Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апла́вы ’жаночая хвароба, трывалы і цяжкі крывацёк’ (Нас.). Множны лік ад аплав(а), утворанага, пэўна, ад аплываць ’цячы’ (напрыклад, аб свечцы). Славянскія паралелі невядомы, аднак гэта зусім не азначае, што слова не было вядома іншым славянам. На назву такой сур’ёзнай і да таго ж саромнай хваробы магло накладацца табу: параўн. адсутнасць назвы для крывацёку ў класіфікацыі рускіх народных назваў хвароб Мяркулавай (Этимология, 1967, 159), што зусім не азначае адсутнасці такой назвы ў мове. Па мадэлі словаўтварэння — слова старажытнае, магчыма нават праславянскае. Параўн. польск. upławy выдзяленні з жаночых палавых органаў’. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дра́гба ’дрыгва’ (Касп., Сл. паўн.-зах., Яшкін). Таго ж паходжання, што і дрыгва́ (гл.), г. зн. з зыходнага *dręg‑ (> *дряг‑ > драг‑). Форма драгба́ па свайму каранёваму вакалізму (а < ʼа < ę) стаіць бліжэй да зыходнага *dręg‑, чым дрыгва́ (дзе адлюстроўваецца сувязь не з *dręg‑, а з *drьg‑, *drъg‑; параўн. бел. дрыжа́ць, укр. дрижа́ти). Суфіксальная частка (-ба) адлюстроўвае ўплыў слоў са старым фармантам -ба (прасл. *‑ьba). Параўн. драгва́ (Нас., Шат., Бяльк.), дрыгба́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. Фасмер, 1, 545 (аб бел. дрягва́). Іншая версія ў Трубачова, Эт. сл., 5, 139 (праформа *drъgъva; няпэўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́бнік1 ’пасудзіна для захоўвання жаб’ (ТСБМ). Ад жа́ба1, відаць, праз прым. жабн‑ы з суф. ‑ік (*жабнае месца).

Жа́бнік2 ’расліна Hydrocharis L. (парэз), водарасць, якая свабодна плавае’. Відаць, ад жа́ба1 паводле суіснавання ў вадаёме або іншых прыкмет. Выкарыстоўваецца і як назва іншых раслін (параўн. рус. дыял. жабник ’Filago L. Ranunculus ficaria L., Menyanthes trifoliata L.’ і інш., укр. жабник ’Filago L.’).

Жа́бнік3 ’від шчупака’ (навагр., Жыв. сл., 9). Ад жа́ба1, паводле таго, што гэты від паядае жаб. Параўн. рус. дыял. жабник ’журавель’ (СРНГ), укр. жабоїд ’бусел’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жані́ба ’жаніцьба’ (Жд. 2). Суфікс ‑ьba выкарыстаны ў слав. утварэннях таго ж значэння адыменнага і аддзеяслоўнага характару: жані́цьба, рус. жени́тьба, славац. ženitba, серб.-харв. жѐнитба і да т. п., памор. žeńba, славац. ženba, славен. žę̂nba, серб.-харв. жѐмба і да т. п. Варыянт з ‑іба мае пашырэнне ў бел. мове, прычым гаворка ідзе не толькі аб лексічных балтызмах (Лаўчутэ, Baltistica, 1. priedas, 1972, 90–91; Мартынаў, Праславянская и балтославянская суффиксальная деривация имен, 1973, 17), але аб словаўтваральным уплыве балт. моў на слав., у першую чаргу бел. (параўн. сяліба, садзіба). Гл. Слаўскі, SP, 1, 62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заве́т ’запавет’. Рус. заве́т, укр. заві́т ’тс’, польск. дыял. zawiat ’заклад’, чэш. závěť, уст. závėt ’запавет’, славац. závet, славен. zavèt, серб.-харв. за́вет, балг. кніжн. завѐт, макед. завет ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. завѣтъ ’умова, клятва, запавет, загад’. Бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік агульнаслав. характару ад дзеяслова zavětiti ’накладваць абавязак, абяцаць, загадваць’ < větiti ’ведаць’. Значэнне, а магчыма, і само слова замацаваліся, відаць, пад ст.