збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н.перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШЫ АГУ́ЛЬНЫ ДЗЕ́ЛЬНІК двух ці некалькіх натуральных лікаў, найбольшы з цэлых дадатных лікаў, на якія дзеліцца без астачы кожны з дадзеных лікаў. Калі вядома раскладанне дадзеных лікаў на простыя множнікі, то для атрымання Н.а.дз. гэтых лікаў трэба знайсці здабытак тых множнікаў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раскладаннях, узяўшы кожны такі множнік найменшую колькасць разоў. Напр., паколькі 360=2∙2∙2∙3∙3∙5 і 396=2∙2∙3∙3∙11, то Н.а.дз. гэтых лікаў роўны 2∙2∙3∙3=36. Паняцце Н.а.дз. дастасавальнае і да мнагаскладаў. Н.а.дз. двух ці некалькіх мнагаскладаў ёсць мнагасклад найвышэйшай ступені, на які дзеліцца кожны з іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́СКА,
складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.
Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб.колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял.колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл.Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл.Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПІСНЫ́Я КНІ́ГІ,
1) зводныя дакументы пра колькасць насельніцтва Рас. дзяржавы ў сярэдзіне 17—1-й пал. 18 ст. З’явіліся ў сувязі з заменай пасошнага падаткаабкладання падворным. У сярэдзіне 17 — пач. 18 ст. падворныя П.к. складаліся пры правядзенні як усеагульных перапісаў цяглага (абкладзенага падаткамі) насельніцтва (1646—48, 1676—78, 1710 і 1716), так і перапісаў насельніцтва асобных раёнаў або катэгорый. П.к. 1720-х і 1740-х г. адлюстроўвалі вынікі падушнага перапісу (гл.Падушны падатак).
2) У канцы 16 — пач. 17 ст. назва «апісных кніг» (апісанні гарадоў, сёл, манастыроў) і «глядзенных кніг» (звесткі пра месцазнаходжанне населеных пунктаў, адлегласці і дарогі паміж імі) Рас. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛ,
незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцовае мінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУКЦЫ́НІЯ, пучынія (Puccinia),
род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. Каля 1800 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты злакаў, асаковых, складанакветных, парасонавых, лілейных (гл.Іржа раслін). Маюць вял.колькасць спецыялізаваных форм і рас. На Беларусі каля 200 відаў. Найб. вядомыя П.: злакавая (P. graminis), выклікае сцябловую ржу злакаў, карончатая (P. coronifera) — карончатую ржу аўса, скрытая (P. recondita) — бурую ржу жыта і пшаніцы.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі. Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру. Цыкл развіцця поўны (5 тыпаў споранашэння) і няпоўны, бываюць аднагаспадаровыя (развіццё ўсіх тыпаў споранашэння на адной расліне) і рознагаспадаровыя (гаплоідная і дыплоідная стадыі грыба развіваюцца на розных раслінах).