А́БАНА-ТЭ́РМЕ (Ábano Terme),
бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Уладзімір Данатавіч) (1.2.1842, Кіеў — 19.2.1914),
украінскі жывапісец-пейзажыст. У 1861—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1874 яе акадэмік, з 1878 прафесар. Удасканальваў майстэрства ў Францыі, Германіі, Швейцарыі, Італіі. Пісаў рамант. пейзажы з эфектамі асвятлення: «Крымскі пейзаж» (1868), «У стэпе» (1874), «Сенакос», «На моры перад навальніцай» (абедзве 1878), «Зацішша» (1890) і інш.
т. 1, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНА (Arno),
рака ў Італіі. Даўж. 248 км, пл. бас. 8,5 тыс. км². Пачынаецца ў Таскана-Эміліянскіх Апенінах, да г. Фларэнцыя цячэ па вузкай даліне, потым на ўзгоркавай раўніне, упадае ў Лігурыйскае м. Веснавыя і асенне-зімовыя паводкі. Моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 138 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Арне — гарады Фларэнцыя, Піза.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАХ ((Beloch) Карл Юліус Альвін) (21.1.1854, Печкендорф, Ніжняя Сілезія — 1.2.1929),
нямецкі гісторык антычнасці. Праф. Рымскага ун-та (1879). Вывучаў сац.-эканам. адносіны, упершыню выкарыстаў стат. метад пры даследаванні эканомікі старажытнасці. Распрацоўваў статыстыку народанасельніцтва ант. свету, а таксама Італіі ў сярэднявеччы і ў новы час. Прадстаўнік цыклічнасці тэорыі. У крытыцы крыніц прыхільнік гіперакрытыцызму.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НЦЫ (саманазва італьяні),
народ, асн. насельніцтва Італіі (54,35 млн. чал.). Агульная колькасць 66,5 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў ЗША (8,5 млн. чал.), Аргенціне (1,35 млн. чал.), Францыі (1,1 млн. чал.), Канадзе, Аўстраліі, Бразіліі і інш. Этнаграфічныя групы: венецыянцы, п’емонтцы, тасканцы, ламбардцы, лігурыйцы, калабрыйцы, сіцылійцы і інш. Гавораць на італьянскай мове. Вернікі пераважна католікі.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЯРЫ (Cagliari),
горад у Італіі, на Пд в-ва Сардзінія. Адм. ц. правінцыі Кальяры. 212 тыс. ж. (1991). Порт у зал. Кальяры Міжземнага м. (пераважна ўвоз нафты). Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., суднабуд., дрэваапр., электратэхн., харч., вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Нац. археал. музей. Бат. сад. Арх. помнікі 12—17 ст. Ваенна-марская база.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́РНА (Livorno),
горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. правінцыі Ліворна. 167 тыс. ж. (1991). Порт на Лігурыйскім м. Прам-сць: судна- і маторабудаванне, нафтаперапр., хім., металург., буд. матэрыялаў. Марская акадэмія. Музей мастака Дж.Фаторы (нарадзіўся ў Л.). Марскі акварыум. Арх. помнікі: рэнесансавыя Старая і Новая крэпасці (16 ст.), сабор (16—17 ст.). Ваенна-марская база.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУРЫ́ЙСКАЕ МО́РА (Mare Ligure),
частка Міжземнага м. паміж а-вамі Корсіка, Эльба і берагамі Францыі, Манака і Італіі. Пл. 15 тыс. км² Глыб. больш за 2,5 тыс. м. Буйны заліў Генуэзскі. Прылівы паўсутачныя, да 0,3 м. Узбярэжжа Л.м. — сусветна вядомы курортны раён (Італьянская і Французская Рыўера). Гал. парты — Генуя, Ліворна, Спецыя (Італія), Ніца (Францыя).
т. 9, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),
старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл. Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.
т. 12, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),
арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)