НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв. сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).

Літ.:

Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;

Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т. Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРАВА́Л»,

літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал. рэд. А.​Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.​Вясёлы, М.​Галодны, М.​Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.​Багрыцкі, І.​Катаеў, Г.​Караваева, Н.​Агнёў, М.​Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.​Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.​Горбаў і А.​Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.​Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.

Літ.:

Перевальцы: Антология. М., 1930;

Белая Г. Дон-Кихоты 20-х гг. М., 1989.

Г.​М.​Шаладонаў.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,

група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π​+ — часціца і π​− — антычасціца) і 1 нейтральнай (π​0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π​+ і π​− роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π​0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз. сіл; эксперыментальна π​+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π​− і π​0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).

З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π​+ і π​− роўны прыкладна 2,6 10​−8 с, π​0 — 0,9 10​−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),

сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.​Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш. Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),

абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.​Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЭ́ВІЧ ((Różewicz) Тадэвуш) (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),

польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш. Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.​Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.​Танк, В.​Дранчук, Ш.​Раманчук, Я.​Семяжон, апавяданні — Я.​Брыль, П.​Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979;

Избр. лирика. М., 1980;

Стихотворения и поэмы. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовай б. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш. Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ў), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на I-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн.л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.

Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;

Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;

Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (ГРУ́ПА) КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), кайназой, верхняя група агульнай стратыграфічнай шкалы і адпаведная ёй найноўшая эра геал. гісторыі Зямлі. Пачалася каля 67 млн. гадоў назад і цягнецца да цяперашняга часу. Назву прапанаваў англ. геолаг Дж.​Філіпс у 1861.

Падзяляецца на палеагенавую, неагенавую (да 1960 аб’ядноўваліся ў трацічную сістэму) і чацвярцічную (антрапагенавую) сістэмы (перыяды), якія складаюцца з 7 аддзелаў (эпох): палеацэну, эацэну і алігацэну; міяцэну і пліяцэну; плейстацэну і галацэну. У кайназоі адбываліся інтэнсіўныя гораўтваральныя рухі, фарміравалася сучаснае аблічча мацерыкоў і акіянаў, рэльефу і ландшафтных зон. За час альпійскай складкавасці, якая ахоплівае кайназой, утварыліся самыя высокія горныя ланцугі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага ак., на Пд Еўропы і Азіі і інш. К.э. (г.) адзначана павелічэннем кантрастнасці паміж кліматычнымі паясамі наступленнем агульнага пахаладання, якое суправаджалася магутнымі мацерыковымі зледзяненнямі Антарктыды (у алігацэне), паўн. ч. Амерыкі, Еўразіі (у міяцэне) і сярэдніх шырот Паўн. паўшар’я (у плейстацэне). Глабальнае пахаладанне аказала істотнае ўздзеянне на фауну і флору зямнога шара. Дамінуючае становішча ў фауне занялі млекакормячыя. У палеацэне з’явіліся першыя прыматы. Але толькі ў адкладах верхняга кайназою знойдзены косці прымітыўных людзей, таму гэты перыяд называюць антрапагенавым. Змены відавога складу флоры на блізкі да сучаснага адбыліся ў алігацэне. Кайназойскія асадкі намнажаліся пад уплывам частых змен марскіх і кантынентальных умоў. Сярод адкладаў кайназою трапляюцца біяліты (паклады э металагенічнымі анамаліямі, багатымі жал. і поліметал. рудамі), тоўшчы алювіяльных і прыбярэжна-марскіх парод з радовішчамі металаў і бурштыну ў россыпах. У покрыўнай тоўшчы палярных і ўмераных шырот значнае месца займаюць адклады, звязаныя з дзейнасцю ледавікоў.

На Беларусі трапляюцца акумуляцыі К.э.(г.) усіх сістэм і аддзелаў. Іх магутнасць дасягае 300—400 м. Палеагенавыя пароды пашыраны на Пд. Яны прадстаўлены марскімі мергелямі, алеўрытамі і пяскамі палеацэну (сумская світа), эацэну (канеўская, бучацкая і кіеўскія світы), алігацэну (харкаўская світа і ніжняя ч. палтаўскай серыі). Неагенавыя кварцавыя пяскі, гліны і буры вугаль таксама часцей трапляюцца ў паўд. ч., хоць маюць кантынентальнае паходжанне. Найб. магутную тоўшчу К.э.(г.) утвараюць чацвярцічныя (плейстацэнавыя) адклады. Па стратыграфічнай паўнаце, магутнасці, разнастайнасці генет. тыпаў, сувязі з сучасным рэльефам, багацці выкапнёвай флоры і фауны чацвярцічныя адклады Беларусі адносяцца да ліку эталонных у Еўропе. Туг пашыраны марэны ўсіх плейстацэнавых зледзяненняў сярэдніх шырот. Вял. плошчы займаюць водналедавіковыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Паміж ледавіковымі пародамі трапляюцца міжледавіковыя тарфы, гітыі, сапрапеліты. Плейстацэнавая тоўшча характарызуецца фацыяльнай стракатасцю, хуткай зменлівасцю парод па распасціранні, перарывамі паміж слаямі, звязанымі з размывамі і глыбокімі эразійнымі і экзарацыйнымі далінамі, пераадкладаннем арган. і інш. рэшткаў, моцнай гляцыядыслацыраванасцю і адарванасцю, пераносамі парод былым ледавіком. Завяршае К.э.(г.) эпоха «геалагічнай сучаснасці» — галацэн. Кайназойская тоўшча змяшчае радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх, вогнетрывалых і керамічных глін, шкловага пяску, буд. матэрыялаў (пяску, жвіру, гліны), торфу, сапрапелю і праяўленні фасфарытаў, глаўканітаў, бурштыну і інш. Паверхня парод К.э.(г.) выкарыстоўваецца ў гасп. дзейнасці чалавека.

А.​Ф.​Санько.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав. літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.

С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.

Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав. феад. дзяржаў на значнай тэр. Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс. н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст. літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.

Літ.:

Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;

Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;

Славянские языки. М., 1977;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 14, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Талака́ 1 ’калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́ 2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́ ’выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)