ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).

П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст. асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.

У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.

На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн. т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс. т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн. т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн. м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн. т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.

А.​А.​Пінчук.

Здабыча паліва па відах на Беларусі
Нафта (уключаючы газавы кандэнсат), млн. т Газ натуральны, млн. м³ Паліўны торф (умоўнай вільготнасці), млн. т
1980 2,6 320 4,9
1985 2,0 224 4,8
1990 2,1 297 3,4
1995 1,9 266 3,1
1998 1,8 252 2,0

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),

найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт. арг-цыя еўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).

У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.​Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЎТО́НСКІ О́РДЭН (лац. Ordo Theutonicorum), Нямецкі ордэн,

афіцыйная назва Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Іерусаліме, каталіцкая рыцарска-манаская арг-цыя і дзяржава. Засн. ў Палесціне ў 1198—99 пасля 3-га крыжовага паходу для апекі над пілігрымамі, хворымі і барацьбы з «нявернымі» (мусульманамі). У ім дамінавалі немцы. У Т.о. уваходзілі браты-рыцары, капеланы і працаўнікі. Вышэйшы кіраўнік — пажыццёва выбраны вял. магістр, якому падпарадкоўваліся цэнтр ураднікі — комтур, маршал і інш. Рэзідэнцыі вял. магістра — гарады Акон у Палесціне (да 1291), Венецыя (1291—1309), Мальбарк (1309—1457), Каралявец (Кёнігсберг; з 1457). Уладанні ордэна ў розных частках «Свяшчэннай Рым. імперыі» падзяляліся на вобласці на чале з краёвымі магістрамі: Нідэрланды, Багемія, Аўстрыя, Цюрынгія-Саксонія, Эльзас-Бургундыя, Латарынгія, Кобленц, Марбург, Боцэн і Вестфалія. У 1221 рым. папа вызваліў Т.о. ад кантролю свецкіх улад. Усталяванне ордэна ў Прусіі адбывалася на падставе прывілея імператара Фрыдрыха II (1226), Крушвіцкага дагавора з кн. Конрадам I Мазавецкім (1234), які дазволіў стварэнне рыцарскай дзяржавы ў Прусіі, і булы папы Грыгорыя IX (1234), які перадаў зямельныя ўладанні ордэну ў якасці папскага лена. Па просьбе мазавецкага князя рыцары пачалі барацьбу з прусамі, якіх канчаткова падпарадкавалі да 1283. У 1233 да Т.о. далучана ч. Дабжынскага ордэна, у 1237 — Лівонскі ордэн. Ордэнская дзяржава імкнулася пашырыць сваю тэр. за кошт суседзяў — ВКЛ (гл. Паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь) і Польшчы, у якой у 1308—09 захапіла Гданьскае Памор’е, а пазней і інш. землі. Экспансія Т.о. на слав. і літ. землі была спынена паражэннем у Грунвальдскай бітве 1410, пасля чаго пачаўся яго заняпад. Паражэнне ў Трынаццацігадовай вайне 1454—66 пазбавіла ордэн шэрагу зямель і гарадоў, у т. л. Мальбарка, і ператварыла яго ў васала Польшчы (гл. Тарунскі мір 1466). У 1525 апошні вял. магістр Альбрэхт Брандэнбургскі секулярызаваў ордэнскую дзяржаву і ператварыў яе ў свецкае герцагства Прусія (гл. таксама Прусія). Як міжнар. каталіцкая арг-цыя Т.о. існуе і цяпер (сядзіба і архіў у Вене), вядзе рэліг. і асв.-дабрачынную дзейнасць.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХА́СКАЯ ВАЙНА́ 1835—36, мексікана-тэхаскі канфлікт,

