ПАЎЛЮКО́ЎСКІ Уладзіслаў [1.5.1895, в. Ініца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 8.9 (паводле інш. звестак 8.11). 1955], бел. паэт, перакладчык, этнограф. Вучыўся ў Харкаўскім маст. вучылішчы. З сярэдзіны 1920-х г. жыў у Вільні. Супрацоўнічаў у газ. «Народная справа», час. «Авадзень», «Маланка». Як графік удзельнічаў у выданні календароў, падручнікаў, часопісаў. У 1926 зняволены ў турму «Лукішкі», у 1939 у Бяроза-Картузскі канцлагер. Пад псеўд.Улад.-Ініцкі друкаваў вершы пераважна пра цяжкое жыццё селяніна, перажыванні палітвязня. Пісаў апавяданні. У творах П. адчуваецца фалькл. ўплыў. У 1934 у час. «Шлях моладзі» апублікаваў серыю этнагр. эцюдаў, прысвечаных бел. земляробчаму календару (аграрныя абрады, звычаі, гадавыя святы разглядаў у кантэксце з культ. традыцыямі інш. народаў). Запісваў нар. песні і прыказкі. Пра зняволенне ў Бяроза-Картузскім канцлагеры ва ўспамінах «Арышты. Бяроза і воля» (1940). На бел. мову перакладаў творы Л.Талстога (зб-кі «Ці шмат чалавеку трэба зямлі...», 1928; «Ад чаго зло на свеце», 1929). З 1945 дырэктар Літ. музея імя А.С.Пушкіна ў Вільнюсе. У 1948 арыштаваны. Вярнуўся з лагера ў 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай уладцарк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШКАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 на чале з асн. групай у в. Прошкі Асвейскага р-на Віцебскай вобл. (кіраўнікі В.І.Лукашонак, Я.У.Фралёнак) пад кіраўніцтвам Асвейскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Мела групы (каля 30 чал., беларусаў, латышоў, рускіх, яўрэяў і інш.) у в. Забор’е (Рэзекненскі пав., Латвія, кіраўнік А.М.Гром), Рылькі (П.С.Смычкоў) і Ляхава (М.І.Сасноўская; абедзве ў Себежскім р-не, Расія), Востраў (С.Аржанік), Сукалі (В.Шыпіла), піянерскае звяно ў в. Стралкі (Дз.Зубар; усе Асвейскага р-на) і інш. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расон, Латвіі, партыз. атрадам імя Фрунзе. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, падбіралі людзей у партызаны, зрывалі мерапрыемствы акупац.улад, вялі разведку, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага р-наў, з партызанамі — ням. гарнізон у мяст. Шкяўне (Латвія). Вясной 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У в. Прошкі Верхнядзвінскага р-на ў гонар падполля стэла.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п.Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.М.Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.А.Альшанікаў), Грачушына (У.А.Яфрэменка), Клясціцы (С.П.Пархімовіч, І.М.Малахаў, Б.Я.Руба), Мілавіды (І.М.Марачкоўскі), Пірагі (У.А.Хамчаноўскі), Ражнова (М.М.Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац.улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),
1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.
2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас.улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.
4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням.улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычна-эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац.паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н (West Berlin),
асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км². Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн.чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).
23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.
5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл.Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац.улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.
Літ.:
Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.