сканцэнтраванне і нарошчванне капіталу шляхам злучэння розных яго ўладальнікаў, уласнікаў, а таксама за кошт ператварэння ў капітал прыбыткаў, капіталізацыі даходаў. Дзякуючы К.к. ўдаецца рэалізаваць буйныя, перспектыўныя праекты з устойлівым прыбыткам. Асабліва моцны штуршок К.к. дало ў свой час развіццё такіх відаў вытв-сці, якія патрабуюць велізарных адначасовых затрат, матэрыяльных рэсурсаў і рабочай сілы (напр., буд-ва чыгункі). К.к. суправаджаецца павелічэннем памераў прадпрыемстваў і вядзе да стварэння манаполій і буйных капіталаў. Ва ўмовах сучаснай навукова-тэхн. рэвалюцыі выкарыстанне навукі ў вытв-сці і прыкладных даследаванняў вядзе да далейшага росту К.к. Найб. высокі ўзровень К.к. характэрны для такіх галін прамысловасці, як электронная, атамная, аўтамабільная, авіяцыйная, аэракасмічная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДАІ́ТАВЫЯ (Cordaitales),
парадак вымерлых голанасенных раслін. Дрэвы і, магчыма, кусты. Існавалі ў карбоне—пермі. Найб. вывучаны зборны род кардаітаў (Cordaites), у якім больш за 100 відаў. На Беларусі іх выкапнёвыя рэшткі (лісце, стробілы, насенне, злепкі стрыжня) адзначаны ў адкладах сярэдняга і позняга карбону, пермі. Нагадвалі сучасныя хвойныя. Існавалі ва ўмовах вільготнага, цёплага клімату, раслі паблізу вадаёмаў.
Выш. да 30 м, ствол дыям. да 1 м, гладкі, разгалінаваны каля верхавіны. Лісце лінейнае, ланцэтападобнае ці стужкападобнае, даўж. да 1 м. Органы размнажэння ў выглядзе каташкоў з мужчынскімі і жаночымі стробіламі («кветкамі»). К., магчыма, далі пачатак хвойным. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІ́НІЯ (Caulinia),
род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАДЫ́ЖНІК (Athyrium),
род папарацей сям. аспленіевых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі па ўсёй тэрыторыі трапляецца К. жаночы, або папараць жаночая (A. filix-femina, нар. назва папарацень). Расце ў сырых цяністых хваёвых, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка ў верхняй ч. двойчы-, у ніжняй тройчыперыстарассечаная. Сорусы падоўжаныя, акруглыя ці выгнутыя з індузіямі, размешчаны ў 1, радзей 2 рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухполы. Лек., дэкар., тэхн. і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),
некалькі відаў насякомых з розных сям.падатр.какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах. Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.
Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДЗІ́НА (Cladina),
род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. 43 віды. Пашырана ў тундры, лесатундры, таежнай зоне. На Беларусі 6 відаў, найб. вядомыя К. аленевая (C. rangiferina), зорчатая (C. stellaris), лясная (C. arbuscula), мяккая (C. mitis). Растуць на пясчаных глебах у хваёвых лясах, утвараючы суцэльнае покрыва, трапляюцца на гнілой драўніне, купінах балот.
Першасная слаявіна — гарыз. непрыкметная бугрыстая скурачка, якая хутка знікае; другасная — верт. разгалінаваныя вырасты (падэцыі), утвараюць дзярнінкі выш. да 20 см. Пладовыя целы (апатэцыі) на канцах галінак, карычневыя, трапляюцца рэдка. У сумцы 8 спор. Споры бясколерныя 1—2—4-клетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Корм для капытных жывёл (гл.Ягель), выкарыстоўваецца ў медыцыне; індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),
атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.
Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́НЫ, краншнэпы (Numenius),
род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Вядомы з верхняга эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, стэпах, на лугах, балотах. На Беларусі 2 віды: К. вялікі (N. arquata), нар. назвы — кулён вял., бакас вял., і К. сярэдні (N. phaeopus); абодва занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП К. эскімоскі (N. borealis).
Даўж. да 70 см, маса да I кг. Апярэнне шэрае. Дзюба доўгая (да 18 см), тонкая, загнутая ўніз. Ногі доўгія, пальцы пры аснове злучаныя невял. перапонкай, задні палец добра развіты. Крылы доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. К. вял. плаваюць. Манагамы. Гнёзды на зямлі. Нясуць 4 яйцы. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.