валасо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да волас (у 1 знач.); маленькі, кароткі волас.

2. Ніткападобныя варсінкі на скурцы раслін. Каранёвыя валаскі.

3. Тонкая металічная ніць, дроцік у якім‑н. прыборы, механізме. Валаскі [лямпачак] былі распалены як след, да жоўтага колеру, але апарат чамусьці маўчаў. Краўчанка.

•••

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) гл. вісець.

На валасок (валаску) ад смерці — вельмі блізка ад смерці. Не раз выпадала быць на валаску ад смерці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць сухім; высушыць. Засушыць кляновы ліст. Засушыць рыбіну.

2. перан. Разм. Пазбавіць жывасці, яркасці, выразнасці. Засушыць спектакль. □ Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Шамякін.

3. перан. Разм. Прыпыніць, спыніць, развіццё чаго‑н. Засушыць ён можа справу, — І цябе й тваю заяву — Пад сукно. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кансульта́цыя, ‑і, ж.

1. Парада спецыяліста па якому‑н. пытанню. Даць кансультацыю. Атрымаць кансультацыю. □ Міхал працаваў пад удасканаленнем электродатрымальнікаў, і яму .. патрэбны былі Яўгенавы парады і кансультацыя. Карпаў. // Дадатковыя заняткі выкладчыкаў з навучэнцамі, якія праводзяцца з мэтай лепшага засваення матэрыялу. Расклад кансультацый. Кансультацыі па матэматыцы.

2. Установа, якая аказвае дапамогу насельніцтву парадамі спецыялістаў па якіх‑н. пытаннях. Юрыдычная кансультацыя. Дзіцячая кансультацыя. Жаночая кансультацыя.

3. Уст. Нарада спецыялістаў па якому‑н. пытанню.

[Ад лац. consultatio — нарада.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашча́вы, ‑ая, ‑ае.

Схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі. Шырокія рукавы кашулі і белыя калашыны портак здаваліся пустымі, нібы нацягнутымі на доўгія кіі — да таго кашчавыя і худыя былі рукі і ногі старога. Лынькоў. [Прафесар], саромеючыся за сваё худое, кашчавае і даўгавязае валасатае цела, спяшаючыся, палез у ваду. Галавач. // у знач. наз. кашча́вая, ‑ай, ж. Смерць. [Яругін] часта думаў у пакоі маёра пра кашчавую: у тым сэнсе, што яна абавязкова абміне гэты пакой. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыха́р, ‑а, м.

1. Той, хто пражывае дзе‑н.; насельнік. На партах сядзеў чалавек у цёмнай вопратцы, зусім не падобнай да футравай вопраткі жыхароў поўначы. Шамякін. [Ніна] цяпер гарадскі жыхар, студэнтка універсітэта! Лупсякоў. / Пра жывёл, птушак, рыб і пад. Сярод лясных жыхароў .. [людзі] былі самыя слабыя, самыя няшчасныя. Маўр.

2. Той, хто жыве ў памяшканні; жылец. З парога .. [гаспадыня] баязліва паглядзела на тонкую перагародку майго пакоя, за якой ужо жылі новыя жыхары, Грачовы. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мы́ла, ‑а, н.

1. Рэчыва з тлушчу і шчолачы, якое лёгка распускаецца ў вадзе і ўжываецца для мыцця. Простае мыла. Туалетнае мыла. Клеевае мыла. □ Мокрыя яшчэ валасы пахлі дарагім мылам. Чорны.

2. перан. Белая пена ў коней ад поту. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч.

•••

Зялёнае мыла — вадкае мыла зеленавата-бурага колеру, якое выкарыстоўваецца як дэзінфіцыруючы сродак.

Зарабіць, як Заблоцкі на мыле гл. зарабіць.

Як мыла з’еўшы гл. з’еўшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папуга́й, ‑я, м.

1. Трапічная лясная птушка з яркім стракатым апярэннем, якая здольна пераймаць розныя гукі, у тым ліку і чалавечую мову. Хоці праціскаўся скрозь шумны натоўп туды, адкуль чуўся птушыны гоман.. Тут былі і яркія, з вялікімі дзюбамі, туканы, і стракатыя папугаі, і рознакаляровыя галубы, і безліч іншых маленькіх і вялікіх птушак. Арабей.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які не мае свайго погляду, паўтарае чужыя словы, думкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

Разм. Сунуцца, паказацца куды‑н. Жанкі з дзецьмі былі на агародах, баючыся паткнуцца ў вуліцу. Чорны. — Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны. Грахоўскі. — Ой, Волька, як жа на вуліцу выйсці, — бядуе Уля. — Людзі пальцамі паказваць будуць... — І раптам крык: — Ну, няхай яшчэ раз паткнецца ў нашу хату — кіпнем аблію! Паўлаў. // перан. Паспрабаваць што‑н. зрабіць, памкнуцца. Паткнуцца сказаць сваё слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераба́віць ​1, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., чаго.

Разм. Дабавіць чаго‑н. больш, чым патрэбна; перадаць лішняе. Перабавіць солі ў суп.

пераба́віць ​2, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., каго-што.

Разм. Пераадольваючы цяжкасці, пераправіць каго‑, што‑н. у іншае месца. Перабавіць абоз цераз брод. □ — Віктар застаўся там, у бараку, — адказаў, падумаўшы, Тарасюк. — Добра было б і яго сюды перабавіць. Тады ўсе былі б у зборы. Трэба пагаварыць з доктарам... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мніцца, ‑ніцца; незак.

1. Захоўвацца ў памяці, не забывацца. Надыход восені з маленства помніцца мне па гудзенню гэтых правадоў. Кулакоўскі. Мне помніцца год Сорак трэці, Пачатак суровай зімы. Прыходзька.

2. у знач. пабочн. по́мніцца. Як у памяці. Тады ў Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка. Мы тады, помніцца, шумна спраўлялі наваселле. Былі Галіны саслужыўцы, Толікавы сябры, быў, вядома, запрошаны і я з жонкаю. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)