узброенае паўстанне паўн.-амер. каланістаў Тэхаса супраць мекс. улад. Узнікла з-за пытання аб адм. і дзярж. прыналежнасці гэтай тэр., якое папярэднічала фактычнаму аддзяленню Тэхаса ад Мексікі і наступнаму далучэнню яго да ЗША. Выклікана незадаволенасцю белых перасяленцаў з ЗША, што колькасна пераважалі ў Тэхасе (30 тыс. чал. супраць 3,5 тыс. мексіканцаў, 5 тыс. неграў і 14—20 тыс. індзейцаў), палітыкай мекс. урадаў з 1830 (забарона далейшай міграцыі з ЗША ў памежныя мекс. землі, увядзенне пошлін на імпарт тавараў з ЗША, адмова каланістам утварыць на тэр. Тэхаса асобны штат, скасаванне памяркоўнай федэральнай канстытуцыі Мексікі 1824 і інш.). ЗША фармальна захоўвалі нейтралітэт, але пастаўлялі каланістам грошы, зброю, боепрыпасы, амуніцыю, добраахвотнікаў. У чэрв. 1835 атрад амерыканцаў на чале з У.​Трэйвісам заняў паселішча Анаўак. 2 кастр. паўстанцы спынілі мекс. войскі каля паселішча Гансалес, 9 снеж. пасля аблогі занялі г. Сан-Антоніо. Але 23.2.1836 горад блакіравала 6-тыс. армія пад камандаваннем дыктатара Мексікі А.​Санта-Аны, якая 6 сак. знішчыла тут у місіі Эль-Алама 182 амер. валанцёры. 1 сак. ў г. Вашынгтон-на-Бразас адкрыўся Ген. канвент «прадстаўнікоў народа Тэхаса» (58 дэлегатаў, з іх 3 мексіканцы), які 2 сак. абвясціў аддзяленне ад Мексікі і ўтварэнне незалежнай «Рэспублікі Тэхас» (прэзідэнтам стаў Д.​Г.​Бэрнет). Яе канстытуцыя (прынята 17 сак.) узаконіла рабства і ўвоз неграў-рабоў. 21 крас. 783 паўстанцы на чале са сваім галоўнакаманд. С.​Х’юстанам раптоўна атакавалі і разграмілі 4-тыс. авангард Санта-Аны (трапіў у палон) каля вусця р. Сан-Хасінта (вырашальная бітва). У сак. 1837 незалежнасць Тэхаса афіцыйна прызналі ЗША, а ў 1839—40 таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Бельгія. Т.в. пагоршыла адносіны паміж Мексікай і ЗША. Далейшае абвастрэнне 2-баковых адносін выклікала амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48, у выніку якой ЗША зацвердзілі свой суверэнітэт над Тэхасам.

Літ.:

История США. Т. 1. М., 1983;

Потокова Н.В. Аннексия Техаса Соединенными Штатами Америки, 1821—1845 гг. Ростов н/Д, 1986.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКІЯ АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ (Nederlandse Antillen),

уладанне Нідэрландаў у Вест-Індыі, на 5 астравах з групы Малых Антыльскіх астравоў. Афіцыйна лічацца часткай Каралеўства Нідэрланды, карыстаюцца аўтаноміяй ва ўнутр. справах. Пл. 800 км². Нас. 207,8 тыс. чал. (1999). Афіц. мова — нідэрландская, вельмі пашырана мясц. крэольская мова «папіямента» (на аснове ісп. і партуг. моў). Адм. ц. — г. Вілемстад на в-ве Кюрасао. 5 адм. адзінак (на кожным востраве мясц. органы ўлады). Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).

Прырода. 2 найб. а-вы — Кюрасао (пл. 444 км²) і Банайрэ (пл. 288 км²) — знаходзяцца каля ўзбярэжжа Венесуэлы, 3 дробныя — Сен-Мартэн (падзелены паміж Францыяй і Нідэрландамі), Сінт-Эстатыус і Саба (агульная пл. 68 км²) — на Пн, на У ад в-ва Пуэрта-Рыка. Астравы ўзгорыстыя і раўнінныя, в-аў Саба — патухлы вулкан (выш. 862 м). З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Кюрасао), пемза, буд. матэрыялы. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў на Пд каля 500 мм за год. Расліннасць складаецца пераважна з сухіх хмызнякоў і кактусаў. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Жывуць мулаты (85%), негры (10%), выхадцы з Нідэрландаў, Венесуэлы, Бразіліі, краін Усх. Азіі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 1 %. Сярэдняя шчыльн. 260 чал. на 1 км². Каля 95% насельніцтва засяроджана на паўд. а-вах, дзе шчыльн. 300—350 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. Большая ч. насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 28% — у прам-сці і гандлі.

Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў канцы 15 ст. У 1630—40 іх занялі галандцы (у 1634 нідэрл. Вест-Індская кампанія ў пошуках баз заняла а-вы Кюрасао, Арубу, Банайрэ); пасля неаднаразова акупіравалі іспанцы, англічане, французы. У 1807—16 Падветраныя (Банайрэ, Кюрасао, Аруба) і ў 1810—16 Наветраныя (Сен-Мартэн, Сінт-Эстатыус, Саба) астравы — брыт. ўладанне. У 1816 адышлі да Нідэрландаў. У 1863 тут адменена рабства. Эканам. ўздым пачаўся ў 1920-я г. з пабудовай заводаў па перапрацоўцы венесуэльскай нафты. У 1954 атрымалі статус федэрацыі з унутр. самакіраваннем. У 1977 насельніцтва в-ва Аруба прагаласавала за стварэнне самаст. дзяржавы; з 1.1.1986 востраў — асобная тэр. ў складзе Каралеўства Нідэрландаў. Спробы нідэрл. ўрада змяніць статус інш. астравоў адхілены насельніцтвам (рэферэндумы 1993 і 1994).

На в-ве Кюрасао дзейнічаюць Нац. нар. партыя, Новы антыльскі рух, Дэмакр. партыя, Рабочы фронт вызвалення. На Банайрэ вядучая партыя — Патрыят. саюз, на Сен-Мартэне — Дэмакр. партыя.

Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрываюць абслугоўванне замежных турыстаў і прам-сць. Штогадовы даход на 1 чал. каля 11,5 тыс. долараў. У абслуговых галінах атрымліваюць 84% валавога ўнутр. прадукту, у прам-сці — 15%, у сельскай гаспадарцы — 1%. Астравы з’яўляюцца важным раёнам турызму. Сухі і цёплы клімат, выдатныя пляжы, арх. і гіст. помнікі 17—19 ст. прыцягваюць больш за 1 млн. турыстаў штогод (пераважна з ЗША, Канады, Зах. Еўропы). Найб. турыстаў бывае на а-вах Кюрасао і Сен-Мартэн. У прам-сці найб. развіта перапрацоўка імпартнай нафты (пераважна з Венесуэлы і Мексікі) на нафтаперапр. з-дзе на в-ве Кюрасао (штогод каля 15—20 млн. т). Працуюць 3 транзітныя нафтавыя тэрміналы па перагрузцы нафты і нафтапрадуктаў на буйнатанажныя танкеры Буйны цэнтр суднарамонту, на в-ве Кюрасао дзейнічае сухі док, які можа абслугоўваць судны водазмяшчэннем да 155 тыс. т. Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1996). Ёсць прадпрыемствы тэкст., харч., цэлюлозна-папяровай, тытунёвай, лікёра-гарэлачнай (вядомы лікёр «Кюрасао») прам-сці. Праводзіцца зборка электронных кампанентаў з імпартаваных дэталей. Невял. здабыча фасфарытаў (в-аў Кюрасао), пемзы (в-аў Сінт-Эстатыус), солі з марской вады. Саматужныя промыслы (выраб сувеніраў, капелюшоў-панам). У сельскай гаспадарцы з-за недахопу вады выкарыстоўваецца толькі 8 тыс. га зямлі (10% тэр.). Асн. культуры — алоэ, сорга, бабовыя, цукр. трыснёг, бавоўнік, агародніна, фрукты. Малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Астравы з’яўляюцца афшорнай зонай, на іх тэр. дзейнічаюць філіялы замежных банкаў і кампаній, што прыносіць краіне дадатковы прыбытак. Унутр. транспарт аўтамабільны, на астравах 600 км аўтадарог. Марскі флот абслугоўвае знешнегандл. перавозкі. Да партоў (Вілемстад, Кралендэйк, Філіпсбург) прыпісаны гандл. флот водазмяшчэннем больш за 1 млн. т. 5 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. на а-вах Кюрасао, Банайрэ, Сен-Мартэн. А-вы Кюрасао і Банайрэ злучаны з нафтавымі радовішчамі Венесуэлы падводнымі нафтаправодамі. У 1997 экспарт склаў 268,2 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. Экспартуюць нафтапрадукты (больш за 90% кошту экспарту), электронныя вырабы, лікёр, фасфарыты, алоэ і інш.; імпартуюць нафту, разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (28% экспарту, 16% імпарту), Венесуэла (34% імпарту), Мексіка (16% імпарту), Нідэрланды, Бельгія і інш. Краіна атрымлівае дапамогу ад Нідэрландаў. Грашовая адзінка — нідэрландскі антыльскі гульдэн (фларын).

