патрабава́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць патрабавальнага. Патрабавальнасць да людзей і гаспадарлівая натура склаліся ў Дарафея Іванавіча таму, што ён рана пачаў працаваць у калгасе. Дуброўскі. Да друкаванага слова К. Чорны адносіўся з вялікай пашанай, а таму і з высокай патрабавальнасцю. Літаратар не можа, не мае права быць абыякавым да таго, што выходзіць з-пад яго пяра. Кудраўцаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паўз» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назвах месц, прадметаў, уздоўж якіх або непадалёку ад якіх што‑н. размяшчаецца ці рухаецца. Некалькі разоў удзень перагонамі ішоў дождж, і мокрыя аўсы гнуліся да зямлі паўз гасцінец. Чорны. Паўз чыгунку цягнуўся лес. Гаўрылкін. Наш маршрут ляжаў паўз Оршу. Гроднеў. Паўз нас паплавамі ляжала сенажаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзніма́цца і паўздыма́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Узняцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. З-пад шынялёў, з-пад коўдраў павысоўваліся, паўзнімаліся галовы. Чорны. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка. А далей з-пад лісцяў тонкіх Паўзнімаліся зялёнкі, І застылі ў новых шапках Падасінавікі, бабкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашэ́нціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Разм. Тое, што і пашанцаваць. Чалавек хадзіў доўга, нарэшце, яму пашэнціла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Чорны. З усходу на захад і з захаду на ўсход ад рання да вечара пыльным шляхам і чыгункай ідуць людзі. Гэта акружэнцы, бежанцы і палонныя, якім пашэнціла вырвацца з лагераў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапы́нак, ‑нку, м.

1. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці, працы. Максімаў абвёў позіркам залу і абвясціў: — Зробім перапынак на трыццаць хвілін. Шахавец. // Прамежак часу, на які спыняецца якая‑н. дзейнасць. Абедзенны перапынак. // Адпачынак паміж урокамі. Школьныя перапынкі.

2. Перарыў у якім‑н. працэсе, пропуск. Раптам там наперадзе, куды падышоў эшалон, грукнулі гарматы, пасля яшчэ, яшчэ з перапынкамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да пераступіць ​1.

2. (у спалучэнні са словам «нагамі»). Ісці, рухацца. Наталля ішла вельмі доўга, не верачы, што можа пераступаць нагамі, дакранацца рукамі да халоднай белай сцяны. Скрыган. Старыя мужчыны выязджалі ціха — звыкла, цвёрда пераступаючы нагамі за коньмі. Чорны.

пераступа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераступіць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.; на што і без дап.

1. Перанесці якую‑н. хваробу. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр,.. [Галена] пасля нават і не кашлянула ніколі. Чорны. Не будучы на моры, я перахварэў на марскую хваробу. Дуброўскі. [Маша:] — Няўжо і сёння Маруся не прыедзе? Мусіць, сесію здае. Перахварэла, адстала з вучобай. Мыслівец.

2. Адхварэць — пра ўсіх, многіх. Перахварэлі ўсе дзеці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́цца, п’ецца; пр. піўся, пілася. пілося; незак.

1. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці піць. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося. Чорны. Ой, не п’ецца гарэлка, Ой, не п’ецца віно. Хто ж налье таго мёду, Каб пілося яно? Русак.

2. Зал. да піць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Разм.

1. Прыладзіцца, размясціцца дзе‑н. Каму ўрачы не дазвалялі выходзіць з палат, тыя прымайстраваліся на вокнах, каб хоць здалёк зірнуць на героя. Дудо. Сяляне паселі каля плота, іншыя прымайстраваліся на бярвенні. Чорны.

2. Уладкавацца куды‑н., атрымаць якое‑н. месца, пасаду. Некалькі чалавек нават прымайстраваліся на працу ў горадзе. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

публіка́цыя, ‑і, ж.

1. Друкаванне ў якіх‑н. выданнях асобных твораў, прац і іншых тэкстаў. Публікацыя архіўных дакументаў. Плаціць за публікацыю. // Аб’ява аб чым‑н., надрукаваная, апублікаваная дзе‑н. Несцяровіч даў публікацыю, і пачалі сцягвацца людзі на работу. Чорны.

2. Тое, што апублікавана, надрукавана. Дзякуючы гэтым публікацыям даныя аб жыцці і дзейнасці Скарыны значна расшырыліся. Алексютовіч.

[Ад лац. publicare — аб’яўляць усенародна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)