ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

працэс развіцця эканам. сувязей паміж нац. гаспадаркамі, калі эканоміка адной краіны выступае часткаю сусветнага вытв. працэсу. Развіваецца на аснове міжнар. падзелу працы, вытв. і навук.-тэхн. спецыялізацыі і кааперацыі. І.в. ўзнікла з пераходам да машыннай вытв-сці. На першых этапах развівалася пераважна як міжгаліновая міжнар. спецыялізацыя, потым пачалі з’яўляцца розныя формы ўнутрыгаліновай спецыялізацыі. Сучаснае развіццё выяўляецца ва ўтварэнні міжнар. эканам. арг-цый у сферы вытв-сці, транспарту, сувязі, міжнар. гандлю і фінансаў (гл. таксама Вываз капіталу, Інтэрнацыяналізацыя).

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,

набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦКІ (Сяргей Дзям’янавіч) (5.11. 1913, в. Мудроўка Мінскага р-на — 20.9.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Варонежскі зоатэхн. ін-т (1938). Працаваў у Смаленскай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., 1-м Укр. франтах Удзельнік вызвалення Луцка, Бродаў, Перамышля.

Камандзір кав. эскадрона, ст. лейт. К. вызначыўся пры выхадзе на чэхаславацкую граніцу 19—20.9.1944, калі яго эскадрон захапіў 2 варожыя батарэі, 7 аўтамашын, знішчыў больш за 70 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

С.​Дз.Карыцкі.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЯНЧУ́К (Пётр Якаўлевіч) (25.4.1902, в. Буда-Валчкоўская Палескага р-на Кіеўскай вобл. — 21.1.1945),

поўны кавалер ордэна Славы. Беларус. З 1930 працаваў у саўгасе «Ялава» Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 2-м Бел. франтах, камандзір сапёрнага аддзялення. Вызначыўся 20.2.1944 (зрабіў для разведчыкаў праход у мінным полі) і 21.1.1945, калі пад варожым агнём група сапёраў на чале з К. пабудавала пераправу для палка. К. быў смяротна паранены.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ [ад лац. со (cum) з, разам + efficiens які ўтварае],

множнік, які звычайна выражаецца лічбамі. Калі здабытак складаецца з адной або некалькіх пераменных (ці невядомых) велічынь, тады К. пры іх наз. таксама здабытак усіх пастаянных, у т. л. і выражаных літарамі. Напр., для аднаскладаў ​1/2ab і 2ax К. з’яўляюцца ​1/2 і 2a адпаведна. Многія К. ў фіз. і матэм. законах маюць асобную назву, напр., вуглавы К., К. гаматэтыі, К. расшырэння, К. трэння і інш.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.​М.​Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі,

праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЗУЛЬНАЯ ЗДЫ́МКА адзін з відаў тапаграфічнай здымкі, якая выконваецца з дапамогай мензулы і кіпрэгеля на мясцовасці. Пры М.з. адлегласці і перавышэнні вымяраюць кіпрэгелем або дальнамерам (гл. Геадэзічныя прылады і інструменты), гарызантальныя вуглы атрымліваюць графічна на планшэце. Пры М.з. план ствараецца непасрэдна на мясцовасці ўмоўнымі тапаграфічнымі знакамі, больш дакладна праводзяцца гарызанталі. Праводзіцца ў маштабах 1:5000, 1:2000, 1:1000, 1:500. Выкарыстоўваецца на невял. пл. і ў выпадках, калі інш. метады не мэтазгодны.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Мензуальная здымка.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)