НО́ВАТНЫ ((Novotný) Антанін) (10.12.1904, Летняні, каля г. Прага — 28.1.1975),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Камуніст. партыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, яе ЦК (1946—68). З 1928 удзельнік рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну вязень канцэнтрацыйнага лагера Маўтгаўзен. 1-ы сакратар Пражскага абкома (1945—53). пасля смерці К.Готвальда 1-ы сакратар ЦК КПЧ (1953—68), да пач. 1960-х г. працягваў палітыку свайго папярэдніка. Прэзідэнт Чэхаславакіі (1957—68). На студзеньскім (1968) пленуме ЦК КПЧ абвінавачаны ў правядзенні памылковай ідэалаг., эканам. і нац. палітыкі, адхілены ад кіраўніцтва партыяй, а пазней ад усіх інш. пасад. Адстаўка Н. паспрыяла пачатку «Пражскай вясны».

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́ВЕРЛО́РД»

(англ. Overlord сюзерэн, валадар, вярх. ўладар),

кодавая назва гал. стратэг. аперацыі ўзбр. сіл краін антыгітлераўскай кааліцыі (пераважна ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Чэхаславакіі і Польшчы) па адкрыцці другога фронту ў Еўропе ў 2-ю сусв. вайну. Складаўся з Нармандскай дэсантнай аперацыі 1944 (кодавая назва «Нептун») і Фалезскай аперацыі (праведзена 10—25.8.1944). 15.8—3.9.1944 у раёне г. Марсель дадаткова праведзена Паўд.-франц. дэсантная аперацыя (кодавыя назвы «Энвіл», з 27 ліп. — «Драгун»), у выніку чаго ўтварыўся адзіны фронт саюзных войск у Францыі (злучыліся 11.9.1944 у раёне г. Дыжон) для разгортвання іх далейшага наступлення на Германію.

Літ.:

Гл. пры арт. Другі фронт.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАВА (Марыя Барысаўна) (9.1.1909, в. Серкавіца Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1999),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыла Вышэйшую камуніст. с.-г. школу Беларусі (1935), Мінскі юрыд. ін-т (1940). З 1926 на сав. і парт. рабоце. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 арганізавала ў Мінску падп. групу, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля, была сувязной партыз. атрадаў М.​Нікіціна, «Дзіма», «Мясцовыя», брыгады «Дзядзькі Колі». Арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, вязняў гета, дастаўку партызанам зброі і боепрыпасаў. Адна з арганізатараў знішчэння ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Пасля вайны на сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—63. Ганаровая грамадзянка Мінска.

М.Б.Осіпава.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Кірыла Нічыпаравіч) (15.2.1907, в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1975),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў артыл. вучылішча (1935), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: сакратар партбюро артыл. палка, ст. палітрук. У ліп. 1941 у складзе «лясной дывізіі» на чале з ген.-лейт. І.​В.​Болдзіным прабіваўся з Навагрудскага «катла» на У. У 1942—43 у штабе партыз. руху пры Ваен. савеце Зах. фронту. Ўдзельнік вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі, вайны з Японіяй. Да 1965 у Сав. Арміі, да 1974 на грамадскай рабоце.

К.Н.Осіпаў.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.​Бехера «Вяртанне да сябе», Р.​Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.​Брэхта, Г.​Лесінга, Г.​Веерта і інш.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),

могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.​Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.​Бансель).

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Мікалай Рыгоравіч) (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),

Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).

М.Р.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́НІНСКІ БОЙ 1943,

бой партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням. гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. 3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 90 чал.), узброены мінамётам, кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, меў 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Група партызан (80 чал.) на чале з Р.​М.​Севасцьянавым, пераапранутых у ням. форму, з абозам увайшла ў вёску і захапіла 3 дзоты, 4-ы быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, нарабаваных акупантамі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі 4 чал.

У.​С.​Пасэ.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)