ДЫСАНА́НС (франц. dissonance ад лац. dissono нязладжана гучу) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў рэзкага няўзгодненага гучання. Процілеглае Д. паняцце — «кансананс». Тэрміны «Д.» і «кансананс» паасобку эстэтычна не ацэньваюцца. Іх нельга атаясамліваць са зладжаным і нязладжаным гучаннем (какафоніяй). Яны адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычны Д. выяўляецца ў несупадзенні вял.колькасціабертонаў гэтых гукаў. Да Д. належаць павялічаныя і паменшаныя інтэрвалы — вял. і малыя секунды і септымы, трытон і інш., акорды, якія ўключаюць хоць адзін з гэтых інтэрвалаў, і акорды, складзеныя з кансанансаў, калі адзін з верхніх галасоў утварае чыстую кварту з басам (мажорныя і мінорныя квартсекстакорды).
У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж Д. і кансанансам дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. Д. успрымаецца як напружанае і няўстойлівае сугучча, выяўляе імкненне, рух да вырашэння — заканамернага пераходу ў адпаведны кансананс. Да 17 ст. Д. выкарыстоўвалі звычайна ва ўмовах правільнай падрыхтоўкі і вырашэння. У 17—19 ст. Д. страціў прамую залежнасць ад папярэдняга кансанансу, абавязковым засталося толькі яго вырашэнне. У музыцы 20 ст. набывае ўсё большую самастойнасць, у некат. стылях (напр., у кампазітараў нававенскай школы) цалкам выцясняе кансананс, што стала падставай для ўзнікнення тэорый, якія прынцыпова адмаўляюць адрозненні паміж Д. і кансанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),
адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл.Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл.Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыяэканам. і інш. сувязей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНО́ ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.
Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).
А.І.Болсун.
Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВЫ́ КАЦЁЛ,
кацёл для атрымання пары пад ціскам, вышэйшым за атмасферны. Бываюць газа- і вадатрубныя, з шматразовай цыркуляцыяй і праматочныя. Парапрадукцыйнасць да 4000 т/гадз пры ціску пары 25 МПа і больш, ккдз 93—95%.
У газатрубных П.к. газападобныя прадукты згарання паліва праходзяць па стальных трубах, а вада цыркулюе ў міжтрубнай прасторы. Адрозніваюць жаратрубныя (напоўненую вадой прастору — барабан пранізваюць 1—2 жаравыя трубы вял. дыяметра) і дымагарныя (у днішчы гарыз. барабана ўвальцавана мноства дымагарных труб, па якіх праходзяць дымавыя газы). Газатрубныя П.к. выкарыстоўваліся на параходах, паравозах, стацыянарных парасілавых устаноўках і інш. Выцеснены вадатрубнымі П.к., у якіх вада і паравадзяная сумесь рухаюцца па стальных трубах, што абмываюцца звонку газападобнымі прадуктамі згарання паліва. Найб. пашыраны барабанныя вадатрубныя П.к. з верт. размяшчэннем труб. Маюць натуральную або шматразова прымусовую цыркуляцыю вады, 1 або некалькі барабанаў пад ціскам, у якіх адбываецца раздзяленне вады і пары. Прамацёчныя вадатрубныя П.к. — з аднаразовай прымусовай цыркуляцыяй. Складаюцца з вял.колькасці паралельна ўключаных змеевікоў з метал. трубак, вада ў якія падаецца сілкавальнай помпай і на выхадзе катла пераўтвараецца ў перагрэтую пару. Вадатрубныя П.к. выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях і прамысл.кацельных устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,
навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.
Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.
На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац.АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ А́ЎСТРЫІ (СДПА; Sozialdemokratische Partei Österreichs),
адна з гал.паліт. партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. на мяжы 1888—89 як С.-д. рабочая партыя Аўстрыі. З 1896 прадстаўлена ў парламенце (з 1907 мела другую па колькасці фракцыю). З 1904 лідэры партыі Ф.Адлер, О.Баўэр, К.Рэнер і інш. распрацоўвалі канцэпцыю аўстрамарксізму (разнавіднасць рэфармізму). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) выступала за аншлюс, Рэнер узначальваў першы ўрад Аўстр. Рэспублікі. З 1920 у апазіцыі, процістаяла згортванню парламенцкай дэмакратыі ў краіне. Пасля паўстання свайго ваенізаванага Шуцбунда забаронена аўтарытарным урадам Э.Дольфуса (люты 1934). У крас. 1945 адноўлена як Сацыяліст. партыя Аўстрыі, з чэрв. 1991 сучасная назва. У 1945—66 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў вял. кааліцыі. Віцэ-канцлерамі Аўстрыі былі старшыні партыі А.Шэрф (1945—57) і Б.Пітэрман (1957—67). З 1966 партыя ў апазіцыі, пад старшынствам Б.Крайскага (1967—83) яна стала ў 1970 найб. моцнай паліт. сілай краіны. Федэральныя канцлеры Аўстрыі ад партыі — Крайскі (1970—83), Ф.Зінавац (1983—86), Ф.Враніцкі, (1986—97), В.Кліма (са студз. 1997). Найб. ўплыў партыя мае ў Вене, федэральных землях Карынтыя і Бургенланд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац.зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш.сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́Р,
прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.Сміт, Д.Рыкарда, К.Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл.Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.Менгер, О.Бём-Баверк, Ф.Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.