буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін A).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн.ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. У пач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн.ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,
сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у канцы 19 — пач. 20 ст. на тэрыторыі, што ўключала г. Слуцк (пераважна мяшчан) і навакольныя вёскі. Яму ўласцівы аднатыпнасць форм адзення, сціпласць арнаментальнага аздаблення, перавага крамных тканін.
Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух і гарсэт. Кашулю шылі з каўняром (пры нашэнні прыпадымалі вакол шыі), з рукавамі, сабранымі на каўнерцы. Спадніцу шылі з крамнай шарсцянкі або з даматканай клятчастай тканіны светлых вясёлкавых колераў, фартух — з крамнага цёмнага ці белага набіванага паркалю з нашыўкамі шырокіх паскаў карункаў па нізе. Доўгі суцэльны гарсэт цёмна-сіняга ці чорнага колеру з аблямоўкай па крыссі меў вялікі, амаль да таліі, выраз, які запаўняўся вертыкальным шляком вышыўкі кашулі і шматлікімі нізкамі пацерак. Галаўныя ўборы жанчын — вялікія з махрамі набіваныя хусткі, завязаныя ў выглядзе турбана. У мужчынскі гарнітур уваходзіла кашуля з адкладным каўняром, ільняныя або суконныя нагавіцы, у якія запраўлялася кашуля, камізэлька. Галаўныя ўборы мужчын — саламяныя капелюшы з расшыраным верхам, футраванкі, картузы. Верхняе адзенне мужчын і жанчын значна адрознівалася: жаночую вопратку кроілі па тыпу гарсэта, да якога прыточвалі рукавы (чорныя суконныя курцікі, світы), а мужчыны насілі курты з чорнага ці карычневага сукна, кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Слуцкі строй. Маладуха ў традыцыйным адзенні. Случчына Пач. 20 ст.Слуцкі строй. Дзяўчаткі ў святочным убранні. Случчына. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНУ́ДЫ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 10 км на Пн ад г. Браслаў, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 22 км², даўж. 8,8 км, найб.шыр. 4,9 км, найб.глыб. 16,5 м, даўж. берагавой лініі 34,4 км. Пл. вадазбору 113 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. да 30 м, на У і ПдУ абрываюцца блізка каля ўрэзу вады. Уздоўж усх. берага цягнецца озавая града, парослая лесам. На З і ПдУ добра выражаны тэрасы, верхняя на выш. 12 м. Берагавая лінія моцна парэзаная. Берагі нізкія, пясчана-галечныя, пераўвільготненыя. Пойма шыр. 5—150 м. Падводная ч. катлавіны мае шэраг упадзін, якія чаргуюцца з пясчанымі водмелямі і 11 а-вамі (агульная пл. 1,6 км², найб. Лакіна, Краснагорка, Турмас, Ліпавец). У засушлівыя гады водмелі агаляюцца, колькасць астравоў павялічваецца да 16. Мелкаводдзе пясчанае, пясчана-галечнае і камяністае, месцамі гліністае. Глыбокія ўчасткі дна высланы сапрапелем. Мінералізацыя вады каля 200 мг/л, празрыстасць да 6,5 м. Мезатрофнае. Уздоўж берага паласа трыснягу і чароту шыр. да 300 м, да глыб. 2 м, падводная расліннасць да глыб. 8 м. Упадаюць больш за 10 ручаёў. На Пд злучана пратокай з воз.Струста, на У — канавай з воз.Воласа Паўночны. Возера ўваходзіць у зону адпачынку Браслаў і нац. парк Браслаўскія азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр.ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.
А.М.Кулагін.
Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ДЫЯ (італьян. studio ад лац. studeo старанна працую, займаюся),
1) майстэрня жывапісца, скульптара, фатографа і інш. 2) У тэатры — творчы калектыў, які спалучае навуч., эксперым. і вытв. (паказ спектакляў) задачы. Ствараліся пры буйных тэатр. калектывах і развівалі іх творчыя прынцыпы, або арганізоўваліся самастойна і займаліся пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці. Асабліва пашыраны ў 1920—30-я г., С. пад кіраўніцтвам Я.Вахтангава, Ю.Завадскага, Р.Сіманава, А.Дзікага, М.Хмялёва ў Маскве, С.Радлава ў Ленінградзе і інш. С. часта служылі асновай і базай для стварэння новых т-раў, падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў: С. пры Маскоўскім Маст.акад. т-ры, Беларуская драматычная студыя ў Маскве (1921—26), Беларуская студыя оперы і балета (1930—33), Беларуская студыя пры Цэнтральным тэатральным вучылішчы ў Ленінградзе (1933—37), Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа (1928—64), Студыі Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1932—69). У Мінску працуюць Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі, Тэатр-студыя кінаакцёра.
3) Школа прасцейшага тыпу (муз., тэатр., оперная, балетная). Існуюць пры палацах і дамах культуры, клубах і інш. 4) Радыёстудыя, тэлевізійная С. — творчы калектыў для стварэння радыё- і тэлеперадач; абсталяванае спец. апаратурай памяшканне для радыёвяшчання і тэлеперадач (гл. таксама Студыі тэлебачання абласныя).
С. ёсць у кіно (гл.Кінастудыя), цыркавым мастацтве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКВЕ́ЦЦЕ,
парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпугалінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. у межах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх у сістэм. адносінах груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Міхаіл Аляксандравіч (10.3.1942, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 31.10.1992),
бел. археолаг, гісторык-медыявіст, грамадска-паліт. дзеяч. Д-ргіст.н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1964). З 1968 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1978 у Гродзенскім ун-це (у 1983—35 заг. кафедры). Заснавальнік і кіраўнік гісторыка-культ. клуба «Паходня» ў Гродне. З 1989 заг. рэдакцыі гісторыі Беларусі, з крас. 1992 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Вывучаў ваен. гісторыю Беларусі, абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі 10—18 ст. Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі» (1985), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—2, 1987—88), «Беларуская кафля» (1989), «Старажытны Мсціслаў» (з А.Трусавым), «Вялікае мастацтва артылерыі» (з А.Бельскім; абедзве 1992). З 1989 нам. старшыні сойма Бел.нар. фронту «Адраджэньне», заснавальнік і старшыня Цэнтр. рады Бел. сацыял-дэмакр. грамады (1991—92).
Тв.:
Вежы валынскага тыпу і іх распаўсюджванне на Беларусі // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972;
Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;
Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Замки Белоруссии. Мн., 1987;
Замкі і людзі. Мн., 1991;
Паходня. Мн., 1994.
Літ.:
Castrum, urbis et bellum: Зб.навук.прац. Баранавічы, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫНФ (польск. tymf, ням. timpf, рус. тинф, ад імя ням. арандатара манетных двароў у Каралеўстве Польскім А.Тынфа, ініцыялы якога стаялі на рэверсе манеты),
1) назва (спачатку народная, у 18 ст. афіцыйная) сярэбранай манеты Рэчы Паспалітай 1663—66. Тыпалагічна Т. наследаваў рэверс орта і меў яго рыначны курс.
2) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты Прусіі 1679—1750.
3) Сярэбраная манета Рас. імперыі 1707—09 для замежных плацяжоў у час Паўн. вайны 1700—21. Пастанова Брэсцкага сейміка 1714 называла яе «Т. маскоўскі».
4) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай 1752—56; у 1752—53, 1755 меў пазначэнне наміналу «Т.».
5) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбраных прускіх перайманняў Т. Рэчы Паспалітай у 1751—58 са зніжанай на 1/3 колькасцю серабра.
6) Назва ў Рэчы Паспалітай сярэбранай манеты 1759—61 Рас. імперыі для замежных плацяжоў у час Сямігадовай вайны 1759—63.
7) Сярэбраная манета Рэчы Паспалітай манетных двароў Гданьска 1758—63 і Эльбланга 1763. Назва Т. ў канцы 17—18 ст. сінанімічна орту надавалася манетам, большым за 6-грашовік і меншым за чвэрцьталяровік, незалежна ад тыпу выявы. Усе Т. зняты з абарачэння ў Рэчы Паспалітай універсалам 1766.