гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл.Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн.ч.Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс.га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч.тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш.відаў друкаванай прадукцыі. На Беларусі працуюць (1996) 1273 выдавецтвы, прадпрыемствы і арг-цыі з правам выдавецкай дзейнасці. Сярод іх 13 дзярж. выдавецтваў (бланкавыдавецтва «Белбланкавыд», «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларускі Дом друку», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Міжвыдавецкі фотацэнтр», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва»), 603 пры прадпрыемствах і арг-цыях з калект. формай уласнасці, 114 пры прыватных прадпрыемствах і арг-цыях, 56 пры грамадскіх арг-цыях, 27 пры НДІ, 26 пры навуч. установах, 20 пры рэліг. арг-цыях і інш. Пра выдавецтвы, якія дзейнічалі на Беларусі, гл. ў арт.Выдавецкая справа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫ ЦЫКЛ,
час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКА (Erophila),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вяснянка веснавая (Erophila verna), нар. назва крупка. Расце на пясках на ўзлесках і лясных палянах, каля дарог і на сухіх схілах, зрэдку як пустазелле на палях.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 2—20 см з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом. Лісце сабранае ў разетку, падоўжана-эліпсоіднае ці ланцэтнае, апушанае, сядзячае або звужанае ў чаранок. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у кароткіх малакветных гронках. Плод — голы эліпсоідны стручочак. Эфемер (цвіце ў крас.—маі, поўны цыкл развіцця праходзіць за 1—2 тыдні, потым адмірае). Лек. (выкарыстоўваецца пры цынзе, панарыцыях, параніхіях) і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНІК (Epipactis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАСТО́Й,
сукупнасць дрэў у лесе, асноўны кампанент лясных фітацэнозаў. Бывае чысты (складаецца з 1 віду дрэў) і мяшаны (з некалькіх відаў), просты (дрэвы растуць у 1 ярусе) і складаны (дрэвы ўтвараюць 2 і больш ярусаў), прыроднага паходжання (за кошт насеннага або вегетатыўнага аднаўлення) і штучнага (ствараецца сяўбой або насаджэннем). Паводле ўзросту адрозніваюць маладнякі, сярэднеўзроставыя, прыспяваючыя, спелыя і перастойныя Д. Прадукцыйнасць характарызуецца банітэтам і запасам драўніны на 1 га. Ступень гушчыні Д. вызначаецца паўнатой (шчыльнасць стаяння дрэў на 1 га). У лясах Беларусі сярэднія банітэт Д. 11,0, паўната 0,7, запас спелага Д. каля 200 м³/га. Заканамернасці будовы і росту Д. вывучае лясная таксацыя.
Склад і прадукцыйнасць іх вызначаюцца пры лесаўпарадкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙСЕ́НЫ (Dreissena),
род двухстворкавых малюскаў. Каля 10 відаў. Пашыраны ў саланаватых і прэсных водах узбярэжжаў трапічнай часткі Атлантычнага ак., Еўропы, М. Азіі, у Чорным, Каспійскім і Аральскім морах. Жывуць калоніямі на падводных прадметах, збудаваннях, пясчаным грунце. Найб. вядомая Д. рачная (D. polymorpha). У Беларусі пашыраны на Пн, у рэках Прыпяць і Нёман.
Ракавіна (даўж. 0,8—5 см) клінападобная, зеленаватая або карычневая з папярочнымі цёмнымі палосамі. Маюць бісусавую залозу, сакрэт якой у вадзе становіцца цвёрдым у выглядзе нітак, якімі Д. прымацоўваюцца да субстрату. Раздзельнаполыя. Лічынка (велігер) свабодна плавае, хутка засяляе новыя вадаёмы. Кормяцца рэшткамі раслін і жывёл. Біяфільтратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,
род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.
Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.
Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).