«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.Шмід, Д.Скрынчанка, П.Бывалькевіч, П.Каранкевіч, А.Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел.правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел.нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў ў II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас.дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел.нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН (Афанасій Лаўрэнцьевіч) (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел.паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАХІТО́ЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,
групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.Ганчарова, К.Малевіч, А.Маргуноў, В.Татлін, А.Фанвізін, М Шагал, А.Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.
Літ.:
«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,
кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш.філас. вучэннях і плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКА-ГА́ЙНАЎСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫХ ЗАВО́ДАЎ 1932у Заходняй Беларусі.
Адбылася 3.2—2.4.1932 пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкома КПЗБ і забастовачнага к-та. Удзельнічала каля 2,2 тыс.чал. Рабочыя Гайнаўкі патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце 2 незаконна звольненых лесарубаў. Да іх далучыліся рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Адміністрацыя заводаў павысіла зарплату на 15%, аднавіла на рабоце звольненых. Калі прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, забастоўка аднавілася. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага к-та рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы. Паліцыя адкрыла агонь, 1 рабочы быў забіты, 8 паранены. Пахаванне забітага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі забаставалі рабочыя лесапільных з-даў Белавежы і Чэрлядзі. Пад іх націскам арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЗІН (Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч
(16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),
савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл.РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл.ВРКЗах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супрацьЦэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах.ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,
пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супрацьСССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».