ДЭЦЫМА́ЦЫЯ (лац. decimatio),

пакаранне, упершыню прадугледжанае стараж. рымскім ваенным заканадаўствам за ўдзел у калектыўных злачынствах. Паводле правіл Д. каралі (звычайна пакараннем смерцю) кожнага дзесятага. Пазней прыклад рымлян перанялі Швецыя пры Густаве Адольфу, Францыя пры Напалеоне I, Аўстра-Венгрыя пры Францу Іосіфу. У Расіі Д. ўпершыню выкарыстаў Пётр I за пакіданне войскам поля бою, назіралася яна і пры імператарах Аляксандру I і Мікалаю I. У гады 2-й сусв. вайны Д. ўжывалі ням. фашысты ў адносінах да ваеннапалонных і мірных жыхароў акупіраваных тэрыторый. Прычына ўзнікнення Д. — прынцып усеагульнага запалохвання, якога прытрымлівалася карная палітыка адпаведных дзяржаў.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксандр Васілевіч) (13.8.1859, г. Суаменліна. Фінляндыя — 3.6.1895),

рускі падарожнік. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Падарожнічаў на Пн і ПнУ Еўрап. Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. Вядомы як даследчык М. Азіі і Афрыкі. У 1881—82 наведаў Егіпет, Палесціну і Сірыю, у 1884—87 падарожнічаў па Лівіі, Алжыры, Тунісе, М. Азіі, у 1895 — па Эфіопіі. Сабраў шматлікія антрапал. і этнагр. звесткі.

Тв.:

По белому свету: Очерки и картины из путешествий по трем частям Старого света. 2 изд. Т. 1—4. СПб., 1901—04.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНГЛІ́РАВАННЕ (ад франц. jongler),

жанр цыркавога мастацтва, заснаваны на ўменні падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Адрозніваюць Ж.: партрэтнае — на цыркавым дыване з булавамі, кольцамі і інш. прадметамі; на конях, на дроце, матацыклах, драбінах; сілавое; Ж. т.зв. антыпадыстаў (жангліруюць нагамі).

Мастацтва Ж. вядомае са стараж. часоў (у Стараж. Егіпце, ант. Грэцыі і Рыме). У сярэднія вякі з Ж. выступалі вандроўныя нар. акцёры: жанглёры ў Францыі, мімы ў Італіі, шпільманы ў Германіі, хугляры ў Іспаніі, франты ў Польшчы, скамарохі ў Беларусі і Расіі. З 19 ст. Ж. — цыркавы жанр.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ (Барыс Елісеевіч) (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.​Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.​Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага (1936) і «Банкір» А.​Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРА́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (1810, Магілёўская губ. — 23.11.1856),

расійскі эканаміст. статыстык. Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1829). З 1831 працаваў у камісіі М.​М.​Спяранскага па складанкі Збору законаў Рас. імперыі. З 1845 у Кіеве на стат. рабоце. Распрацаваў сістэму стат. паказальнікаў для вывучэння з’яў грамадскага жыцця, а таксама праграму даследавання прадукц. сіл Расіі. Пры вывучэнні сац. з’яў прытрымліваўся канцэпцыі падзелу грамадства на асобныя класы і групы, неабходнасці забеспячэння росту нар. дабрабыту. Аўтар прац «Аб крыніцах і выкарыстанні статыстычных звестак» (1846), «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1852).

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́ЧКІ,

1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.

2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац. Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТНЫ ТЫФ,

вострая інфекцыйная хвароба з групы тыфаў, якая выклікаецца спірахетамі. Перадаецца насякомымі-крывасмокамі (вошамі і кляшчамі). Адрозніваюць вошавы і кляшчовы. Найчасцей бывае эпідэмічны (еўрапейскі вошавы). Узбуджальнік яго — спірахета, адкрытая ням. урачом О.​Обермаерам у 1868. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Прыкметы: чаргуюцца прыступы дрыжыкаў, т-ры да 41 °C, болі ў крыжы, мышцах, суставах (4—7 дзён) з перыядамі (7—15 дзён) без ліхаманкі. Ускладненні: крывацёк, інфаркт або разрыў селязёнкі, калапс, міякардыядыстрафія. Лячэнне тэрапеўтычнае. Эпідэмічны З.т. на Беларусі і Расіі ліквідаваны ў 1940-я г.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл. Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн. сав. вучоным А.​Я.​Ферсманам.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МАНДРА,

возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.​Д.​Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)