Трысцьні́к ‘сухое галлё, хвораст’ (Бяльк.). Нягледзячы на фармальнае падабенства да трысцё (гл.), па семантыцы не можа быць выведзеш з тросць1, трасьнік ‘чарот, сітнік’ (гл.), хутчэй да труск ‘дробныя галінкі’ (гл.), параўн. і трушні́к ‘сухое галлё, якое збіраюць у лесе’ (Арх. Вяр.), што да варыянтнай асновы *trěsk‑, *trosk‑, *trusk‑, *trysk‑ (Брукнер, 579; Фасмер, 4, 110); параўн. тры́сціць ‘біць, ламаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ізумруд. Першакрыніца: грэч. σμάραγδος. У ст.-бел. шмарагдъ, шмаракгдъ (1518 г.) с ст.-польск. szmaragd (Булыка, Лекс. запазыч., 141; Гіст. лекс., 94). Ст.-бел. смарагдъ, змарагдъ, измарагдъ < ст.-рус. смарагдъ, змарагдъ, измарагдъ (Булыка, там жа). Ізумруд нясе адбітак цюрк. пасрэдніцтва: ст.-рус. изумрудъ < тур. zümrüd < перс.-араб. zumurrud < з грэч. Гл. Праабражэнскі, 1, 226; Фасмер, 2, 123–124; Шанскі, 2, I, 44.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ільну́ць ’гарнуцца, ліпнуць’ (Нас., Касп.), ’аказваць прыхільнасць’ (Нас.). Карскі (1, 262) адзначае ненародны характар слова. Рус. льнуть, смал. ильна́ти, ильну́ть, укр. линути, чэш. lnouti, славац. ľnúť, серб.-харв. прио̀нути. Ст.-слав. прильнѫти, ст.-рус. льнути. Пратэза і‑. Ступень чаргавання да ліпнуць (гл.): прасл. *lьpnǫti са спрашчэннем pn > n, Бернекер, 1, 754; Праабражэнскі, 1, 455–456; Махэк₂, 337–338; Фасмер, 2, 543.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праду́кт ’вынік працы чалавека’, праду́кты ’харчовыя прыпасы’ (ТСБМ). З рус. проду́кт (проду́кты) ’тс’, якое праз ням. Produkt з лац. prōductum ’тое, што выраблена’ (гл. Фасмер, 3, 373). У пачатку XX ст. з рус. продукция ’сукупнасць прадуктаў вытворчасці, разумовай працы’ запазычана бел. праду́кцыя (Гіст. лекс., 241). Ст.-бел. прадукт ’працэс у судзе’ (Гарб.), продуктъ ’даклад’ з польск. produkt < лац. productus (Булыка, Запазыч., 266).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пратако́л ’дакумент, у які запісваюць усё, што было сказана, зроблена і вырашана на сходзе, допыце’ (ТСБМ). Праз рус. протоко́л ’тс’, дзе з зах.-еўрап. моў: франц. protocole, ням. protokoll < лац. protocollum < грэч. πρωτόκολλον ’ліст, які прыклеены спераду на скрутак папірусу’ (гл. Фасмер, 3, 383 і наст.); не выключае, з улікам судовай практыкі ў ВКЛ, непасрэднае запазычанне з лац. prōtocōlum, параўн. Банькоўскі, 2, 792.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пратэ́ст ’рашучае пярэчанне супраць чаго-небудзь, заява аб нязгодзе’ (ТСБМ), ст.-бел. протестъ ’тс’ (1711 г.), протестовати (1598 г.), укр. проте́ст ’тс’, рус. проте́ст ’тс’. Адваротны дэрыват дзеяслова протестовати, адпаведніка лац. prōtestāri ’ўрачыста абвяшчаць, сведчыць’; у далейшым запазычанне з ням. Protest у сучасным значэнні, што выводзяць з італ. protesto ’апратэставанне векселя’ (ЕСУМ, 4, 609; Банькоўскі, 2, 791; Фасмер, 3, 382).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прафе́сар ’вышэйшае вучонае званне выкладчыка і супрацоўніка вучэбных устаноў’, ’вялікі знаўца чаго-небудзь’ (ТСБМ). Ст.-бел. професоръ ’настаўнік, прафесар’ (XVI–XVII стст.) праз польск. profesor (Булыка, Запазыч., 268); пасля, магчыма (але неабавязкова), праз рус. профе́ссор з ням. Professor, крыніца ў лац. professor ’публічны настаўнік’ ад profiteor ’адкрыта аб’яўляць (аб прадмеце сваіх заняткаў, аб сваёй спецыяльнасці)’ (гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прашпэ́ціцца ’памыліцца, правініцца’ (Нас.). Укр. шпе́тити ’абражаць, зневажаць’, рус. шпе́тить ’зневажаць, абражаць, высмейваць’. Выводзяць з польск. szpecić ’забруджваць, псаваць’ (Фасмер, 4, 472), якое, паводле Брукнера (553), з ням. Spath ’хвароба ног у коней’. Гараеў (425) і Праабражэнскі (гл. у Фасмера, 4, 472) лічаць крыніцай слова ням. spotten ’насміхацца’. Усе этымалогіі няпэўныя. Сюды ж і чэш. špatný ’благі, дурны’, дыял. špetný ’тс’ (Махэк₂, 620).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́талка1 ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (Нас., Мат. Гродз.), ’бакавы стаяк асады ў вокнах, дзвярах’ (Бяльк.), пры́талака ’перакладзіна паміж вушакамі над дзвярамі’ (Сцяшк., Інстр. 1, Ян.). З рус. при́толка ’драўляная аправа праёма ў сцяне для дзвярэй, вокнаў; дзвярныя вушакі або аконная шуфляда’; ’слуп у сярэдзіне хаты для падтрымання перагародкі’, ’паша, выган’. Звязана з паталок (гл.) (Фасмер, 3, 367; Праабражэнскі, 2, 127).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяле́жыць (пеле́жыць) ’паласаваць’ (Нас.). Магчыма, звязана з рус. дыял. пелега́ ’кара дрэва, лыка’, першапачаткова ’абдзіраць кару, пакідаючы палосы’, якое Праабражэнскі (2, 33) параўноўвае з літ. palegas ’саламяная страха’, palagà ’саламяная паветка’, што прымае і Фасмер (3, 228), улічваючы рус. дыял. пелёжить ’абкладваць сцены саломай на зіму’; Банькоўскі (2, 550) рэканструюе *pelega ’пялюшка’ (і пра кару дрэва), суадноснае з *pelena (гл. пелена).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)