ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,

чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс. г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.​Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.

Л.​І.​Цягака.

Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОС (ад англ. cross перасякаць),

спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.

Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІПУ́Р,

старажытны шумерскі горад, рэліг. цэнтр, месца культу вярх. бога Энліля (на ПдУ ад сучаснага г. Эд-Дыванія ў Іраку). У 18 ст. да н.э. захоплены Вавілонам, пазней меў унутр. аўтаномію. Археал. раскопкамі канца 19 — пач. 20 ст. ўзноўлены план і арх. помнікі стараж. часткі Н.: палацы правіцеляў Нарамсіна і Шаркалішары (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), Ур-Наму (канец 3-га тыс. да н.э.), Ашурбаніпала (7 ст. да н.э.), храм Энліля-Экур з зікуратам. У 80 памяшканнях жрэцкай б-кі захавалася каля 60 тыс. гліняных клінапісных таблічак, у якіх зафіксавана большая частка шумерскай л-ры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МАГІЛЁВА Утвораны ў 1990 у Магілёве. Размешчаны ў б. архірэйскім палацы

(пабудаваны ў 1762—85 па ініцыятыве архіепіскапа Г.​Каніскага) і будынку 19 ст. Мае каля 5 тыс. адзінак асн. фонду (2000),

якія размешчаны па перыядах з часоў узнікнення стараж. паселішчаў на тэр. сучаснага горада. Сярод экспанатаў каменныя сякеры 3—2-га тыс. да н.э., язычніцкія абярогі, амулеты, лунніцы 10—12 ст., кафля 16—18 ст., старадрукі 18 ст., сувоі канца 18 ст., абразы канца 18—19 ст., матэрыялы, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, зменам арх. аблічча горада на працягу апошняга стагоддзя. Музей праводзіць тэматычныя выстаўкі.

І.​А.​Пушкін.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тусня́ разм. ‘зборышча людзей па інтарэсах з мэтай абмену думкамі; хаўрус, зносіны, шырокая кампанія’ (Свабода, 2003, 12 лістап.), ‘таўкатня, суталака’: Мы неаддзеленыя ад жыцця, ад вялікай тусьні (Наша Ніва, 2011, 27 лют.); сюды ж тусо́ўка слэнг. ‘сустрэча моладзі з мэтаю баўлення часу’ (Рамза, Бел. гутарк.), ‘група людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, кампанія’ (2004 г.), ‘любыя нефармальныя адносіны’ (1988 г.) (Улас.), тусава́цца ‘збірацца (аб кампаніі)’ (КТС). Калька пранікненняў з рускай мовы (тусо́вка ‘тс’, тусова́ться ‘тс’), якія ўзыходзяць да турэмна-блатнога жаргону: тусова́ть ‘біць, збіваць’, тусова́ться ‘збірацца’, ‘хутка адыходзіць, змывацца’, тусо́вка ‘бойка’, ‘скандал’ і ‘кампанія’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 163–166. Першапачаткова ад тасова́ть, тасо́вка (Арол, 4, 121), да семантыкі сучаснага слова параўн. смал. тусова́ть ‘мітусліва, трывожна рухацца’, тусова́ться ‘многа рухацца’ (СРНГ), параўн. тасава́ць, тасува́цца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНАСА́ЗІ,

археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст. н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),

максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс. г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).

М.​Я.​Камароўскі.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),

правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л. Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.

Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ТЫ, касеі,

кісіі (акадскае кашы),

старажытныя плямёны, якія жылі ў гіст. вобласці Лурэстан (ПдЗ сучаснага Ірана) у 2—1-м тыс. да н.э. Этн. прыналежнасць дакладна невядома. Часткова насялялі дзяржаву Элам. З сярэдзіны 18 ст. да н.э. рабілі набегі на Вавілонію, да пач. 16 ст. заваявалі, у 1518—1157 да н.э. правілі ў ёй (т.зв. касіцкая дынастыя; найб. вядомы помнік архітэктуры гэтага перыяду — храм 15 ст. да н.э. цара Караіндаша ва Уруку).

Апошняга цара касіцкай дынастыі Эліль-надзіна-аху [1159—57 да н.э.] скінуў цар Элама Шутрук-Нахунтэ I, які заваяваў Вавілонію і падпарадкаваў К. У ант. крыніцах у апошні раз К. згадваюцца ў 324 да н.э. пры Аляксандру Македонскім.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)