Скорс, скорш ‘загнутая частка полаза’ (брэсц., Нар. словатв.), ско́рсы, уско́рсы, ско́рчні ‘галоўка ў палазах’ (ЛА, 2), ско́ршні ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ), ско́рчэнь, ско́рсэнь, ско́рсінь, ско́рсень ‘загнуты канец полаза’, ‘планка, што ідзе ад галоўкі полаза да першага капыла’ (Маслен.). Укр. скорс ‘загнуты канец полаза ў саней; адрэзак пня, які служыць балванкай для вырабу люлькі’, ско́рсина ‘частка дрэва, якая выкарыстоўваецца на палазы’, ко́рса ‘полаз у саней’, корс ‘выгін полаза’, ско́рца ‘загнуты канец полаза’, польск. дыял. усх. korsa, korza, звыч. мн. л. korsy, korzy ‘загнутыя часткі палазоў, насы палазоў’, з украінскай, гл. Слаўскі. 2, 498 і наст. Украінскія словы Слаўскі (там жа) ставіць у сувязь з рус. корёжить ‘карабаціць’, дыял. корга́ ‘крывая галіна; палка, загнутая на канцы і г. д.’, далей да і.-е. *kr̥‑g‑: *kr̥‑ǵ‑. У ЭССЯ (13, 240) падаецца прасл. *kъrsъ, да якога апрача ўкраінскіх лексем узводзяцца яшчэ чэш. krs ‘маларослае чахлае дрэва’, krsek ‘карлікавае дрэва’, krsati ‘змяншацца, апускацца’, ст.-рус. корсокъ ‘кавалак, пласт, скіба’, якія параўноўваюцца з ст.-інд. krśá ‘худы, слабы чалавек’, авест. kərəsa‑ ‘худы’, што ўзыходзяць да экспрэсіўнага і.-е. *krko‑. ЕСУМ (3, 43) узнаўляе прасл. *kъrsъ/*kъrsь < *і.-е. кораня *kr̥‑kʼ‑, паралельнага *kr̥‑k‑, ад якога ўтворана прасл. *kъrčь ‘корч’. Іншая версія ў Пятлёвай, якая на рускім дыялектным матэрыяле з гэтым коранем узнаўляе прасл. *kъrsati < *kъrt‑s‑ati ‘рэзаць’, гл. Этимология–1976, 137–139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькі ’растрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць 1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апо́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».

2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.

3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыні́ца, ‑ы, ж.

1. Натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі. Вуглякіслыя крыніцы. Мінеральныя крыніцы. Серавадародныя крыніцы. // Вадаём, які ўтвараецца на месцы выхаду падземных натуральных вод. Набраць вады ў крыніцы. □ Коціцца, ўецца далінкай крыніца, Б’ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца. Купала.

2. перан.; чаго. Тое, з чаго бярэцца, чэрпаецца што‑н.; тое, што дае пачатак чаму‑н., служыць асновай для чаго‑н. Крыніца багацця. Крыніца радасцей. □ Народная, жывая мова, яе каларытная фразеалогія з’яўляюцца асноўнай крыніцай моўных сродкаў пісьменніка. Адамовіч. Прызнанне жыцця крыніцай мастацтва — асноўны прынцып рэалізму. У. Калеснік.

3. Спец. Пісьмовыя помнікі, дакументы, на аснове якіх пішуцца навуковыя даследаванні. Літаратурныя крыніцы.

•••

Біць крыніцай гл. біць.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане. Стыхія народнай творчасці з дзіцячых гадоў акружала Самуіла Плаўніка, а беларуская мова яму была вядома з жывых крыніц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуга́, ‑і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.

1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.

2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.

3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.

•••

Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.

Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.

Сагнуць у дугу гл. сагнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёсць ​1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць ​2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерв, ‑а, м.

1. Тонкае валакно, якое ў выглядзе адростка адыходзіць ад галаўнога і спіннога мозга і з’яўляецца састаўной часткай разгалінаванай сістэмы, здольнай служыць сродкам кіравання дзейнасцю арганізма. Зрокавы нерв. Блукаючы нерв. □ Шафёр і старшыня ехалі моўчкі. Пасля розных клопатаў у Мінску кожны нерв адпачываў сам сабою. Пестрак. Сашу быццам ударыла токам — скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв. Шамякін. // Спец. Жылка ў лісцях раслін і крылах насякомых.

2. толькі мн. (не́рвы, ‑аў). Сістэма такіх валокнаў, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека. Нервы, нарэшце, не вытрымалі.. Хваляванне, напружанасць усіх гэтых дзён раптам далі сябе адчуць, і Чыжык заплакаў. Лупсякоў.

3. перан. Цэнтр якой‑н. дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго‑н. Нёман быў пер вам сяла, які будзіў яго жыццё. Колас.

•••

Выматаць усе нервы гл. выматаць.

Іграць на нервах гл. іграць.

Трапаць нервы гл. трапаць.

[Лац. nervus — жыла, сухажылле.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́мень, ‑меня і раме́нь, ‑мня, мн. рамяні, ‑ёў; м.

1. Доўгая паласа вырабленай скуры. За плячыма была вялікая паходная сумка, на рэмені вісела стрэльба. Самуйлёнак. Моцна скруцілі Міколу рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. // Скураны пояс, папруга. Стары туга падпяразваўся рэменем, акуратна заліў сваю бараду і выглядаў куды маладзейшым за свае гады. Шчарбатаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай .. паставе. Ваданосаў.

2. Доўгая паласа вырабленай скуры або моцнай тканіны, якая служыць для перадачы руху ад аднаго шківа да другога. Прывадны рэмень.

3. толькі мн. (рамяні́, ‑нёў). Прыстасаванне для ўвязвання і пераноскі ручнога багажу, якое ўяўляе сабой дзве злучэння перамычкай палоскі скуры або моцнай тканіны са спражкамі. А на іншых ложках — яны яшчэ пахлі свежай фарбай, — ляжалі перавязаныя рамянямі клумкі. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́ба, ‑ы, ж.

Абл. Рабрына. Паламаны скабы і крануты лёгкія... З парванымі лёгкімі многа не нахліпаеш... Пташнікаў. / Пра вельмі худую жывёлу. Пасля таго як тут прайшоў фронт, .. [каня].. — адны скабы — калгаснікі падабралі на дарозе. Сабаленка.

скаба́, ‑ы́; мн. ско́бы, ‑аў; ж.

1. Сагнутая паўкругам металічная паласа, якая ўбіта ў што‑н. і служыць для прымацавання чаго‑н., трымання, апоры пры пад’ёме і пад. Спускавая скаба. □ Ціхон сам зрабіў з тоўстага дроту скабу і забіў яе ў шула. Пальчэўскі. Падышоў да краю пляцоўкі, намацаў скобы на вагоннай сцяне і, як па лесвіцы, палез на дах. Карпаў. // Сагнутая пад вуглом жалезная паласа ці дрот, што служаць для сашчаплення якіх‑н. частак. Сашчапленне бярвення скобамі.

2. Разм. Тонкая падковападобная металічная пласцінка, якая набіваецца на абцасы абутку; падкоўка.

•••

Вымяральная скаба — падковападобны інструмент для кантролю размераў дэталей машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)