алего́рыя, ‑і, ж.

У літаратуры і мастацтве — выказванне адцягненага паняцця пры дапамозе канкрэтнага мастацкага вобраза; іншасказальнасць. Боязь, каб дзённік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала [Лабановіча] шукаць адмысловыя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі. Колас.

[Грэч. allegoria — іншасказанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хія́зм, ‑у, м.

1. У анатоміі — перакрыжаванне зрокавых нерваў на ніжняй паверхні прамежкавага мозга хрыбетных.

2. У лінгвістыцы — від сінтаксічнага паралелізму, пры якім у другой палавіне фразы члены сказа стаяць у адваротным парадку.

3. У выяўленчым мастацтве — крыжападобнае, сіметрычнае размяшчэнне дэталей фігуры.

[Грэч. chiasmos — размяшчэнне ў выглядзе літары «х».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпіго́н, ‑а, м.

Творча неарыгінальны паслядоўнік якога‑н. напрамку (у палітыцы, навуцы, мастацтве і пад.). Беларуская літаратура амаль не ведала класіцызму, а вось прагрэсіўным рускім пісьменнікам і крытыкам давялося змагацца супроць эпігонаў гэтага аджылага, звыраднелага напрамку нават у трыццатых і саракавых гадах. Казека.

[Ад грэч. epígonos — нашчадак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстэты́зм, ‑у, м.

1. Празмернае захапленне эфектнымі знешнімі формамі ў мастацтве, шкоднае для зместу, ідэйнага боку. Аднак ідэалістычная абмежаванасць эстэтычных поглядаў яшчэ не дае падстаў папракаць пісьменніка за прыхільнасць да «чыстага эстэтызму». Каваленка.

2. Схільнасць да эстэтычнага, да прыгажосці, да дасканалых форм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯЗЬ у мастацтве,

раслінны арнамент у форме спіральна ці плаўна выгнутых галінак з лісцем, часам з кветкамі. Вядома ў мастацтве розных краін і эпох, часта ў геаметрызаваным выглядзе. У спалучэнні з інш. дэкар. матывамі выкарыстоўваецца ў фрызавых кампазіцыях у архітэктуры, а таксама ў скульптуры, графіцы, дэкар.-прыкладным мастацтве (разьба па дрэве, залачэнне, ткацтва, коўка, чаканка, гравіроўка па шкле і метале). На Беларусі маст. дасканаласцю вылучаецца разная вязь па дрэве алтароў касцёла езуітаў у Гродне, царскіх варот з царквы ў в. Дружылавічы (Іванаўскі р-н), рашоткі касцёла ў в. Вішнева (Валожынскі р-н), стукавая вязь касцёлаў у вёсках Міхалішкі (Астравецкі р-н) і Воўпа (Ваўкавыскі р-н).

Да арт. Вязь. Царскія вароты Мікалаеўскай царквы ў в. Дружылавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 3-я чвэрць 18 ст.
Да арт. Вязь. Рашотка касцёла Марыі ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобл Пач. 17 ст.
Да арт. Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1677.
Да арт. Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла Іаана Хрысціцеля ў в. Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1634.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,

літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт. сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст. форм рэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.​Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт. Рэалізм (у л-ры і мастацтве).

У.​М.​Конан.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА КО́ЛЕРАВАЯ,

у выяўленчым і дэкар.-прыкладным мастацтве шэраг гарманічна ўзаемазвязаных адценняў колеру (з адным дамінуючым), якія выкарыстоўваюць пры складанні маст. твора. Адрозніваюць цёплую, халодную, светлую, бляклую і інш. Гл. Каларыт

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раманты́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве канца XVIII — першай чвэрці XIX ст., прыхільнікі якога змагаліся з канонамі класіцызму, выстаўляючы на першы план інтарэсы асобы і пачуццё і выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці гістарычныя і народнапаэтычныя тэмы. Рамантызм Байрана. Рамантызм Бетховена.

2. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, пранікнуты аптымізмам і імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека. Але па той прычыне, што Змітрок Бядуля яшчэ не валодаў рэалістычным метадам, імкненне сцвердзіць у творчасці станоўчыя пачаткі жыцця і ідэал прыгожага, жаданне пранікнуць у духоўны свет чалавека прывялі маладога пісьменніка да рамантызму. Каваленка.

3. Светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасць летуценнай сузіральнасцю.

[Фр. romantisme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

класіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у мастацкай літаратуры і мастацтве ў 17 — пачатку 19 стст., заснаваны на перайманні антычных узораў і звязаны з сістэмай строгіх правіл у перадачы рэчаіснасці.

2. Сістэма адукацыі, у аснову якой пакладзена вывучэнне лацінскай і старажытнагрэчаскай моў і антычнай культуры.

[Ням. Klassizismus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэвалюцыяне́р, ‑а, м.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху, дзеяч рэвалюцыі. Мядзведзеў быў стары прафесійны рэвалюцыянер, з вялікім вопытам падпольнай работы, і сапраўды незвычайна красамоўны прамоўца. Машара. // Той, хто робіць пераварот у якой‑н. галіне (навуцы, тэхніцы, мастацтве). А. Міцкевіч — рэвалюцыянер у паэзіі і ў жыцці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)