род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВІ́НІЯ (Salvinia),
род папарацей сям. сальвініевых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Паўд. Афрыкі і Амерыкі, часткова — ва ўмераных абласцях. На Беларусі 1 від — С. плывучая, або вадзяная папараць (S.natans), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на Палессі ў стаячых (поймавыя азёры, старыцы) і з павольнай плынню водах, утварае зараснікі.
Адна- ці шматгадовыя дробныя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдныя карані адсутнічаюць. Сцёблы галінастыя, ніткападобныя, апушаныя, даўж. да 10 см. Лісце па 3 у кальчаках, 2 з іх зялёныя, суцэльныя, плаваюць на паверхні, 3-і — спараносны — апушчаны ў ваду, буры, рассечаны на ніткападобныя долі і нагадвае карані. Дэкар. (акварыумныя) расліны, выкарыстоўваюцца як прыродныя фільтры, у рыбаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ДА́НІІ (СДПД; Danmarks Socialdemokratiske Parti),
адна з вядучых партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1871 як секцыя 1-га Інтэрнацыянала, у 1872 распушчана дацкім урадам, у 1876 адноўлена як С.-д. саюз. З 1884 сучасная назва, парламенцкая партыя. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал (з 1889). У 1924—42 (акрамя 1926—29), 1945, 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і з 1993 кіруючая партыя. Ідэалогія — рэфармізм. Сярод прэм’ер-міністраў Даніі ад партыі — яе лідэры Т.Стаўнінг (1924—26, 1929-42), Х.К.Хансен (1955—60), П.Н.Расмусен (з 1993). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.
Літ.:
Тимашкова О.К. Скандинавская социал-демократия на современном этапе. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА МАНІФЕСТА́ЦЫЙ,
магчымасць праводзіць дэманстрацыі, мітынгі, сходы, вулічныя шэсці і пікетаванне; адна з асноўных канстытуцыйных паліт. свабод грамадзян. С.м., якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян, гарантуецца дзяржавай. У дэмакр. краінах аб маніфестацыях, апрача простых пікетаў, звычайна загадзя паведамляюць. Улады могуць забараніць маніфестацыі ў месцах, якія маюць важнае значэнне для нармальнага функцыянавання гар. транспарту. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб С.м. — Канстытуцыя (арт. 35) і Закон «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні» ад 30.12.1997. Забараняецца правядзенне маніфестацый, калі іх мэтай з’яўляецца гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу ці прапаганда вайны, сац., нац., рэліг. або расавай варожасці. Мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы могуць дадаткова рэгламентаваць парадак правядзення маніфестацый з улікам мясц. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЭ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі на тэр. Польшчы і Беларусі (бас. рэк Віслы, Нёмана, Прыпяці) у сярэдзіне 9 — пач. 8-га тыс. да н.э. Назва ад помніка каля в. Свідры-Вельке (Польшча). У самастойную культуру вылучыў у 1923 польскі археолаг Л.Казлоўскі. Плямёны жылі ва ўмовах тундры. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. аленя. Стаянкі кароткачасовыя адкрытага тыпу, жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбленыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Інвентар — наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, скоблі, адна- і двухпляцовачныя нуклеусы. Большасць прылад выраблялі з пласцін. Насельніцтва С.к. стала генетычнай асновай сожскай (днепра-дзяснінскай), нёманскай, бутаўскай і кундскай мезалітычных культур лясной паласы еўрап. часткі былога СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),
1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл.Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная 1/31556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл.Эфемерыдны час).
2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або 1/3600градуса, або π/64800 рад (гл.Радыян).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́, протасінайскае пісьмо,
старажытная пісьмовая сістэма семіцкіх народаў. Адна з першых у гісторыі цывілізацыі спроб стварэння алфавітнай пісьменнасці на падставе акрафаніі (вымаўленне пачатковай фанемы слова, якое перадаецца малюнкам). С.п. лічаць прамежкавай ступенню паміж егіпецкім іерагліфічным пісьмом і семіцкімі кансанантна-гукавымі алфавітамі. Помнікі С.п. (надпісы на камянях, статуэтках багінь) знойдзены ў 1905 на Сінайскім п-ве англ. археолагам У.М.Пітры. Датаванне помнікаў да гэтага часу спрэчная (ад 18 да 15 ст. да н.э.). Найб. удалая спроба прачытання (дэшыфроўкі) помнікаў належыць У.Ф.Олбрайту ў сярэдзіне 20 ст. Некат. даследчыкі лічаць С.п. крыніцай арабскага пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ,
устанаўленне і падтрыманне рэжыму ваганняў дзвюх ці больш вагальных сістэм, пры якім іх частоты роўныя ці кратныя адна адной. Напр., С.в. адбываецца ў звязанай сістэме з 2 аўтавагальных сістэм з блізкімі частотамі — абедзве сістэмы вагаюцца з аднолькавай частатой.
Аўтагенератары, генератары пераменнага току, сінхронныя рухавікі і інш. нелінейныя сістэмы ў выніку С.в. уваходзяць у сінхронны рэжым і ўстойліва працуюць у межах вызначанай паласы частот, некалькі эл. генератараў могуць працаваць на агульную эл. сетку, некалькі радыёперадатчыкаў — на агульную антэну і інш. На С.в. заснавана работа памнажальнікаў і дзялільнікаў частаты і інш. С.в. выкарыстоўваецца і ў медыцыне, напр., пры парушэннях рытму работы сэрца хворым ужыўляюць электронны сінхранізатар сардэчнага рытму — кардыястымулятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНІК (Juncus),
род кветкавых раслін сям. сітнікавых. Больш за 250 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і халодных абласцях, некат. — у высакагор’ях тропікаў і субтропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя С.: ніткападобны (J. filiformis), разгалісты (J. effusus), рапухавы (J. bufonius), скучаны (J. conglomeratus), сплюшчаны (J. compressus), членісты (J. articulatus). Трапляюцца на балотах, па берагах вадаёмаў.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. ад 2—3 да 80—90 см. Сцёблы шматлікія, цыліндрычныя. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — з цыліндрычнай голай пласцінкай, часам усё лісце лускападобнае. Кветкі бураватыя ці зеленаватыя, адзінкавыя або сабраныя ў пучкі. Плод — каробачка. Сцёблы некат. відаў выкарыстоўваюць для пляцення вырабаў.