ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,

фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл. Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,

галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.

У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H​+), кальцыевыя (Ca​+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H​+) і жалеза (Fe​++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.

Літ.:

Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;

Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

галіна гігіены, якая распрацоўвае і ажыццяўляе прафілакт. мерапрыемствы па ахове і ўмацаванні здароўя падрастаючага пакалення. Вывучае ўплыў прыродных і сац. фактараў на растучы арганізм, яго ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем і распрацоўвае на гэтай аснове гігіенічныя нарматывы.

Асн. праблемы гігіены дзяцей і падлеткаў: заканамернасці росту і развіцця дзіцячага арганізма, стан здароўя дзяцей і падлеткаў і фактары, якія яго фарміруюць, гігіенічныя асновы рэжыму дня і навуч.-выхаваўчага працэсу, гігіена фіз. і працоўнага выхавання, навучання і прафес. адукацыі вучняў; гігіена харчавання ў дзіцячых калектывах, гігіенічныя асновы праектавання і будовы ўстаноў для дзяцей і падлеткаў, патрабаванні да іх добраўпарадкавання і абсталявання, гігіенічнае выхаванне і навучанне здароваму ладу жыцця.

На Беларусі гігіена дзяцей і падлеткаў — частка сан.-эпідэміялагічнай службы і пададдзел яе асн. устаноў — цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. Распрацоўваюцца крытэрыі здароўя і метадалагічныя асновы комплекснай ацэнкі стану здароўя дзяцей, падлеткаў і моладзі; гігіенічныя аспекты аздараўлення ва ўмовах радыеэкалагічнага забруджання, гігіенічныя рэкамендацыі па аптымізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў дзіцячых установах.

Літ.:

Гигиена детей и подростков. М., 1986.

Г.​В.​Лаўрыненка.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,

парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.

І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЯРО́ГА СУ́ПРАЦЬ ІАНІЗАВА́ЛЬНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш. Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.

Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл. Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.

П.​В.​Сычоў.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТУХА́ННЕ ВАГА́ННЯЎ,

памяншэнне амплітуды ваганняў з цягам часу, абумоўленае стратамі энергіі вагальнай сістэмай. Ператварэнне энергіі вагальнай сістэмы ў цеплавую (унутраную) энергію адбываецца ў выніку прысутнасці трэння ў мех. сістэмах (напр., маятнік) і наяўнасці амічнага супраціўлення ў эл. сістэмах (напр., вагальны контур). З.в. можа адбывацца таксама за кошт страт энергіі, звязаных з выпрамяненнем гукавых і эл.-магн. хваль.

Найбольш вывучана З.в. у лінейных сістэмах, дзе памяншэнне энергіі прапарцыянальнае квадрату скорасці руху (мех. сістэма) або квадрату сілы току (эл. сістэма). У гэтым выпадку З.в. мае экспаненцыяльны характар: амплітуда ваганняў памяншаецца паводле залежнасці A(t) = A0e−γt , дзе A0 — першапачатковая амплітуда, γ — каэфіцыент затухання, t — час. З.в. парушае іх перыядычнасць, пры вялікіх каэфіцыентах затухання амплітуда хутка памяншаецца да нуля і ваганні спыняюцца (гл. Аперыядычны працэс). Пры малых затуханнях умоўна карыстаюцца паняццем перыяду як прамежку часу паміж двума паслядоўнымі максімумамі вагальнай фіз. велічыні (сілы эл. току, напружання або размаху ваганняў маятніка і інш.). Гл. таксама Дэкрэмент затухання.

А.​І.​Болсун.