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),

гістарычная вобласць у Францыі, у бас. р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн. індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн. трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.

У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст. б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх. ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).

Да арт. Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРДАПЕДАГО́ГІКА (ад лац. surdus глухі + педагогіка),

галіна дэфекталогіі, якая даследуе заканамернасці і асаблівасці выхавання, навучання і карэкцыі развіцця дзяцей з парушэннем слыху (глухіх і са слабым слыхам). Цесна звязана з агульнай педагогікай, алігафрэнапедагогікай, лагапедыяй, псіхалогіяй, сурдапсіхалогіяй і інш.

Першыя выказванні пра магчымасць навучання глухіх дзяцей сустракаюцца ў творах Арыстоцеля. У 16 ст. італьян. вучоны Дж.​Кардана выказаў меркаванне пра магчымасць засваення мовы з дапамогай яе пісьмовай формы. У Іспаніі рабіліся спробы навучання з выкарыстаннем дактылалогіі. У 1620 у Мадрыдзе выдадзены першы метадычны дапаможнік для навучання глухіх дзяцей «Аб прыродзе гукаў і майстэрстве навучыць глуханямога гаварыць» Х.​П.​Банета. Тэарэтычнымі распрацоўкамі праблем С. ў розны час займаліся І.​Аман (Нідэрланды), К.​Маліш, І.​Фатэр (Германія), Ш.​Эпе (Францыя), А.​І.​Дзьячкоў, С.​А.​Зыкаў, М.​М.​Лагоўскі, Ф.А. і Ф.Ф. Раў, В.​І.​Флеры, П.​Дз.​Янько і інш. (Расія).

На Беларусі даследаванні ў галіне С. вядуцца з 1960-х г. (І.​М.​Бобла, В.​В.​Дзюрыч, Т.​Л.​Ляшчынская). З 1970-х г. пачалі распрацоўвацца развіццёвыя тэхналогіі (Т.​І.​Абухава, Т.​А.​Грыгор’ева, С.​Ф.​Лявяш), з 1990-х г. — праблемы выкарыстання жэставага маўлення (Грыгор’ева, Л.​С.​Дзімскіс, І.​К.​Фамянок) і інш. Першае вучылішча для глухіх дзяцей адкрыта ў Мінску ў 1888. У 1896 І.​В.​Васютовіч заснаваў вучылішча ў Віцебску. Існавалі яны на дабрачынныя сродкі. У 1925 у Мсціславе пачаў працаваць т.зв. Ін-т глуханямых (пасля пераўтвораны ў школу), куды былі пераведзены навучэнцы з Мінскага і Віцебскага вучылішчаў. Выкладалі ў іх пераважна выпускнікі навуч. устаноў Масквы і Пецярбурга. У дзярж. сістэме спец. адукацыі Рэспублікі Беларусь для дзяцей з парушэннямі слыху дзейнічаюць Рэсп. цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху ў Мінску, дашкольныя аддзяленні ў Віцебску і Пінску, дзіцячы сад у Гомелі, групы ў дзіцячых садах у Брэсце, Гродне, Магілёве, Мазыры, дзіцячы дом у Бабруйску, школы ў Ашмянах, Бабруйску, Віцебску, Гарадзеі, Гомелі, Гродне, Ждановічах, Кобрыне, Мінску, Мсціславе, Пінску, Поразаве, Рэчыцы; існуюць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннем слыху (школа № 91, г. Мінск), класы з інтэграваным навучаннем у агульнаадук. школах і інш. (гл. Беларускае таварыства глухіх). Практыкуецца таксама індывідуальнае навучанне. Сурдапедагогаў рыхтуе Бел. пед. ун-т.

Літ.:

Выхаванне дзяцей з парушаным слыхам. Мн., 1996;

Григорьева Т.А. Развивающее обучение детей с нарушенным слухом. Мн., 2000;

Обухова Т.И. Основы дошкольной сурдопедагогики. Мн., 2001.

