РАМА́НКА (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 13.3.1936, г. Гомель),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел.АМ. Аўтар манум. твораў з А.М.Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскай вобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБІ́ЛА (Іван Іванавіч) (н. 22.4.1940, Мінск),
рускі пісьменнік. Правадз. чл.
Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1995). Чл.-кар. Акадэміі рас. славеснасці (1997). Скончыў Ін-т фізічнай культуры імя П.Лесгафта (1967). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1994). Старшыня праўлення Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1993). Друкуецца з 1964. Першая кніга — «Абуджэнне» (1977). У кн. «Паказальны бой» (1980), «Усе дні развітання» (1984), «Апошнія канікулы» (1988), складаны свет падлеткаў, праблемы нефармальнага лідэрства.
Жыццё пасляваен. Мінска ў аповесці «Таварная станцыя» (1995). Аповесць «Застаюся ў заслоне» (1982) пра юнага партызана Вял.Айч. вайны Сашу Барадуліна. У кн. «Прысуд» (1997) артыкулы і мемуарны нарыс пра С.Даўлатава. Перакладае на рус. мову вершы С.Законнікава, В.Зуёнка, А.Пісьмянкова. Некат. творы С. экранізаваны і інсцэніраваны. Заснавальнік і гал. рэдактар газ. «Литературный Петербург» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНА (Ія Сяргееўна) (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст.акад. т-ры імя М.Горкага (з 1989 — імя А.Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДАВЯ́НУ ((Sadoveanu) Міхаіл) (5.11.1880, г. Пашкані, Румынія — 19.10.1961),
румынскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл.Рум. акадэміі (з 1921). Скончыў Нацыянальны ліцэй у Ясах (1900). Друкаваўся з 1897. Аўтар сац. раманаў «Вуліца Лэпушняну. Хроніка 1917 г» (1921), «Плыў млын па Сірэце» (1925), у якіх крытыка тагачаснага грамадства. Стваральнік рум.гіст. рамана, у т. л. «Жыццё Штэфана Вялікага» (1934), трылогіі «Браты Ждэр» (1935—42) пра барацьбу рум. народа за нац. незалежнасць. У аповесці «Мітра Какор» (1949, Залаты медаль міру 1950) і гіст. рамане «Нікаарэ Падкова» (1952) роздум пра гіст. шляхі сялянства. Аўтар шматлікіх зб-каў апавяданняў і публіцыстыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.Салавей. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1960.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1957;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Кожевников Ю.А. Михаил Садовяну. М., 1960;
Ройзман П.И. Михаил Садовяну: Биобиблиогр. указ. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМБІЁЗ (ад грэч. symbiōsis сумеснае жыццё),
сумеснае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных сістэматычных груп. Тэрмін увёў ням. батанік Г.А. дэ Бары (1879). Бывае аблігатны С., калі 1 з арганізмаў (ці 2) знаходзяцца ў цеснай залежнасці ад другога і самастойнае існаванне немагчыма, і факультатыўны С. — калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа жыць самастойна. Па характары адносін паміж партнёрамі выдзяляюць тыпы (формы) С.: каменсалізм, мутуалізм, паразітызм. Паміж імі магчымы пераходы, шэраг градацый і пераходных станаў.
Асновай для ўзнікнення С. могуць быць трафічныя (кармленне аднаго з партнёраў за кошт другога нявыкарыстанымі рэшткамі корму, прадуктамі стрававання або яго тканкамі), прасторавыя (пасяленне на паверхні або ўнутры цела другога, сумеснае выкарыстанне норак, домікаў, ракавін) і інш. тыпы ўзаемаадносін. С. можа быць на ўзроўні шматклетачных арганізмаў і асобных клетак (унутрыклетачны С.). У адносіны С. могуць уступаць расліны з раслінамі, расліны з жывёламі, жывёлы з жывёламі, расліны і жывёлы з мікраарганізмамі, мікраарганізмы з мікраарганізмамі.