ВЕГЕТАЦЫ́ЙНЫ ПЕРЫ́ЯД,

перыяд года, калі магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін па метэаралагічных умовах. Працягласць залежыць ад геагр. шыраты, клімату. У тропіках вегетацыйны перыяд доўжыцца ўвесь год, у высокіх шыротах і гарах — ад апошняга веснавога да першага восеньскага замаразку. Адрозніваюць агульны вегетацыйны перыяд для раслін пэўнай мясцовасці, што вызначаецца колькасцю сутак з сярэднімі т-рамі больш за 5 °C, і вегетацыйны перыяд асобных відаў раслін — час, неабходны для поўнага цыкла іх развіцця, які можа быць значна карацейшы за агульны.

У Беларусі пачатак вегетацыйнага перыяду прыпадае на канец 1-й дэкады крас. на ПдЗ, да канца 2-й дэкады гэтага месяца пачынаецца на астатняй тэрыторыі. Сярэдняя працягласць вегетацыйнага перыяду 185—205 дзён (гл. карту). У асобныя гады можа перавышаць сярэдні паказчык на 30—40 дзён. На ўзвышшах, асушаных балотах, у значных паніжэннях рэльефу на 3—6 сутак карацейшы, чым на суседніх раўнінах. Заканчваецца ў канцы 2-й дэкады кастр. на ПнУ, у пачатку ліст. на ПдЗ. Вегетацыйны перыяд — асн. біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, падборы с.-г. культур, правядзенні с.-г. работ і агратэхн. мерапрыемстваў.

А.​У.​Камароўская.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ у Заходняй Беларусі,

масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл. Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв. кітабаў. З 7—8 ст. н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.

А.​Я.​Супрун.

Арабскае пісьмо.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.

Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.​Радзівіла і В.​Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.​Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.​Н.​Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНА, Заходняя Бярэзіна,

рака ў Беларусі, у Гродзенскай і Мінскай абласцях, правы прыток Нёмана. Даўж. 226 км. Пл. вадазбору 4 тыс. км². Пачынаецца каля в. Бортнікі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Асн. прытокі: Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька (справа), Іслач, Волка (злева).

Даліна выразная, шыр. ў верхняй ч. ад 500 м да 3 км, ніжэй 3—4 км. Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шыр. ў вярхоўі 200—500 м, на астатніх участках ад 300 м да 3 км. Рэчышча моцназвілістае, шыр. ракі ў межань у вярхоўі 5—20 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 20—35 м, паблізу вусця да 50 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў верхнім і сярэднім цячэнні ў канцы сак., у ніжнім — у пач. красавіка. Замярзае ў 2-й пал. снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка Сярэднегадавы расход вады ў вусці 30 м³/с. Мясцовае суднаходства (за 45 км ад вусця) у перыяд высокай вады. У сярэднім цячэнні ракі Сакаўшчынскае вадасховішча. У маляўнічай мясціне (12 км на Пн ад г. Маладзечна) зона адпачынку Барок. Амаль усе прытокі Бярэзіны каналізаваныя. У басейне ракі каля 20 каналаў (агульная даўж. больш за 150 км).

Рака Бярэзіна (басейн Нёмана) у Іўеўскім раёне.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.​Я.​Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.​С.​Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял. Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.​А.​Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас. сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.

т. 1, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗГУ́Р (Заір Ісакавіч) (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.​Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.​І.​Грыцаўцу, Я.​Купалу і Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Мінску, В.​І.​Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.​М.​Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.​Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.​Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Э.​А.​Петэрсон.

З.І.Азгур.
З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),

унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.

Марскі газавы промысел на Азоўскім моры.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,

помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.​Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).

Т.​В.​Габрусь.

Царква Барунскага манастыра базыльян.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)