярчэнне плоскасці палярызацыі і інш.) выяўляюцца пры нелінейных узаемадзеяннях светлавых хваль з рэчывам, а таксама пры распаўсюджванні эл.-магн. хваль ЗВЧ дыяпазону. У О.а.а. тэарэт. апісанне распаўсюджвання святла грунтуецца на Максвела ўраўненнях, дзе ўласцівасці анізатропных асяроддзяў (гл.Анізатрапія ў фізіцы) улічваюцца тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей. Да такіх асяроддзяў адносяць крышталі, асяроддзі з штучнай анізатрапіяй (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў) і рэчывы, якія маюць прасторавую дысперсію (напр., растворы). Даследуюцца таксама тэкстуры, штучныя дыэлектрыкі з рознымі відамі анізатрапіі, фатонныя крышталі.
На Беларусі даследаванні па праблемах О.а.а. вядуцца з 1950-х г.уБДУ і Ін-це фізікі Нац.АН, з 1970-х г.у Гомельскім ун-це, Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН (г. Магілёў). На аснове каварыянтных метадаў Ф.І.Фёдаравым пабудаваны агульная несупярэчлівая тэорыя О.а.а. і класіфікацыя паглынальных і гіратропных асяроддзяў, даследаваны асаблівасці распаўсюджвання святла ў такіх асяроддзях.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСТРЫ́НА (Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),
італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыня хар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т. л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).
Літ.:
Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;
Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;
Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус.пер. — укн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎУСТА́Ў,
тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на асновеўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЧАЛА́»,
зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж.-слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст.у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.
Літ.:
Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;
Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;
Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.