здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл.Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл.Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл.Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае працэсы перадачы цяпла, вільгаці і паветра ў будынках, збудаваннях і іх канструкцыях.
Метадамі будаўнічай цеплатэхнікі ўстанаўліваюць неабходныя цеплатэхн. якасці і параметры агараджальных канструкцый, заканамернасці іх узаемадзеяння з унутр. і навакольным асяроддзем, вызначаюць цепла- і масаабмен унутры канструкцый, даўгавечнасць збудаванняў, умовы падтрымання (з улікам ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра) тэмпературна-вільготнасных гігіенічных умоў у памяшканнях жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў. Даследаванні па будаўнічай цеплатэхніцы вядуць у натурных умовах і кліматычных камерах; у разліках выкарыстоўваюць сродкі матэм. і фіз. мадэлявання, аналітычныя і інш. метады на аснове тэорыі цеплаперадачы, масаабмену, тэрмадынамікі, тэорыі падобнасці і інш. Роля будаўнічай цеплатэхнікі павышаецца пры пашырэнні ў буд-ве аблегчаных агараджальных канструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́лятальнага апарата,
нясучая нерухомая паверхня самалёта, вінтакрыла, планёра, крылатай ракеты і інш. лятальных апаратаў (ЛА), прызначаная пераважна для стварэння аэрадынамічнай сілы. З дапамогай К. забяспечваецца таксама ўстойлівасць і кіравальнасць ЛА.
Складаецца з падоўжных (ланжэроны, стрынгеры) і папярочных (нервюры) сілавых элементаў і жорсткай абшыўкі. Есць К. са зменнай у палёце стрэлападобнасцю. На К. размяшчаюцца перадкрылкі, закрылкі, шчыткі, інш. сродкі механізацыі К. і органы кіравання (элероны, элевоны, інтэрцэптары), а часам апоры шасі і рухавікі. Унутры К. размяшчаюць паліва, ч. абсталявання, камунікацый, зброю і інш. Тэорыю К. распрацоўвалі М.Я.Жукоўскі, С.А.Чаплыгін, С.А.Хрысціяновіч, Г.Глаўэрт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в.Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутрыасн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн.дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКЕ́НД,
сярэдневяковы горад на тэр. Узбекістана (яго руіны за 35 км на ПдЗ ад г. Бухара). Паселішча на месцы П. ўзнікла ў першыя ст.н.э.; у 5—7 ст. П. — буйны гандл -рамесны цэнтр.Найб. росквіту дасягнуў у 9—10 ст. У гэтыя часы займаў пл. каля 20 га; быў абкружаны сценамі з вежамі, складзенымі з цэглы-сырцу і гліняных блокаў (захаваліся ў зах. частцы). Унутры горада знаходзіліся цытадэль, культавыя і свецкія збудаванні, жытлы, майстэрні (пераважна ганчарныя). У наваколлі П. размяшчаліся замкі і ваен. фарты. У 11 ст. П. заняпаў; у пач. 12 ст. і ў 14—15 ст. часткова адрадзіўся. Археалагічна вывучаўся ў 1914, 1939—40, 1954—56.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СТАБА (араб., літар. каменная лава),
сучасная назва стараж.-егіпецкіх грабніц дадынастычнага перыяду, эпох Ранняга (каля 3000 — каля 2800 да н.э.) і Старажытнага (каля 2800 — каля 2250 да н.э.) царстваў. Складаецца з наземнай (прамавугольная ў плане з нахіленымі да цэнтра сценамі пад плоскім дахам) і падземнай (пахавальная камера з адным ці некалькімі памяшканнямі) пабудоў, злучаных шахтай. У перыяд IV дынастыі набыла класічную форму: зверху — строгі аб’ём з гладкімі сценамі, унутры — складаная планіроўка залаў, калідораў, дзе размяшчаліся саркафаг з муміяй, статуі (умяшчальня душ памерлых), пахавальныя рэчы; сцены ўпрыгожваліся рэльефамі і размалёўкай. Найб. вядомы М. ў царскім некропалі паблізу г.Гіза (Егіпет).
Літ.:
Михаловский К. Пирамиды и мастабы: Пер. с пол. Варшава, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́РНІК (Elytrigia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.