аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25°паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-й пал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс.км². Найб.глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб.в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎНО́ЧНЫ САЮ́З РУ́СКІХ РАБО́ЧЫХ»,
адна з першых рэв. рабочых арг-цый у Расіі. Створаны ў канцы 1878 у Пецярбургу рабочымі-рэвалюцыянерамі В.П.Абнорскім і С.М.Халтурыным (каля 200 чл.). Узначальваўся ЦК. Праграма (канец 1878) патрабавала для рабочых паліт. правоў і свабод, гал. мэтай «Саюза» лічыла звяржэнне існуючага паліт. і эканам. ладу як несправядлівага. Чл. «Саюза» вялі рэв. прапаганду, удзельнічалі ў стачках, падтрымлівалі стачачнікаў грашовымі сродкамі, імкнуліся ператварыць «Саюз» у агульнарас. арг-цыю, выдавалі лістоўкі, надрукавалі адзіны нумар першай рас. рабочай газеты «Рабочая заря» (лют. 1880). У сак. 1880 пасля шматлікіх арыштаў «Саюз» спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЛЮЗІ́Т (ад піра... +грэч. lusis ачыстка),
мінерал класа аксідаў, аксід марганцу MnO2. Мае да 99% MnO2. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі стоўбчатыя, іголкавыя, зросткі радыяльна-прамяністыя і шаставатыя, масы зямлістыя і сажыстыя, ааліты, коркі і інш. Характэрны псеўдамарфозы (гл.Дэндрыт). Колер чорны, сталёва-шэры, бывае з сіняватай пабегласцю. Цв. 6—6,5 (поліяніт), 2—6 (рыхлыя і шчыльн. агрэгаты). Шчыльнасць адпаведна да 5,2 г/см³ і 4,7—5 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гіпергеннае, радзей нізкатэмпературнае гідратэрмальнае. Гал. мінерал марганцавых руд. Выкарыстоўваецца ў сухіх гальванічных элементах, у шкляной, керамічнай, хім., мед., лакафарбавай, скураной галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК».
беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),
назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас.Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.