ГЁПЕРТ-МА́ЕР ((Goeppert-Mayer) Марыя) (28.6.1906, г. Катавіцы, Польшча — 20.2.1972),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Амер.АН і мастацтваў (1956). Скончыла Гётынгенскі ун-т (1930). З 1931 у розных ун-тах ЗША, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў імя Э.Фермі, з 1960 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай і статыстычнай механіцы, тэорыі крышталічнай рашоткі і фіз. хіміі. Прадказала двухфатоннае паглынанне святла (1931) і падвойны бэта-распад (1935). Незалежна ад Г.Енсена прапанавала абалонкавую мадэль атамнага ядра. Нобелеўская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебырозных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),
амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл.Нац.АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІХ НАПРУ́ЖАННЯЎ ТЭ́ХНІКА,
раздзел электратэхнікі, які ахоплівае вывучэнне і выкарыстанне эл. з’яў, што адбываюцца ў розных асяроддзях пры высокіх (больш за 1 кВ) напружаннях. Асн. праблема высокіх напружанняў тэхнікі — стварэнне для ЛЭП, эл. машын і ўстановак высакавольтнай ізаляцыі, якая забяспечвае іх надзейную працяглую работу і здольнасць вытрымліваць перанапружанні.
Займаецца таксама даследаваннем кароннага разраду і ВЧ-выпрамяненняў, якія ўзнікаюць на высакавольтных устаноўках; распрацоўкай і эксплуатацыяй электраўстановак, выпрабавальных і вымяральных прыстасаванняў і прылад высокага напружання. Самастойны раздзел высокіх напружанняў тэхнікі — электронна-іонная тэхналогія, што выкарыстоўваецца ў сістэмах газаачысткі, для афарбоўкі і інш. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ННЕ,
працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.
Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРВАРЫ́ЗМ (ад грэч. barbarismos іншамоўны),
запазычанае слова ці выраз, якія ў бел. мове не асвоены або асвоены часткова (пераважна графічна). Вылучаюцца агульныя і індывідуальныя. Агульныя варварызмы выкарыстоўваюцца пастаянна і могуць паўтарацца ў розных тэкстах: cito — тэрмінова (у медыцыне), tête à tête — з вока на вока. Індывідуальныя сустракаюцца пераважна ў мове маст. л-ры для стварэння мясц. каларыту; яны звычайна не паўтараюцца і не выходзяць за межы аднаго твора: «Звон кафедральны кліча на Ave» (М.Танк), «Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..» — загуло ў натоўпе» (П.Броўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКІ (Lymantriidae, Orgyidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.
Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.
навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з 1969 у Мінску ў 4 серыях: 1-я — фізіка, матэматыка, інфарматыка; 2-я — хімія, біялогія, геаграфія; 3-я — гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права; 4-я — філалогія, журналістыка, педагогіка, псіхалогія. Перыядычнасць серый 3 разы на год. Асвятляе дасягненні бел. вучоных у розных галінах Навук. вынікі іх сумесных даследаванняў з вучонымі інш. краін. Публікуе крытыка-бібліягр. агляды і рэцэнзіі, інфармацыю пра навук. жыццё ф-таў БДУ, навук. канферэнцыі і дыскусіі, абарону канд. і доктарскіх дысертацый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Аляксей Андрэевіч) (24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),
савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар.АНСССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АНСССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССР па паразіталогіі.
Тв.:
Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;
Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.