рабі́на, ‑ы, ж.
1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.
2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.
•••
Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлу́чнік, ‑а, м.
1. Разм. Той, хто разлучыў, разлучае блізкіх адзін аднаму людзей. — Я праклінаю таго разлучніка, які стаў тады нам упоперак дарогі, як чорны прывід. Сабаленка.
2. Абл. Мужчына, які развёўся з жонкай. [Люба:] — Ды і хлопцаў пасля вайны не так што і было. А за якога разлучніка ісці... [Валянцін:] — Што там разлучнік? Вось Жана на дзеці пайшла. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.
Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расчарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак., у кім-чым і без дап.
Зведаць пачуццё незадаволенасці з прычыны няздзейсненых спадзяванняў, надзей, мар. Расчаравацца ў чалавеку. □ Калі .. [Магдалена] прыйшла дадому, то ёй прыйшлося расчаравацца адразу: ад Кастуся пісьма яшчэ не было. Чорны. — Мы чакалі вас. А я, праўду кажучы, уяўляла вас крыху іншым. — І зараз крыху расчараваліся? — паціскаючы .. [Евг Аўсееўне] руку, адказаў Максім. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сінява́ты, ‑ая, ‑ае.
З сінім адценнем, па колеру блізкі да сіняга. Сіняватыя вочы. □ Сіняватая, быццам свінцовая, вада б’е ў берагі, хвалі як бы гамоняць адна з адной. Сабаленка. Дробныя акенцы былі залеплены звонку сіняватым снегам. Бядуля. Віця бачыў худыя грудзі хлапчука, сіняватую скуру, з-пад якой выпіралі рэбры. Нядзведскі. Сыманчук.. стаіць, прыціснуўшыся плячыма да сіняватай сцяны хутарскога хлява. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схваста́ць, схвашчу, схвошчаш, схвошча; зак.
Разм.
1. што. Сасцёбаць, хвошчучы чым‑н. Схвастаць лісце з куста.
2. каго. Збіць, хвошчучы чым‑н. [Брат] абапёрся аб стол, так і прастаяў. Аказваецца, белапалякі схвасталі розгамі, што не можа сесці. Баранавых. Тоня .. схвастаў ламачынаю свайго каня. Чорны.
3. што. Хвошчучы, знішчыць, сапсаваць што‑н. [Янка:] — Чуць твой пруток не схвастаў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таўкатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.
2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устрапяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Тое, што і страпянуцца. Дзяўчынка ўстрапянулася, як птушанё, і з надзеяй ускінула твар угару. Чорны. Злева раптам прагучэлі два разложыстыя гарматныя стрэлы, узляцела малінавая ракета. Туравец адразу ўстрапянуўся: пачалося! Мележ. Устрапянуліся Гусі белыя, Пер’е скінулі на вадзе. Трус. Апошнія мае словы прагналі як папрок. Аксана ўстрапянулася ўся, загаварыла горача, вельмі хвалюючыся. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хма́рыць, ‑рыць; незак.
1. безас. Зацягваць хмарамі. Цішыня. Туман з імшар Напаўзае. Трохі хмарыць. Зарыцкі.
2. перан.; каго-што. Разм. Засмучаць, азмрочваць. Вочы хмарыць гора паланянак, Каміноў жахлівых чорны чад. Барадулін. Сатлела ў шафах шмат забытых кніг з тых дзён далёкіх доктара Скарыны... Хай сіл не хопіць для задум маіх, а кроў гарыць, і хмараць лоб маршчыны. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыта́ч, ‑а, м.
1. Той, хто чытае якія‑н. творы, да каго звернуты творы пісьменнасці. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх падаецца чытачу думка твора. Чорны. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. «Полымя».
2. Наведвальнік, абанент грамадскай бібліятэкі, чытальні. Звыш дзевяці тысяч чытачоў абслугоўвае Мінская бібліятэка № 10. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)