ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НІКА ВЕНЕЦЫЯ́НА (Domenico Veneziano; да 1410, г. Венецыя, Італія — 15.5.1461),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, напэўна, у Венецыі, з 1439 працаваў у Фларэнцыі (першым увёў тэхніку алейнага жывапісу). Пераадолеўшы традыцыі познагатычнага жывапісу, у сваіх сталых творах («Алтар св. Лучыі», каля 1445—48), паказаў сябе майстрам перспектывы і пластычнай перадачы аб’ёму. У адрозненне ад тагачасных мастакоў фларэнційскай школы жывапісу, аддаваў перавагу каларыстычным задачам, выкарыстоўваў колеравую гаму для перадачы эмацыянальных адценняў — серабрысты тон у яго карцінах стварае адчуванне святла і прасторы («Дабравешчанне»). Урачыстасць арнаментацыі і выразнасць контурных ліній удала спалучаліся ў кампазіцыйнай форме профільнага паяснога партрэта («Партрэт маладой жанчыны», каля 1450). Сярод яго вучняў П’ера дэла Франчэска.
Даменіка Венецыяна. Алтар св. Лучыі. Каля 1445—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЯ́НІ ((Damiani) Даміяна) (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РЦІ ((Ghiberti) Ларэнца) (каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),
італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).
Літ.:
Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.
Л.Гіберці. Ахвяра-прынашэнне Ісаака. Рэльеф усходніх (Райскіх) дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі. 1425— 52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),
італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Сярод вучняў Дж.Лаўры-Вольпі, Я.М.Рэшке.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СА ((Cossa) Франчэска дэль) (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРЫЁЛА ((Labriola) Антоніо) (2.7.1843, г. Касіна, Італія — 2.2.1904),
італьянскі філосаф, публіцыст, дзеяч сацыяліст. руху. Скончыў ун-т у Неапалі. З 1874 праф. Рымскага ун-та. Спачатку падзяляў погляды младагегельянцаў, у 1889—90 перайшоў на пазіцыі марксізму, стаў першым тэарэтыкам і прапагандыстам гэтага вучэння ў Італіі. Адзін з заснавальнікаў Італьян. рабочай партыі (1892, потым Італьян.сацыяліст. партыя). У рамках гіст. матэрыялізму даследаваў праблемы прычыннай абумоўленасці (дэтэрмінізму) грамадскіх з’яў і працэсаў, даваў матэрыяліст. інтэрпрэтацыю форм грамадскай свядомасці, аналізаваў адносіны гіст. матэрыялізму да т.зв.фактараў тэорыі. Выступаў супраць трактоўкі марксізму як замкнутай сістэмы, падкрэсліваў неабходнасць яго развіцця і канкрэтызацыі.
Тв.:
Рус.пер. — Очерки материалистического понимания истории. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).
П.Ламбарда, А.Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́ЛЕ ((Montale) Эўджэніо) (12.10. 1896, г. Генуя, Італія — 12.9.1981),
італьянскіпаэт. Першыя зб-кі «Ракавіны каракаціцы» (1925), «Выпадковасці» (1939) створаны пад уплывам герметызму з яго матывамі тугі, трывогі, адчужанасці і адзіноты. Пошукі выйсця за межы песімізму, антыфаш. і грамадз. тэматыка ў цэнтры зб-каў «Фіністэрэ» (1943), «Бура і іншыя вершы» (1956). У зб-ках «Сатура» (1972) і «Сшытак за чатыры гады» (1977) спалучэнне гуманіст. матываў з сац. іроніяй. Паэтыцы М. ўласціва яснасць і канкрэтнасць, нетрадыц. вобразнасць, лірычны ўнутр. маналог. На бел. мову асобныя яго творы перакладалі Р.Барадулін, М.Стральцоў, А.Шаўня. Нобелеўская прэмія 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́НДЗІ ((Morandi) Джорджа) (20.7. 1890, г. Балоння, Італія — 18.6.1964),
італьянскі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Балонні (1907—13), выкладаў у ёй (1930—56). Майстар нацюрморта. У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана і кубізму («Кактус», 1917), метафізічнага жывапісу («Метафізічны нацюрморт», «Вялікі метафізічны нацюрморт», абодва 1918). Пазней выпрацаваў уласны стыль, які вызначаўся геаметрызмам форм і ліній, яснасцю і рытмічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, аскетызмам прыглушанай колеравай гамы, паэт.-сузіральным ладам, змяшэннем рэальнасці і ідэала мастака: «Ваза з кветкамі» (1924), «Краявід» (1925), «Ракавіны і ваза для садавіны» (1931), «Нацюрморт з кубкамі», «Нацюрморт» (абодва 1953) і інш. Ствараў афорты. Іл.гл. таксама да арт.Італія.