Смо́чка ‘асака балотная, Carex acutiformis Ehrh.’ (Шат.), смоч, смо́чка, сма́чаль ‘расліна падвей’ (бярэз., Сл. ПЗБ), смоч ‘тс’ (пух., Жыв. сл.), смыч, смы́чальвід асакі’ (Жыв. сл.), смы́чка ‘падвей’ (Жыв. сл.), сму́чай ‘тс’ (лельч., Жыв. сл.), сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС). Цыхун (вусн. паведамл.) адносіць да смыкаць (гл.) (дзеці смыкаюць гэтыя расліны, каб дастаць салодкае карэнне). Тады першасная форма з ‑ы‑ ў корані, а ‑о‑, відаць, пад уплывам смактаць. Варыянты з ‑у‑ каранёвым паходзяць з палескіх гаворак, дзе ы > у.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нта ’другі крок у гульні ў цурку’ (ТС), тала́нты ’дзіцячая гульня: з круга большай палачкай падымаецца з зямлі і адбіваецца ўбок меншая палачка, якую другі ўдзельнік гульні павінен злавіць і ўкінуць у круг’ (слуц., Нар. словатв.). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых падобных па структуры гульневых тэрмінаў, параўн. бала́нта ’дзіцячая гульня ў цурку’ (ТС), паля́нтавід гульні, лапта’ (Скарбы). Магчыма, да лац. tālea ’дубец, кол’ аналагічна да іт. palla ’шар, мяч’ > польск. palant ’кій, якім б’юць па мячу’, параўн. палянт (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зігза́г, ‑а, м.

1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.

2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.

3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.

[Фр. zigzag з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчасць, ‑і, ж.

Дзейнасць чалавека, накіраваная на стварэнне культурных, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару. Колас. [Бондар] песціў у сваім сэрцы агромн[іст]ую радасць творчасці. Ён бы жадаў выказаць вяскоўцам,.. як трэба разумным вокам выбіраць дрэва на клёпкі, на дны, на начоўкі, як зграбна можна гэтыя пасудзіны рабіць. Бядуля. // Вынік гэтай дзейнасці; сукупнасць усяго створанага кім‑н. У цяжкай шматгадовай барацьбе Заходняй Беларусі за сваё вызваленне выключную ролю адыграла творчасць Янкі Купалы. Таўлай.

•••

Народная творчасць — а) від духоўнай творчай дзейнасці народа, што выяўляецца ў вуснай паэзіі, музыцы і іншых відах мастацтва; б) сукупнасць твораў, якая з’явілася ў выніку такой дзейнасці народа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлефо́н, ‑а, м.

1. Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку. Бяганская.

2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон. Краўчанка. // Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас. Барадулін.

•••

Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.

Абарваць тэлефон гл. абарваць.

Вісець на тэлефоне гл. вісець.

Сядзець на тэлефоне гл. сядзець.

[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

джаз

(англ. jazz)

1) від прафесійнай, пераважна танцавальнай музыкі з характэрнай для яе калектыўнай імправізацыйнасцю, што зарадзіўся ў ЗША на мяжы 19—20 ст. на аснове сінтэзу еўрапейскай і афрыканскай музычных культур;

2) аркестр з духавых, ударных і шумавых інструментаў для выканання такой музыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тара́н

(польск. taran, ад іт. taranto)

1) прылада ў выглядзе бервяна з металічным наканечнікам, якой у старажытнасці разбівалі крапасныя сцены;

2) прамы ўдар, які робіць прабоіну;

3) від атакі, нанясенне ўдару носам карабля, вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пла́хта1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хтавід спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

джаз

(англ. jazz)

1) від прафесійнай, пераважна танцавальнай музыкі з характэрнай для яе калектыўнай імправізацыйнасцю, што зарадзіўся на мяжы XIX—XX стст. у ЗША на аснове сінтэзу еўрапейскай і афрыканскай музычных культур;

2) аркестр з духавых, ударных і шумавых інструментаў для выканання такой музыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)