Раство́р ’аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога-небудзь рэчыва’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.), ’рэдкая гразь’ (Касп., Нас.), роство́р ’непраходная гразь’ (ТС). Вытворныя ад раствары́ць ’разбавіць, замяшаць, рашчыніць’ (Сл. ПЗБ), што да тварыць (гл.); параўн. заўвагу Жураўлёва (Язык и миф, 553) аб тым, што значэнне ’рэдкі, няцвёрды’ ўзнікае ў рус. раствор дзякуючы ўзаемадзеянню семантыкі кораня са значэннем прыстаўкі раз‑/рас‑, што дае агульнае значэнне ’ліквідаваць вынік дзеяння, названага матывуючым дзеясловам’, для якога пастулюецца ідэя ’згушчэння, зацвярдзення’, параўн. тварог (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНВАЛІ́ДНАСЦЬ (ад лац. invalidus слабы, хворы),

працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе. У залежнасці ад ступені страты адрозніваюць 1, 2 і 3-ю групы І. Пры наступленні І. назначаюцца пенсіі або штомесячныя дапамогі, прадастаўляюцца інш. віды забеспячэння і абслугоўвання. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае наступныя прычыны І., кожная з якіх мае пэўныя прававыя вынікі: агульнае захворванне (у т. л. калецтва, не звязанае з вытв-сцю або работай); калецтва прац. і прафес. захворванне; раненне (кантузія ці калецтва, атрыманыя пры абароне дзяржавы, пры выкананні інш. абавязкаў ваен. службы) або захворванні, спалучаныя са знаходжаннем на фронце; калецтва, атрыманае ў выніку няшчаснага выпадку і не звязанае з выкананнем абавязкаў ваен. службы, ці захворванне, не звязанае са знаходжаннем на фронце. Пры неабходнасці ўстанаўліваецца час наступлення І. (з дзяцінства, да пачатку прац. дзейнасці і г.д.), калі з гэтай акалічнасцю звязаны пэўныя прававыя вынікі.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.

Лускаўніца звычайная.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 25.1.1924, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Адэскі ун-т (1948), з 1952 працаваў у ім. З 1960 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1994—96 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1998 у Еўрап. гуманітарным ун-це (Мінск). Даследуе агульнае, слав. і прыкладное мовазнаўства. Аўтар кніг: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963), «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966), «Славянская і індаеўрапейская акамадацыя» (1968), «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974), «Катэгорыі мовы» (1982), «Мова ў прасторы і часе: Да праблемы глатагенезу славян» (1983), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Этнагенез славян: Мова і міф» (1993), «Прарадзіма славян. Лінгвістычная верыфікацыя» (1998), сааўтар «Лексікі Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і інш.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДЭНА (Modena),

горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. вытв-сць спарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.

У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э. рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв. вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,

стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш. паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ спосаб злучэння дзвюх ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім на ўсе разгалінаванні эл. ланцуга падаецца адно і тое ж напружанне.

Пры П.з. агульны ток раўняецца суме токаў усіх разгалінаванняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Агульная праводнасць G эл. ланцуга з актыўнымі супраціўленнямі R1, ..., Rn роўна G = 1 R1 + ... + 1 Rn = 1 R , дзе Rагульнае супраціўленне ланцуга. Агульная ёмістасць эл. ланцуга пры П.з. кандэнсатараў: C = C1 + ... + Cn, дзе C1 ..., Cn — ёмістасці асобных разгалінаванняў. Пры П.з. індуктыўнасцей L1 ..., Ln агульная індуктыўнасць L ланцуга вызначаецца формулай: 1 L = 1 L1 + ... + 1 Ln . П.з. шырока выкарыстоўваецца для сілкавання вял. колькасці прыёмнікаў эл. энергіі (эл. лямпаў, награвальных прылад, эл. рухавікоў і інш.). Уключэнне ці выключэнне асобных крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі пры П.з. не парушае работы ўсёй сістэмы.

Схема паралельнага злучэння.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апо́лак, апо́л (Сцяшк.), абапалак (Інстр. II) ’крайняя дошка з бервяна’. Рус. дыял. ополок, обаполок ’тс’, укр. обаполок, обапіл ’тс’, рус., укр. ополок, обаполок маюць таксама значэнне ’частка скуры на жываце’ і ’ўскраіна’. Польск. opołek ’гарбыль’. Аполак утворана ад полъ ’бок, край’ з прэфіксальным о‑ (> а‑) і суфіксам ‑ъкъ (> ‑ак), як акраек; параўн. абочына. Агульнае значэнне ’тое, што з краю’ (параўн. чэш. opolí) канкрэтызуецца па-рознаму ў розных выпадках, у прыватнасці ’дошка з краю бервяна’. Не выключана, што польскае з беларускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тэадыцэ́я

(фр. théodicée, ад гр. theos = бог + dike = справядлівасць)

агульнае абазначэнне рэлігійна-філасофскіх дактрын, якія імкнуцца ўзгадніць ідэю добрага і ўсемагутнага бога з наяўнасцю зла на зямлі, апраўдаць бога як тварца і правіцеля свету насуперак існаванню цёмных бакоў быцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)