ОЛТ (Olt),
рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.
т. 11, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СМАС (ад грэч. ōsmos штуршок, ціск),
аднабаковая дыфузія рэчыва (звычайна растваральніку) праз паўпранікальную перагародку (мембрану), што раздзяляе 2 растворы рознай канцэнтрацыі ці чысты растваральнік і раствор. Абумоўлены імкненнем сістэмы да тэрмадынамічнай раўнавагі і выраўноўвання канцэнтрацыі раствору з розных бакоў мембраны. Характарызуецца асматычным ціскам. Мае выключнае значэнне ў жыццядзейнасці раслін і жывёльных арганізмаў (гл. Осмарэгуляцыя). У хіміі з дапамогай асмаметрыі (сукупнасць метадаў вызначэння асматычнага ціску) вызначаюць малекулярную масу палімераў.
т. 11, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,
фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІ — вольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),
цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАВЯДА́ЛЬНЯ, канфесіяналь,
элемент касцельнага начыння, прызначаны для здзяйснення хрысц. таінства — споведзі (пакаяння). Уведзена ў хрысц. абраднасць у 2-й пал. 16 ст. Уяўляе сабой крэсла, закрытае з усіх бакоў невысокімі (да пояса чалавека) дзверцамі. Да бакавых сценак далучаюцца нізкія лаўкі-прыступкі для вернікаў, якія спавядаюцца праз акенцы, закрытыя кратамі. Звычайна С. робяць з дрэва, часам — з мармуру ці стука. У храмах С. размяшчаецца адвольна, але часцей каля сцяны нефа насупраць амбона.
т. 15, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІ́КЕР (англ. speaker літар. — аратар, прамоўца). старшыня ніжняй палаты парламента ў англа-саксонскіх краінах, а таксама ў краінах, дзе ў пэўнай ступені прынята такая дзярж.-прававая сістэма (Індыя. Нігерыя і інш.). Фармальна выбіраецца палатай, фактычна — партыямі большасці. У Вялікабрытаніі С палаты абшчын лічыцца асобай, якая знаходзіцца па-за партыямі. С. кіруе пасяджэннямі палаты, за выключэннем выпадкаў, калі палата пераўтварае сябе ў камітэт палаты. Праз С. палата ажыццяўляе сувязь з кіраўніком дзяржавы.
т. 15, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ, тэрытарыяльнае мора,
марскія (азёрныя) воды, якія прылягаюць да сухапутнай тэрыторыі пэўнай дзяржавы і знаходзяцца пад яе суверэнітэтам. Шыр. ад 3 да 12 марскіх міль. Судны ўсіх дзяржаў могуць карыстацца правам мірнага праходу праз Т.в., выконваючы пры гэтым палажэнні міжнар. пагадненняў, законы і правілы прыбярэжных дзяржаў; у адносінах да ваен. караблёў многія дзяржавы прытрымліваюцца дазвольнага або паведамляльнага парадку. Рэжым Т.в. рэгулюецца Жэнеўскай Канвенцыяй аб тэр. моры і прылеглай зоне 1958.
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,
незалежная і самастойная публічная ўлада паводле канстытуцыйнай дактрыны шэрагу краін (Францыя, Калумбія і інш.), якая мае паўнамоцтвы па прыняцці або істотнай змене канстытуцыі дзяржавы. Займае месца ў раздзяленні ўлад нараўне з заканадаўчай, выканаўчай і судовай. У.у. ажыццяўляюць самі заканад. органы, спец. орган У.у. — устаноўчы сход, непасрэдна выбарчы корпус (праз рэферэндум), устаноўчы сход разам з выбарчым корпусам. У выключных выпадках У.у. прымае на сябе кіраўнік дзяржавы або ўрада.
т. 16, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁН (ням. Föhn ад лац. favonius цёплы зах. вецер),
моцны парывісты і цёплы вецер, які дзьме з гор у даліны. Узнікае, калі паветра перацякае праз грэбень горнага хрыбта і адыябатычна награваецца пры спусканні па падветраным схіле. Змены т-ры і вільготнасці паветра бываюць вельмі значныя і рэзкія, што паскарае раставанне снегу і сход лавін. Працягласць Ф. звычайна каля сутак. Найб. вядомы ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе і Паміры.
т. 16, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКС (Fuchs) Вівіян Эрнэст (11.2.1908, Фрэшуотэр, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 1975),
англійскі палярны даследчык і геолаг. У 1929 удзельнічаў у экспедыцыях у Грэнландыю, у 1930—31 і 1931—32 — у Афрыку. У 1947—50 узначальваў англ. экспедыцыю на Антарктычны п-аў. У 1956—58 кіраваў англа-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй; у ліст. 1957 — сак. 1958 узначаліў групу, якая ўпершыню перасекла па сушы Антарктыду ад м. Уэдэла праз Паўд. полюс да м. Роса.
т. 16, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)