РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,

фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).

Важнейшая колькасная характарыстыка Р м. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл. Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэ́ты ‘гэты’: тэты горшчык; у тэтым куточку (Ян.), сюды ж тэточкі ‘гэтакі’ (Мат. Гом.). Спалучэнне дэістычнага тэ (< прасл. *te) і часціцы то (< *to), дапасаванай па родзе (ESSJ SG, 2, 650), аналагічнае да сеты ‘тс’ (гл.); паводле Бузука — падобнае ўтварэнне це́то з ці ето (Svesl. zb., 164), гл. ці і гэты, паводле ESSJ (SG, 2, 119) — з це, параўн. укр. це ‘гэта’, і то1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,

сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэкамбіна́цыя

(ад рэ- + камбінацыя)

1) размяшчэнне састаўных частак чаго-н. у новым парадку;

2) узаемадзеянне пазітыўных іонаў з негатыўнымі іонамі або з электронамі, у выніку чаго ўтвараюцца нейтральныя часціцы (атамы, малекулы); працэс, адваротны іанізацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

разуме́цца, е́ецца; незак.

1. Падразумявацца, мецца на ўвазе.

2. у знач. пабочн. разуме́ецца (звычайна ў спалучэнні са словамі «само сабой»). Несумненна, канешне, ясна. [Цімоха] цікавіла, галоўным чынам, усё, што датычылася лесу і пастуховае справы: ці ёсць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку. Колас.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы разуме́ецца. Так, вядома, канешне. Разумеецца, я з вялікай ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень. Колас.

4. Зал. да разумець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ну́це ’ну, давайце’: núcie chłopcy próbować (Пятк. 2), ну́це і ну́цё ’выклічнік, які ўжываецца пры паганянні валоў’ (Кліх), ну́цетка ’ну, нутка’ (Нас.), укр., рус. ну́те ’тс’, серб.-харв. ну̏те, ну̏ти ’ну; бач’, славен. nuti, nute ’бач’. З *nu/nǫ (гл. ну) і часціцы *‑te (*‑tě, *‑ti), якую часам спрабуюць звязаць з канчаткам 2‑й асобы мн. л. загад, ладу (ESSJ SG, 1, 329; 2, 506; Фасмер, 3, 88). Параўн. ну́тка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каб, злучн., часц. (ТСБМ). У гаворках: каб (Бяльк., Гарэц., Касп.; лаг., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Сержп. Прымхі, Федар., 1, Шат.), кабы (Нас.). Укр. коби, рус. кабы, ст.-рус. кабы. Усх.-слав. утварэнне ад прыслоўнага *ка (склон. форма займен. *къ, аб якім гл. хто) + часціца ўмоўнага ладу бы, гл. Фасмер, 2, 152; 1, 257. Бел. каб, магчыма, адлюстроўвае не рэдукцыю апошняга гука, а іншы варыянт часціцы ўмоўнага ладу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ РА́ДЫУС у агульнай тэорыі адноснасці,

радыус паверхні (сферы Шварцшыльда) у гравітацыйным полі сферычнага невярчальнага цела, на якой сіла прыцягнення імкнецца да бясконцасці; выпрамяненне ад крыніцы на гэтай паверхні мае бясконцае гравітацыйнае чырвонае зрушэнне. Гравітацыйны радыус вызначаецца масай цела M і роўны rg = 2GM/c​2, дзе G — гравітацыйная пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме.

Гравітацыйны радыус астр. аб’ектаў надзвычай малы ў параўнанні з іх сапраўднымі памерамі, напр., для Зямлі rg = 0,9 см, для Сонца rg = 3 км. Пры рэлятывісцкім гравітацыйным калапсе цела дасягае памераў, меншых за гравітацыйны радыус, і ніякія сілы не здольныя спыніць яго далейшага сціскання пад уздзеяннем сіл прыцягнення. Сфера Шварцшыльда з’яўляецца «гарызонтам падзей» для вонкавага назіральніка (з-пад яе не могуць выходзіць ні выпрамяненне, ні часціцы), таму вобласць r < rg наз. шварцшыльдаўскай чорнай дзірой, а сферу r = rg — шварцшыльдаўскай паверхняй.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.

Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],

нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10​−10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).

Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ​+, Σ°, Σ​), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)