-слав. уплывам (параўн. польск. семантыку і адсутнасць слова ў серб.-луж.). Словы таго ж кораня веча, савет (гл.). Шанскі, 2, З, 15–16; Фасмер, 1, 305; БЕР, 1, 574; Махэк₂, 687.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́дарга ’край’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. задо́рга, за́дерга, за́дорага ’прыступак, лесвіца, брус, поручні для таго, каб залазіць на печ’, арханг., сіб. за́дорага ’частка пода печы па абодва бакі вусця па баках сярэдняй паласы’, пск., цвяр. за́дорга ’паласа абапал дарогі’; параўн. задорога ’месца каля дарогі, узвышэнне каля дарогі’, за́дорожина ’узвышэнне каля дарогі, плот, бервяно ў сцяне’, ярасл. за́дорожка ’прыступак, поручні ў печы’, чэш. zádrh ’нешта заторгнутае, паварот’, славац. zádrh ’нешта заторгнутае, падрапанае’, славен. zadȓga ’завязка’, ’вусік у лазы’, ’загар’. Відаць, бязафіксны наз. ад дзеяслова zadьrgati з дастаткова шырокім значэннем (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 221).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зірк ’погляд’, зірк! зір! выклічнік (ЭШ, рук.). Рус. дыял. зырк дзеяслоўны выклічнік ’глянь’, укр. зірк!, зирк! ’тс’, польск. zerk ’погляд’. Параўн. макед. ѕирканье ’падглядванне ў адтуліну’. Параўн. ст.-рус. зеркало, зеркило (XVI–XVII стст.), ст.-слав. зръцало люстра’. Ад прасл. ’кораня zьr‑ (гл. зрок, зрэнкі) у ступені zir‑ з суфіксам ‑kъ ці без яго. Таго ж кораня зара (гл.). І.‑е. *gʼher‑ ’свяціць (прамяніцца), блішчаць’: літ. žėrė́ti ’блішчаць’, англ. gray ’шэры’, ст.-ірл. grían ’сонца’. Покарны, 1, 441–442, Траўтман, 336 Фасмер, 2, 105–106; Шанскі 2, З, 110–111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прарадзі́ма ’самае старажытнае, першапачатковае месца пражывання таго ці іншага племені, народа, той ці іншай пароды жывёл і пад.’ (ТСБМ). Рус. праро́дина, польск. praojczyzna ’тс’ і да т. п. З пра- і радзіма. Паводле Борыся (Prefiks., 86), словы гэтага словаўтваральнага тыпу з’явіліся ў XIX ст. у якасці навуковых тэрмінаў першапачаткова ў польскай і чэшскай мовах як калькі ням. слоў з прыст. ur‑ (напр., Urheimat ’прарадзіма’, Urwald ’пралес, старажытны запаведны лес’), а потым распаўсюдзіліся ва ўсходнеславянскія мовы. Борысь (там жа) нават бачыць тут новую функцыю славянскай прыстаўкі *pra‑ пад уплывам ням. ur‑ і лац. prae‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́каць ’пукаць губамі, курыць люльку, запінацца пры размове ці чытанні’ (Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Варл.), ’гаварыць невыразна, неразборліва’ (ТСБМ, Ян., Сл. ПЗБ), ’марудна рабіць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), пы́кнуць ’пікнуць’ (Яруш.), пык, пык‑мык — імітуе шамканне губамі, заіканне, курэнне (Нас.; мсцісл., Нар. лекс., Растарг.), пэк‑мэк ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), пыкі ’ціхая, патайная размова’ (Нас.), пыклі́вы, пуклі́вы ’марудны’ (паст., в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнае, сюды ж пік ’становішча таго, хто хацеў апраўдацца, але раптам змоўк’ (Нас.), пі́кавы, пы́кавы ’заіка’ (пін., кам., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)