КА́ВАС (Катэрына Альбертавіч) (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),

расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.​Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус. муз. т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.​Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.

Літ.:

Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАША ((Kadosa) Пал) (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),

венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.​Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.​Кошута 1950, 1975 і Ф.​Эркеля 1955, 1962.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛО́ ((Lalo) Эдуар Віктор Антуан) (27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),

французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т. л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп. муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т. л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),

французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;

Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.​Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.​Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.​Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.​Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.​Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.​Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.

Літ.:

С.​Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́ВА (Галіна Рыгораўна) (н. 20.7.1928, г. Гомель),

бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1984). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1956). З 1956 выкладала ў Херсонскім і Гомельскім муз. вучылішчах, у Бел. кансерваторыі. З 1962 (з перапынкам) у ІМЭФ Нац. АН Беларусі. Асн. працы па тэарэт. пытаннях оперы і яе канкрэтным сцэн. увасабленні. Аўтар манаграфій «Беларуская савецкая опера» (1967), «Пытанні драматургіі оперы» (1979), «Кампазіцыя оперы» (1983). Навук. кіраўнік, рэдактар і сааўтар выдання «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97). Распрацавала навуч. праграму і курс асноў опернай драматургіі для муз. ВНУ. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Н.​И.​Аладов. Л., 1970;

Заметки о белорусской опере // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977;

Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ-СТАЯ́Н (сапр. Стаян-Себаў) Канстанцін Іванавіч

(25.3.1853, в. Пятроўка Адэскай вобл., Украіна — 13.6.1914),

балгарскі спявак (тэнар), рэжысёр, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. У 1888—94 артыст Вял. т-ра ў Маскве, Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. Выступаў у оперных спектаклях у Віцебску, розных гарадах Расіі. Выкладаў. З 1907 у Балгарыі. З 1908 заснавальнік і кіраўнік «Балгарскага опернага таварыства» (з 1921 Сафійская нац. опера). Сярод партый: Манрыка, Радамес («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі, Герман («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Аўтар тэарэт. прац па мастацтве спеваў.

Тв.:

Рус. пер. — Исповедь тенора. Т. 1—2. М., 1895—96.

Літ.:

Кръстев В.К. Михайлов-Стоян... // Музикални хоризонти. 1984. № 4.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКА́НЫ ((Mascagni) П’етра) (7.12. 1863, г. Ліворна, Італія — 2.8.1945),

італьянскі кампазітар; заснавальнік муз. верызму. Чл. Італьян. акадэміі (1929).

Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1881—84). З 1885 дырыжор і кіраўнік невял. оперных і аперэтачных труп. У 1895—1902 дырэктар Муз. ліцэя імя Дж.​Расіні ў г. Пезара, потым Нац. муз. школы ў Рыме. Сусв. вядомасць прынесла яму опера «Сельскі гонар» (паст. 1890), дзе найб. яскрава вызначыліся характэрныя рысы верызму. Сярод інш. твораў: оперы «Сябар Фрыц» (паст. 1891), «Браты Ранцау» (паст. 1892), «Вільям Раткліф» і «Сільвана» (паст. 1895), «Ірыс» (паст. 1898), «Маскі» (паст. 1901), «Аміка» (паст. 1905), «Парызіна» (паст. 1913), «Ладалета» («Жаваранак»; паст. 1917), «Маленькі Марат» (паст. 1921), «Нерон» (паст. 1935); аперэты; аркестравыя, вак.-сімф. і фп. творы; музыка да кінафільмаў і інш.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБРА́Н ((Malibran) Марыя Фелісіта) (24.3.1808, Парыж — 23.9.1836),

французская спявачка (каларатурнае мецца-сапрана); адна з буйнейшых спявачак 1-й пал. 19 ст. Сястра П.Віярдо-Гарсія. З 1816 вучылася пад кіраўніцтвам бацькі — вак. педагога М.​Гарсіі. З 1825 выступала на оперных сцэнах Лондана, Парыжа, гарадоў Італіі. Гастраліравала разам з мужам — Ш.Берыо. Валодала голасам вял. дыяпазону, асабліва выразным і прыгожым у ніжнім рэгістры. Яе выкананне вылучалася імправізацыйнай свабодай, артыстызмам, тэхн. дасканаласцю. Сярод лепшых партый: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.​Беліні), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена), Джульета («Рамэо і Джульета» Н.​Цынгарэлі), Дэздэмона, Разіна («Атэла», «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Аўтар накцюрнаў для фп., рамансаў і інш. Ёй прысвечана опера амер. кампазітара Р.​Р.​Бенета «Марыя Малібран» (1935).

М.Малібран у касцюме Дэздэмоны. Партрэт работы мастака Л.​Педрацы. 1834.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пастара́ль

(фр. pastorale, ад лац. pastoralis = пастухоўскі)

1) адна з форм буколікі, жанр заходнееўрапейскай літаратуры і мастацтва 14—18 ст.; невялікая ідылічная п’еса любоўна-лірычнага характару з жыцця пастухоў і пастушак;

2) невялікая опера, балет, пантаміма на ідылічны вясковы сюжэт;

3) інструментальная п’еса, якая малюе карціну прыроды або жанравую вясковую сцэну.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)