про́пуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).

2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.

3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.

4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.

1. Спыніцца, затрымацца на некаторы час, ненадоўга. Не даходзячы з паўкіламетра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці не чуваць чаго. Чорны. Хлопцы прыпыніліся нарадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Гартны. Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. // Спыніць свой рух. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку. Пянкрат.

2. Спыніцца (пра ход, развіццё і пад.). Раптам сівы дзед Змарыўся: Столькі год — не да пацех. Хоць і танец Прыпыніўся, Не сціхае У хаце смех. Дзеружынскі. І жыццё прыпынілася ў дрэве, Бо ўжо сонца рабіну не грэе. Журба.

3. Часова спыніцца дзе‑н., знайсці прыпынак дзе‑н. Таўлай з сям’ёю прыпыніўся ў тым самым сасняку, у адным з зялёных салдацкіх баракаў. Брыль. Як яна маецца, дзе прыпынілася, дзядзька Харытон не ведае. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.

2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.

3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.

4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.

5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сашчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць адно з адным пры дапамозе сашчэпак, клямараў і пад. Сашчапіць паперы. Сашчапіць вагоны. □ [Анікей] сашчэпіць.. [лодкі] цугам, выедзе на раку і ўхопіцца за якую-небудзь баржу, што ідзе на Васілі... Ракітны. // Злучыць разам, сплятаючы (рукі, пальцы). Лёня падняў дзве рукі над галавой, сашчапіў іх і тым самым паказаў, што вітае.. [спявачку]. Сабаленка. Потым.. [капітан] паклаў рукі на стол, зроблены з жэрдак, сашчапіў пальцы. Асіпенка. Чарэнда сашчапіў кулак, чамусьці доўга глядзеў на яго, быццам вывучаў, пасля пацёр кончыкамі пальцаў сваю поўную шчаку і.. сарамліва ўсміхнуўся. Чыгрынаў. // Моцна сціснуць (зубы). Падышоўшы да Наздрэйкавай хаты, .. [Сомік] сашчапіў зубы і кінуўся да акна. Крапіва.

2. Заціснуць, моцна трымаючы што‑н. [Іра] ўзяла і сашчапіла паперку ў кулаку — пэўна, дзеля канспірацыі. Марціновіч.

3. Разм. Сшыць на скорую руку, наспех. — Ідзі, — дазваляе маці. — А я яшчэ пашыю. Да адвячорка яшчэ паспею сашчапіць Ігналю сарочку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.

2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.

3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.

4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які размешчаны ўнізе. Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. Якімовіч.

2. Які знаходзіцца са споду (у 2 знач.). На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак. Чорны.

3. Які мае адносіны да споду (у 4 знач.). [Ніна] выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг. Мележ. Васількевіч са сподняй кішэні скураной тужуркі выняў зашмальцаваны блакноцік, аловак з блішчастым медным наканечнікам. Навуменка.

4. Які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну). Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Вільгельміна ў сподняй спадніцы .. сарамліва падалася ўбок. Гартны. / у знач. наз. спо́дняе, ‑яга, н. Мікола як спаў у адным споднім, гэтак і выскачыў у сенцы, а пасля на гарышча. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.

•••

Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.

Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.

Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.

2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.

3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.

4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.

5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)