КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (Labrador ад партуг. lavrador земляроб),
паўвостраў на ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе. Пл. больш за 1,6 млн.км². Абмываецца водамі мора Лабрадор, зал. Св. Лаўрэнція, Гудзонава прал. і Гудзонава зал. Берагі на У высокія, фіёрдавыя, на Пд прамалінейныя, на Пн і З нізкія, месцамі шхерныя. Паверхня пераважна ўзгорыстая (Лаўрэнційскае ўзв.); на ПнУ — горы Торнгат (выш. да 1676 м), цэнтр. ч — Азёрнае плато выш. 500—800 м. У геал. адносінах Л. — частка Канадскага шчыта. Складзены з дакембрыйскіх парод (граніты, гнейсы, габра). З Пн на Пд цягнецца адна з найб. у свеце руданосных зон (гл.Лабрадора жалезарудны пояс). Клімат субарктычны і ўмераны, пад моцным уплывам Паўн. Ледавітага ак. і халоднага Лабрадорскага цячэння. Сярэдняя т-растудз. на Пд -12 °C, на Пн -28 °C; ліп. адпаведна 18 і 7 °C. Ападкаў ад 250 мм на Пн да 1200 мм за год на Пд. На б.ч. паўвострава шматгадовая мерзлата. Рэкі парожыстыя, шмат азёр і балот. Лесатундра і рэдкастойныя хвойныя лясы. Населена ў асн. узбярэжжа. Пушны (куніца, ліс, рысь, андатра) і рыбны промысел. Здабыча жал. руды. Гарады: Сет-Іль, Шэфервіл, Кууджуак, Лабрадор-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАНІ́Н,
правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс.км². Нас. 39,5 млн.чал. (1990). Адм. ц. — Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн.ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На УУсх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на З адгор’і гор Ляасі, у цэнтр.ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕСО́ТА (Minnesota),
штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс.км². Нас. 4658 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г.Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.Х.Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал.прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВА́ДА (Nevada),
штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс.км². Нас. 1746,9 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-растудз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.