Затуханне ваганняў. A0 — першапачатковая амплітуда ваганняў; T — перыяд ваганняў.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БІЯАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1974 у Мінску на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (з 1959). У ін-це (1998): 11 лабараторый, аддзел біял. выпрабаванняў; доследная вытв-сць (з 1985); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: хімія і біял. дзеянне прыродных біяпалімераў і нізкамалекулярных біярэгулятараў; метады імунахім. і біясенсорнага аналізу для ацэнкі функцыян. стану рэпрадуктыўнай, імуннай і інш. сістэм арганізма чалавека; новыя біятэхналогіі (у т. л. геннаінж.) атрымання біялагічна важных злучэнняў. Распрацаваны шэраг лек. прэпаратаў для лячэння рассеянага склерозу, язвы страўніка, лек. сродкі супрацьлейкознага і супрацьпухліннага характару; экалагічна бяспечныя і эфектыўныя інсектыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі; высокаэфектыўныя стымулятары росту раслін і адаптагены; сродкі павышэння прадукцыйнасці і паляпшэння якасці с.-г. культур. Распрацаваныя ў ін-це метады імунахім. мікрааналізу, неабходнага для дыягностыкі і прафілактыкі разнастайных захворванняў, укаранёны ў практыку мед. устаноў рэспублікі. Працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.А.Ахрэм, А.А.Стральчонак (дырэктар з 1989), чл.-кар. Ф.А.Лахвіч, І.А.Міхайлопула.

М.​Я.​Скурко.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т МЕХА́НІКІ МЕТАЛАПАЛІМЕ́РНЫХ СІСТЭ́М імя У.​А.​Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1969 у Гомелі на базе Аддзела механікі палімераў АН БССР (існаваў з 1963). У ін-це (1998) 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: тэарэт. асновы кіравання трываласнымі, адгезійнымі, антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў і інш. сістэм на аснове арган. і неарган. палімераў з мэтаю стварэння матэрыялаў для дэталей і вузлоў машын, абсталявання і прылад; тэорыя трэння і зношвання палімерных кампазітаў; метады разліку дэталей з палімераў і палімерных кампазітаў. Створаны палімерныя матэрыялы, якія даюць магчымасць значна павялічыць рэсурс і надзейнасць машын, зменшыць адмоўнае ўздзеянне вытв. дзейнасці на навакольнае асяроддзе; распрацаваны метады і спосабы кіравання ўласцівасцямі палімерных матэрыялаў пры дапамозе ўздзеяння эл. і магн. палёў, іанізавальнага выпрамянення, фіз.-хім. мадыфікавання; арыгінальныя тэхналогіі і тэхнал. абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак; працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Б.І.Купчынаў, Ю.М.Плескачэўскі (дырэктар з 1992).

Ю.​М.​Плескачэўскі.

т. 7, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т РАДЫЯЦЫ́ЙНЫХ ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 7 лабараторый, 2 тэхнал. аддзелы. аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка і хімія ўзаемадзеяння высокаэнергетычных выпрамяненняў з рэчывам, распрацоўка тэхналогій і тэхнікі для выкарыстання выпрамяненняў у нар. гаспадарцы. Распрацаваны: тэарэт. метады, мадэлі і матэм. праграмы апісання і аналізу працэсаў узаемадзеяння нуклонаў з ядрамі для разліку ядзерна-фіз. канстантаў трансактынідаў і спектраў нейтронаў, што вылучаюцца ў гэтых працэсах; інфарм. сістэма для комплекснай ацэнкі рызыкі ад уздзеяння на чалавека прымесей таксінаў і канцэрагенаў, якія маюць харч. прадукты, пітная вада, паветра; метад апрамянення харч. прадуктаў для павелічэння тэрмінаў захавання і знішчэння патагеннай мікрафлоры; тэхналогія і абсталяванне для вытв-сці пенаполітэтылену метадам радыяцыйнага сшывання. Створаны: новы кампазіцыйны антыфрыкцыйны матэрыял; устаноўка для рэгенерацыі адпрацаванага травільнага раствору; аўтаматызаваная ацяпляльная сістэма на аснове інфрачырвоных выпрамяняльнікаў; сістэма ачысткі ад фенолу і фармальдэгіду, газавых выкідаў хім. вытв-сцей. Запушчаны ў эксплуатацыю нейтронны генератар (тып НГ-12-1 — адзін з буйнейшых у Еўропе, 1997).

В.​А.​Нікалаеў.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)