КА́ПРА (Capra) Франк (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),

амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.​Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.​Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАЛЮ́К Усцім Якімавіч (10.3.1787, с. Галоўчынцы, цяпер Кармалюкава Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 22.10 1835),

кіраўнік сял. руху на Украіне ў 1-й пал. 19 ст. У 1812 за непадпарадкаванне памешчыку аддадзены ў салдаты, уцёк. У 1814 узначаліў сял. паўстанцкі рух, які ахапіў значную ч. Падольскай губ., у 1830—35 пашырыўся на тэр. Кіеўшчыны і Бесарабіі (20 тыс. паўстанцаў). Адабраныя ў памешчыкаў маёмасць і грошы К. раздаваў прыгонным. 4 разы быў прыгавораны да катаргі, пасля ўцёкаў з Сібіры зноў працягваў барацьбу. Забіты з засады. Пра К. складзены ўкр. нар. песні і паданні.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),

гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел. манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Карніз.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЖАВА́ТАЎ Андрэй Мітрафанавіч (22.8.1907, с. Кіжаватава Бяссонаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 29.6.1941),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). У Чырв. Арміі з 1929. Быў нач. 9-й пагранзаставы 17-га Брэсцкага пагранатрада, які размяшчаўся ў цытадэлі Брэсцкай крэпасці. Воіны заставы пад камандаваннем лейтэнанта К. раніцай 22.6.1941 прынялі першы бой з ням.-фаш. захопнікамі, адбілі 6 атак, двойчы контратакавалі. Кіраваў участкам абароны каля Цярэспальскіх варот, быў некалькі разоў паранены. Загінуў у баі, прыкрываючы групу прарыву. Імя К. прысвоена пагранічнай заставе, дзе ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Кіжаватаў.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПЧАКІ́, кыпчакі, куманы,

сярэдневяковая народнасць цюркскай групы, усх. адгалінаванне полаўцаў. У 10 ст. займалі тэр. Паўн.-Зах. Казахстана, межавалі на У з кімакамі, на Пд з агузамі, на З з хазарамі. Распадаліся на шэраг плямён, вялі качавы лад жыцця. У сярэдзіне 10 ст. рушылі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Мелі цесныя сувязі з Сярэдняй Азіяй, асабліва з Харэзмам. У 1-й пал. 13 ст. разбіты манголамі, увайшлі ў склад мангольскага войска, складалі асн. частку насельніцтва Залатой Арды. Пазней увайшлі ў склад народнасцей татар, казахаў, башкір, карачаеўцаў, кумыкаў і інш., якія гавораць на мове кіпчакскай групы.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ (сапр. прозвішча, магчыма, Іваноў) Фёдар Савельевіч, рускі дойлід 2-й пал. 16 ст. Адзін са стваральнікаў рус. фартыфікацыйнай школы, якая зрабіла ўплыў на крапасное буд-ва 16—17 ст. у Расіі і на Беларусі. Паходзіў, верагодна, з прыгонных (раён Дарагабужа, цяпер Смаленская вобл.). Будаўнік магутных крапасных збудаванняў: каменныя сцены і вежы Белага горада Масквы (1585—93, знесены ў 18 ст.), гар. сцены Смаленска (1595—1602) і інш. Яму прыпісваюць буд-ва крэпасці Барысаў Гарадок каля Мажайска (1599, разабрана ў пач. 19 ст.).

Літ.:

Белогорцев И. Зодчий Федор Конь. Смоленск, 1949;

Косточкин В.В. Государев мастер Федор Конь. М., 1964.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА Пётр Кузьміч (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ Фёдар Андрэевіч (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),

адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз. Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькі падп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.

Ф.А.Крыловіч.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт. дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.

А.​М.​Кулагін.

Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)