Т.​А.​Грыгор’ева.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛКЛЕ́НДСКІЯ (МАЛЬВІ́НСКІЯ) АСТРАВЫ́ (англ. Falkland Islands, ісп. Islas Malvinas),

уладанне Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна), на аднайм. архіпелагу ў паўд.-зах. ч. Атлантычнага акіяна. Пл. 12,2 тыс. км². Нас. 2,8 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Порт-Стэнлі. Афіц. мова — англійская.

Прырода. Складаецца з 2 буйных а-воў — Усх. Фолкленд (Саледад) і Зах. Фолкленд (Гран-Мальвіна) і каля 200 дробных астравоў. Выш. да 706 м (г. Адам на в-ве Зах. Фолкленд). Берагі моцна парэзаныя. Радовішчы нафты і газу (у шэльфавай зоне). Клімат акіянічны, халаднаваты, з моцнымі вятрамі і туманамі. Сярэднегадавыя т-ры не перавышаюць 10 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Злакавыя лугі, пусткі і тарфяныя балоты. Шмат марскіх птушак.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — англічане і шатландцы. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 0,23 чал. на 1 км². Адзіны горад — Порт-Стэнлі (1,6 тыс. ж., 1998) на в-ве Усх. Фолкленд. Большая ч. насельніцтва занята ў жывёлагадоўлі.

Гісторыя. Адкрыты ў 1592 англ. капітанам Дж.​Дэйвісам. У 1764 франц. мараплавец Л.А.Бугенвіль заснаваў на Усх. Фолклендзе франц. пасяленне, у 1765 англ. пасяленне ўзнікла на Зах. Фолклендзе. У 1767 франц., а ў 1770 англ. каланісты выгнаны іспанцамі, якія абвясцілі Ф.(М.)а. сваім уладаннем. У 1820 правы на Ф.(М.)а. заявіла Аргенціна і прызначыла туды свайго губернатара. У 1833 астравы захапіла Вялікабрытанія (з 1892 асобная яе калонія) і засяліла іх выхадцамі з Брытанскіх а-воў. У 1965 Аргенціна дамаглася ад ААН прызнання Ф.(М.)а. тэрыторыяй, якая падлягае дэкаланізацыі, нягледзячы на тое, што ў 1964 б.ч. жыхароў выказалася за захаванне папярэдняга статуса. Англа-аргенцінскія перагаворы пра статус Ф.(М.)а. не далі выніку. У 1982 Аргенціна гвалтоўна ўсталявала свой кантроль над Ф.(М.)а., што прывяло да Англа-аргенцінскага канфлікту 1982, які скончыўся перамогай брыт. войск і аднаўленнем над Ф.(М.)а. брыт. суверэнітэту.

Гаспадарка. Эканоміка грунтуецца на гадоўлі авечак (больш за 600 тыс. галоў штогод), вытв-сці воўны, футра, мяса. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу (каля 10 тыс. галоў), коней. Рыбалоўства і промысел марскога звера. Вырошчваюць авёс, агародніну (бульба, капуста, буракі, цыбуля). Ёсць ф-ка па сартаванні воўны і невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Транспарт марскі і паветраны. Ёсць узлётна-пасадачная паласа для цяжкіх самалётаў. Экспарт (7,6 млн. дол., 1995) воўны, скур, мяса; імпарт (24,7 млн. дол., 1995) паліва, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў, адзення. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Нідэрланды, Японія. Ф.(М.)а. — важная ваенна-стратэг. база Вялікабрытаніі ў Паўд. Атлантыцы. Грашовая адзінка — фалклендскі фунт.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНАВО́ДСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сць пач. апрацоўкі лёну (гл. Ільноапрацоўка).

І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап. раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.

На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн. ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс. га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.

Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп. навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільнаводства. Квітнеючы лён.
Да арт. Ільнаводства. На льняным полі.
Развіццё льнаводства ў Рэспубліцы Беларусь
Паказчыкі 1960 1970 1980 1990 1997
Пасяўная плошча, тыс. га 270,2 261,1 234,3 149,0 73,6
Ураджайнасць ільновалакна, ц/га 3,1 3,9 4,0 3,5 3,6
Валавы збор ільновалакна, тыс. т 84,4 102,1 60,5 52,0 26,1
Продаж ільновалакна, тыс. т 76,9 98,7 51,3 52,0 25,9

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)