ДЭФЕ́КТЫ МЕТАЛАЎ,

недасканаласці (парушэнні) будовы металаў і сплаваў (пераважна рэгулярнай крышт. структуры), якія пагаршаюць іх фіз.-мех. ўласцівасці. Дэфектамі лічацца адхіленні ад нармальнай (прадугледжанай тэхн. ўмовамі, стандартамі) якасці металу па хім. саставе, структуры, суцэльнасці, стане паверхні, якія вядуць да зніжэння сортнасці або забракоўкі вырабаў. Выяўляюць Д.м. метадамі дэфектаскапіі, металаграфіі, рэнтгенаструктурным аналізам і інш., ліквідуюць найчасцей тэрмічнай апрацоўкай.

Адрозніваюць Д.м.: тонкай структуры (вакансіі, дыслакацыі і інш., гл. Дэфекты ў крышталях), мікрадэфекты (дэндрыты, мікрапоры, мікратрэшчыны, мікрапузыры газаў, плёны, неправары і інш., выяўляюцца аптычнымі мікраскопамі); макрадэфекты (валасавіны, трэшчыны, поры, газавыя пузыры, умяціны, драпіны, ірваніны і інш.). Д.м. узнікаюць з-за недасканаласці або парушэнняў тэхнал. працэсаў пры плаўленні металаў і атрыманні адлівак (неметал. ўключэнні, шлакавіны, усадачная і газавая порыстасць, ракавіны і г.д.), пры апрацоўцы ціскам (расслаенні, заковы, валасавіны, флокены і г.д.), пры тэрмічнай, хімікатэрмічнай, электрахім. і мех. апрацоўцы (трэшчыны, прыпяканні, абезвугляроджванні і г.д.), пры зварцы, паянні, кляпанні (неправары, непрапаі, карозія і г.д.). Дэфекты ў паўфабрыкатах і гатовых вырабах могуць узнікаць таксама пры транспарціроўцы, захоўванні і эксплуатацыі (напр., карозія металаў). Высокая якасць металаў і вырабаў з іх забяспечваецца ўдасканаленнем тэхналогіі вытв-сці і метадаў кантролю іх якасці.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,

геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач. дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс. м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.

Т.​В.​Якубоўская.

Да арт. Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.

Да арт. Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЛІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

паўночна-заходняя частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша на З Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Мяжуе на ПнЗ, Пн і У з Полацкай, на З з Верхнебярэзінскай нізінамі. Выш. 170—220 м, найб. 239 м. Антрапагенавыя адклады (магутнасць каля 100 м) складзены з утварэнняў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны паазерскім ледавіком. Зах. схіл спадзіста спускаецца да Верхнебярэзінскай нізіны, усх. строма абрываецца да даліны р. Ушача. Ледавікова-акумуляцыйны сярэднеўзгорыста-градавы рэльеф найб. выразны на У узвышша. Марэнныя ўзгоркі (выш. да 10—15 м) выцягнуты ў выглядзе грады з Пн на Пд. Буйнаўзгорысты марэнны рэльеф (з адноснай выш. больш за 25 м) на Пн, у месцах глыбокага расчлянення паверхні лагчыннымі азёрамі. Зах. ч. ўзвышша дробнаўзгорыстая, месцамі платопадобная (адносныя вышыні да 5—7 м). Часта трапляюцца камы. Паўд. ч. ўзвышша дрэніруецца р. Ушача, паўн. — яе прытокам Альзініца. Азёры Лагі і Мурагі на Пд, Вял. Уклейна, Гародна і інш. на Пн. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках. Хваёвыя і яловыя паўд.-таежныя хмызнякова-зеленамошныя, а таксама шэраальховыя лясы захаваліся невял. ўчасткамі. Б.ч. ўзвышша разарана.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ,

1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.

3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.

Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.
Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.​Гварыні. 1668—87.
Купал з ліхтаром.
Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д,

фізіялагічны працэс у дрэў, кустоў, радзей траў, звязаны з ападаннем лісця. Выпрацаванае ў працэсе эвалюцыі прыстасаванне да памяншэння паверхні наземных органаў у неспрыяльных умовах. Скарачае страту вільгаці і прадухіляе паломку галін пад цяжарам снегу. Перад Л. у лісці адбываюцца біяхім., фізіял. і структурныя змены. Разбураецца хларафіл, захоўваюцца караціноіды (абумоўліваюць восеньскую афарбоўку). Пажыўныя рэчывы (бялкі, вугляводы, мінер. злучэнні) 3 лісця адцякаюць у сцябло, плады, насенне, клубні, карэнішча і інш. Каля асновы ліста або чаранка паяўляецца аддзяляльны слой клетак, які лёгка разрываецца. Пад цяжарам ліста, парывамі ветру праводзячы пучок, што ўтрымлівае ліст на сцябле, ірвецца і ліст ападае. Пры рэзкіх паніжэннях т-ры, засусе, паяўленні шкодных газаў у паветры і інш. лісце хутка адмірае без утварэння аддзяляльнага слоя і доўга трымаецца на расліне ў засушаным стане. Ападанне лісця характэрна пераважна для раслін кліматычных паясоў з неспрыяльным сезонам: ва ўмеранай зоне — зімой, у трапічнай — у засуху. Адрозніваюць лістападныя (скідваюць усё лісце на пэўны час) і вечназялёныя расліны. Лістападныя дрэвы ў вільготнатрапічных лясах стаяць без лісця некалькі дзён, ва ўмераным поясе — да 8—9 месяцаў. У вечназялёных раслін (елка, брусніцы, журавіны, хвоя) лісце ападае паступова і зменьваецца раз у 2—30 гадоў. Выкліканы штучна Л. наз. дэфаліяцыяй.

Лістапад.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГМАТЫ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вывергнутыя горныя пароды,

горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ АНІЗАТРАПІ́Я,

неаднолькавасць магн. уласцівасцей рэчыва (намагнічанасці, магнітнай успрыімлівасці, магн. энергіі і інш.) па розных напрамках. Абумоўлена анізатропным характарам магн. ўзаемадзеяння паміж часціцамі — носьбітамі магн. моманту ў рэчыве. Праяўляецца ў магнітаўпарадкаваных монакрышталях (фера- і ферымагнітных), полікрышт. і аморфных рэчывах. М.а. ў крышталях звязана з упарадкаваным размяшчэннем магн. момантаў іх часціц (атамаў, малекул, іонаў) і з’яўляецца вынікам магн. ўзаемадзеяння суседніх часціц і спецыфічных узаемадзеянняў іх электронаў з эл. унутрыкрышталічнымі палямі. М.а. ў полікрышталях праяўляецца пры наяўнасці ў іх магнітнай ці крышталічнай тэкстуры.

Адрозніваюць М.а. прыродную і наведзеную. Прыродная — характэрная для монакрышталёў ферамагнетыкаў, дзе вектары самаадвольнай намагнічанасці ферамагн. даменаў накіраваны ўздоўж некаторых восей крышталя (т.зв. восей лёгкага намагнічвання). Мерай прыроднай М.а. з’яўляецца энергія М.а., якая вызначаецца як работа знешняга магн. поля, неабходная для намагнічвання ферамагнетыка ў зададзеным напрамку. Наведзеная М.а. ўзнікае пры тэхнал. апрацоўцы магнітных матэрыялаў (напр., пры пракатцы, адпале, перакрышталізацыі ў магн. полі); яна з’яўляецца таксама характэрнай уласцівасцю магн. плёнак (узнікае пры напыленні ў магн. полі, напыленні пад вуглом да паверхні, эпітаксіяльным росце на монакрышт. падложцы); можа быць магнітапругкага паходжання (пры наяўнасці ў магн. узоры ўнутраных мех. напружанняў). Матэрыялы з вял. значэннямі канстант М.а. выкарыстоўваюцца ў прыстасаваннях магн. памяці.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)